Медсестра Ушачской ЦРБ Алла Шахновская к профессиональным обязанностям подходит ответственно и старательно

Общество

Ураджэнку Касароў А.В.Шахноўскую па праве можна назваць універсальным спецыялістам. За 40 гадоў прафесійнай дзейнасці на пасадзе медыцынскай сястры ёй даводзілася сутыкацца з “балячкамі” самага рознага профілю, праводзіць дзясяткі відаў маніпуляцый. У прыёмным аддзяленні Ушацкай райбальніцы, дзе зараз працуе, Ала Віктараўна – правая рука дзяжурнага доктара, душа невялікага, аднак дружнага калектыву.

Звязаць сваё жыццё з медыцынай гераіня нашага аповеду марыла з дзяцінства. Узброіўшыся цацачным наборам медабсталявання, неабходныя навыкі “адпрацоўвала” на ляльках. Жаданне дапамагаць людзям з часам толькі крэпла, таму пасля заканчэння 10 класаў Вялікадолецкай школы Ала Віктараўна падала дакументы ў Полацкае медвучылішча і без праблем стала яго студэнткай.

– Калі ў 1981-м прыйшоў час размеркавання, каб быць бліжэй да дома і бацькоў, сама папрасілася ва Ушачы, – расказвае жанчына. – Пачынала працоўную дзейнасць на даволі складаным участку – у тэрапеўтычным аддзяленні райбальніцы, якое ў той час было трохпаставым і магло адначасова змяшчаць да сотні чалавек. Першыя тры гады адказвала выключна за працэдуры – рабіла ін’екцыі, зандзіраванне, ставіла кропельніцы… Так “набіла руку” і стала паставой медыцынскай сястрой. Вось толькі доўга на гэтай пасадзе не затрымалася: выйшла замуж за вайскоўца і ў 1985-м разам з ім паехала на Далёкі Усход, у Амурскую вобласць.

Дарэчы, і там наша зямлячка заставалася вернай абранай прафесіі – працавала ў санчасці, “тэрапіі” і “траўматалогіі” розных бальніц (другую палавіну пераразмяркоўвалі па ваенных частках, таму некалькі разоў даводзілася мяняць месца жыхарства). Калі ж пасля развалу Савецкага Саюза і кар’ера мужа рушылася, на сямейным савеце было прынята рашэнне вярнуцца ў Беларусь. Некаторы час жылі і працавалі ў Наваполацку, Ала Віктараўна – у траўматалагічным аддзяленні гарадской бальніцы.

Лёс падрыхтаваў жанчыне вельмі сур’ёзнае выпрабаванне: рана не стала яе каханага. Тады з маленькай дачушкай яна прыехала ў родныя Ушачы і зноў уладкавалася ў райбальніцу, спачатку – у “тэрапію”, а пасля яго “скарачэння” – у прыёмны пакой.

– Добра памятаю сваё першае дзяжурства на новым месцы, – падзялілася з намі А.В.Шахноўская. – Быў суботні лютаўскі дзень. Ад цішыні і спакою, што панавалі ў аддзяленні, з непрывычкі аж мурашкі беглі па целе. “А пацыенты дзе?” – пыталася ў санітарачкі, што тут працавала не першы год. Тая толькі ўсміхалася: “Радуйцеся: такое бывае не часта!” І сапраўды, падобных спакойных змен – з не больш чым 5 пацыентамі – у маёй практыцы больш не было.

Звычайна за адно дзяжурства да Алы Віктараўны трапляе па некалькі дзясяткаў хворых і каля паўсотні вадзіцеляў, якія праходзяць перадрэйсавы медагляд. У начны і вячэрні час па назначэнні дзяжурнага ўрача яна і кардыяграму пацыенту зробіць, і забор крыві правядзе, і гіпс накладзе. У адсутнасць дыспетчара прымае таксама выклікі па “хуткай”, а калі абедзве брыгады знаходзяцца на выездзе, каардынуе іх рух. Калі ж у экстранных выпадках транспарт толькі адпраўляецца да пацыента, у прыёмным пакоі ўжо выклікаюцца неабходныя спецыялісты, санавіяцыя, рыхтуюцца кабінеты для правядзення рознага віду даследаванняў, рэанімацыя.

У такой рабоце, вядома, без камунікабельнасці, псіхалагічнай устойлівасці, цярплівасці не абысціся. І Ала Віктараўна валодае гэтымі якасцямі! Да кожнага пацыента яна стараецца знайсці падыход – з адным пажартуе, з іншым – трымаецца сур’ёзна.

– Нягледзячы на 40-гадовы працоўны стаж, усё ж перыядычна даводзіцца карыстацца прынцыпам “вочы баяцца – рукі робяць”, – прызнаецца А.В.Шахноўская. – Заўсёды хвалююся, калі да нас трапляюць цяжкія хворыя, дзеці. Але збіраю эмоцыі ў кулак і накіроўваю ўсе сілы на аказанне неабходнай чалавеку дапамогі.

Не адмаўляе ў ёй Ала Віктараўна і сваім знаёмым. Трэба зрабіць укол – калі ласка, дапамагчы змерыць ціск – таксама не праблема. Жанчына, сапраўды, любіць справу, якой займаецца. Нават зараз, у няпросты эпідсезон, калі і колькасць пацыентаў у бальніцы павялічылася, і трэба выконваць свае абавязкі ў сродках аховы (не надта зручных касцюмах, рэспіратарах, шчытках), на работу яна ідзе з радасцю.

Думае пра яе А.В.Шахноўская нават дома (часова “выратоўваюць” хіба што агародніцкія справы ў родных Касарах, кветкаводства, якім захапляецца, веласіпедныя прагулкі і цёплыя пасядзелкі з блізкімі) – абавязкова патэлефануе калегам, пацікавіцца станам пацыентаў, якіх афармляла ў стацыянар.

Адказны падыход да прафесійных абавязкаў, стараннасць медыцынскай сястры высока цэняць у калектыве райбальніцы, таму занясенне прозвішча Алы Віктараўны па выніках работы за 2020 год на раённую Дошку гонару ўсе лічаць стапрацэнтна апраўданым.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *