У суботу Шуміліна прымала сотні гасцей абласнога фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2021”. Галоўнымі героямі на свяце сталі працаўнікі вёскі. Сярод іх былі і прадстаўнікі ўшацкай дэлегацыі, узначаліў якую старшыня райвыканкама Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка.
Традыцыйна правядзенне “Дажынак” дае населенаму пункту нагоду папрыгажэць і ўдасканаліцца, а зробленае застанецца людзям на гады. Не стала выключэннем і Шуміліна, дзе падчас падрыхтоўкі да абласнога свята з’явілася ці было абноўлена каля сотні аб’ектаў. Напрыклад, дзякуючы мадэрнізацыі спіс “школ будучыні” папоўніла СШ №1 гарпасёлка, абнавіліся раённы цэнтр культуры, паліклініка, дзіцяча-юнацкая спартыўная школа алімпійскага рэзерву, гісторыка-краязнаўчы музей. Капітальным і бягучым рамонтам ахоплена больш за 40 шматпавярховак, кардынальна змянілі аблічча цэнтральны парк і асноўныя вуліцы. А на абноўленым стадыёне прайшлі ў суботні дзень і першыя спаборніцтвы – абласная спартакіяда па сілавым мнагабор’і. Волаты Віцебшчыны спаборнічалі ў падыманні гіры, жыме штангі, падцягванні, а таксама ў катанні шыны задняга кола трактара «Беларус».
Сустракалі ж нашу і іншыя дэлегацыі шумілінцы яшчэ за некалькі кіламетраў да эпіцэнтра дзейства – у аграгарадку Мікіціха песнямі і духмянымі караваямі. А візіт непасрэдна ў Шуміліна пачаўся з ускладання кветак да памятных месцаў, у прыватнасці, ушачане паклалі чырвоныя гваздзікі да абноўленага помніка воінам-афганцам.
Адным з самых яркіх момантаў свята стала шэсце працаўнікоў палёў і прадстаўнікоў раёнаў па цэнтральных вуліцах Шуміліна. Дэлегацыі рэгіёнаў сустракалі сотні жыхароў і гасцей райцэнтра. Дарэчы, ушачан шумілінцы віталі вельмі горача і шчыра не толькі па прычыне блізкага суседства, а і таму што Ушацкі раён прыкметна выдзяляўся бела-блакітным колерам, а таксама імправізаванай ракой. Кожную дэлегацыю па традыцыі суправаджалі барабаншчыцы раёна. Фінішнай кропкай шэсця стала цэнтральная плошча, якая на момант правядзення свята пераўтварылася ў канцэртную пляцоўку на тысячу месцаў.
Па традыцыі на галоўнай сцэне фестывалю дажынкавы сноп-2021 уручылі старшыні аблвыканкама Мікалаю Шарснёву. Памочнік Прэзідэнта Валерый Бельскі агучыў прывітанне Прэзідэнта краіны ўдзельнікам фестывалю ў Шуміліна. Аляксандр Лукашэнка выказаў перакананасць, што аграрыям паўночнага рэгіёна з выдатнай прыродай, але “цяжкага” ў частцы гаспадарання на зямлі, па сілах пастаянна павышаць сваю кваліфікацыю, спраўляцца з усімі сур’ёзнымі задачамі, якія стаяць перад АПК.
І пра цяжкасці, і пра поспехі года гаварыў у сваім выступленні кіраўнік вобласці. Аграрыі сабралі 780 тысяч тон збожжа. Выніку, пад які было ўкладзена нямала матэрыяльных выдаткаў і каласальных людскіх намаганняў, не дасягнулі, недабор збожжа склаў 25 працэнтаў. “Так, мы працуем ва ўмовах рызыкоўнага земляробства, – падкрэсліў Мікалай Мікалаевіч, – але прыйшоў час перастаць спасылацца на ўмовы надвор’я. Працу раслінаводчай галіны трэба перабудаваць з улікам максімальнага сыходу ад уплыву надвор’я, не дапускаць напластавання сельгасработ за кошт тэхнічнага пераўзбраення. Пра тое, што рэальна атрымліваць высокі ўраджай, сведчаць вынікі перадавых гаспадарак – “Ларынаўка” Аршанскага раёна (75,4 ц/га), Талачынскі кансервавы завод (48,9 ц/га), “Мазалавагаз” УП “Віцебскаблгаз” (45,9 ц/га), “Шайтарава” Верхнядзвінскага раёна (42,5 ц/га), “Гараны-Агра” Полацкага (42,1 ц/га). А “Віцебская бройлерная птушкафабрыка” забяспечыла валавы намалот больш за 50,3 тысячы тон, апярэдзіўшы па гэтым паказчыку 16 раёнаў вобласці! Больш за палову ўраджаю Прыдзвіння сфарміравалі аграпрамысловыя аб’яднанні. Стратэгія развіцця АПК вобласці ў цэлым – стаўка як на збожжавыя і зернебабовыя, так і крыжакветныя, у тым ліку азімую свірэпіцу. Іміджавай культурай для краіны і рэгіёну з’яўляецца лён. Віцебшчына сёлета прыклала максімум намаганняў для яго своечасовай уборкі і забеспячэння льнокамбіната якаснай сыравінай. У апошнія гады склалася станоўчая дынаміка ў вытворчасці бульбы, дзе лідарства належыць Талачынскаму кансерваваму заводу”.
М.М.Шарснёў падзякаваў працаўнікам сяла за іх самаадданую працу, сардэчна павіншаваў са святам і правёў цырымонію ўзнагароджання тых, хто дасягнгуў найлепшых вынікаў і стаў пераможцам абласнога спаборніцтва. Лепшыя гаспадаркі атрымалі ў якасці падарунка і трактары МТЗ. На жаль, у іх ліку ўшацкіх прадпрыемстваў сёлета не было – складана нашым хлебаробам з нізкай урадлівасцю глебы змагацца за перамогу з аграрыямі раёнаў, дзе экіпажы камбайнераў намалочваюць па 2-3, а то і 4 тысячы тон. Тым не менш, нагода парадавацца ва ўшацкай дэлегацыі была: трактарыст-машыніст КУСГП “Глыбачаны” Аляксандр Малахаў атрымаў Ганаровую грамату камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама за шматгадовую добрасумленную працу і значны асабісты ўклад у развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці, якую яму ўручыў першы намеснік старшыні аблвыканкама А.С.Мацкевіч. “Поўнасцю заслужана! На такіх працаўніках трымаюцца нашы прадпрыемствы. Тым больш што Аляксандр Аляксандравіч сёлета зноў у ліку тысячнікаў!” – радаваўся за падначаленага кіраўнік “Глыбачан” А.В.Ладноў. Падтрымаць жа хлебароба на свята прыехаў асобна сын Станіслаў, які сёлета таксама ўдзельнічаў ва ўборачнай кампаніі. “Ужо не першы раз прымаем удзел у “Дажынках”, цікава паглядзець іншыя раёны, пазнаёміцца з калегамі”, – адзначалі маладыя працаўнікі КУСГП “Вялікадолецкае” Андрэй Смаляк і Віталь Бука. Запомніцца гэты незвычайны выхадны і прадстаўніку “Маяка-Ушацкага” В.А.Алексяёнку, А.М.Цецераву з “Дземенца” і іншым працавітым аграрыям.
Шмат чаго можна было ўбачыць у гэты дзень на вуліцах Шуміліна. Па традыцыі адной з тэматычных пляцовак свята стала выстава сельскагаспадарчай тэхнікі – ад магутных трактароў і збожжа-, кормаўборачных комплексаў, да сучаснага навяснога інвентару, апырсквальнікаў, кормараздатчыкаў і іншых агрэгатаў.
Майстэрства хлебапёкаў можна было ацаніць на выставе дажыначных караваяў, якімі любаваліся і ганаровыя госці, і ўдзельнікі фестывалю. Самы галоўны пяціярусны сімвал хлебасольнага свята ад майстроў Віцебскхлебпрама важыў 100 кілаграмаў! Рыхтаваў кожны раён да свята і дажыначны сноп. Лёгка было знайсці ўшацкі сярод двух дзясяткаў – ён выдзяляўся блакітнымі стужкамі. Вырабілі яго майстры Дома рамёстваў, кіраўніцтва вобласці і высокія госці ацанілі старанні ўсіх раёнаў.
А вось моладзь у гэты дзень засяродзілася на тэматычнай пляцоўцы #МолодаяВитебщина, дзе разгарнуўся «Open air», а кожны жадаючы змог знайсці сабе забаву па гусце. Пазнавальнай для дзяцей і дарослых была пляцоўка ДАІ “За бяспеку разам”, а таксама парк бяспекі “МНС Лэнд”. Дарэчы, працавалі тут і ўшацкія выратавальнікі.
Нашых землякоў можна было сустрэць і на яшчэ адной пляцоўцы “Дажынак-2021” – “Дарогі вайны – Дарогі Перамогі”. Гледачам было прапанавана ўспомніць падзеі, звязаныя з партызанскім рухам на Віцебшчыне, шляхам рэканструкцый з выкарыстаннем макетаў зброі, абмундзіравання, ваенна-палявой кухні, тэматычнай фотазоны і песенна-танцавальнага інтэрактыву. Прадстаўнікі музея народнай славы, раённага цэнтра культуры і раённай бібліятэкі на цэлы дзень арганізавалі тут тэматычны салдацкі прывал.
Паказальныя выступленні, канцэрты, выставы – шмат чаго іншага было ў гэты дзень у гарпасёлку. Гулянні не скараціла нават халоднае надвор’е. Ну а эстафета святкавання абласных “Дажынак” перададзена яшчэ адным нашым суседзям – “Дажынкі-2022” будзе прымаць Глыбокае.
Вольга КАМАРКОВА.
На здымках: М.Шарснёў; намеснік старшыні райсельгасхарча С.Белагрыўцаў і старшыня раённага Савета дэпутатаў Н.Марковіч прымаюць каравай ад гаспадароў свята; А.Малахаў; ушацкія аграрыі падчас святочнага шэсця.