К юбилею Ушачского лесхоза были торжественно открыты обновлённые здания лесничества и лесопункта

Общество Экономика и малый бизнес

Святкаванне Дня работнікаў лесу і 85-гадовага юбілею Ушацкі лясгас распачаў з запамінальных і вельмі знакавых для прадпрыемства падзей – адкрыцця абноўленых аб’ектаў, якія не толькі палепшылі і аблегчылі працу, а і, несумненна, упрыгожылі наш гарпасёлак.

А.Падвойскі, С.Даніловіч.

“Што гэта за цудоўны будынак? Куды дзелася Ушацкае лясніцтва?” – здзіўляўся апошнімі днямі кожны, хто праязджаў па вуліцы Вечальскай міма структурнага падраздзялення лясгаса. Здзіўленне поўнасцю апраўдана, бо гэтае месца проста не пазнаць. Прычым, новым лясніцтва стала ўсяго за некалькі месяцаў! Узведзены ў 1983 годзе будынак летам было вырашана мадэрнізаваць, ад былога засталіся літаральна толькі сцены. Капітальная перапланіроўка, тэраса – кожны ўносіў свае прапановы ў праект. А над пераўвасабленнем шчыравалі ўсе 38 работнікаў лясніцтва. Многія з іх у дзень адкрыцця прызнаваліся, што было цяжка, але гэта таго каштавала! Не пазнаць не толькі сам будынак, а і прылягаючую тэрыторыю: альтанка, дэкаратыўная агароджа, акуратна выкладзеныя прыступкі з аркай, архітэктурныя формы з дрэва.

Да свята былі агучаны вынікі рэйтынгу работы лясніцтваў па Ушацкім лясгасе: тройку прызёраў замкнула Касарское (ляснічы – М.А.Рахманенка), другое месца ў Кубліцкага (В.В.Кальчэўскі), а першае, дарэчы, ужо некалькі год запар, займае Ушацкае (А.С.Падвойскі).

– Звычайна, калі прыходзіць новы кіраўнік, дастаткова часу аддаецца, як кажуць, на раскачку. Але гэта ніяк не пра Ушацкі лясгас. За такі кароткі тэрмін прадпрыемства паказала ўражваючыя вынікі, укладаецца не толькі ў новую тэхніку, а і мадэрнізацыю сваіх аб’ектаў. Па выніках паўгоддзя вы сталі трэцімі ў вобласці, думаю, што ў наступным годзе пераходны кубак будзеце трымаць ужо вы, – адзначыў на ўрачыстым адкрыцці генеральны дырэктар абласнога вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Юрый Іванавіч Заблоцкі, які на наваселле завітаў з каштоўным падарункам – лясніцтву быў перададзены сучасны камп’ютар.

Як справядліва дадаў старшыня райвыканкама Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка, лясніцтва выглядае вельмі дастойна, хутка ўшачане будуць імкнуцца зрабіць фотасесіі не толькі ў дэндрапарку, а і на фоне такога прыгожага будынка.

Пасля пераразання чырвонай стужкі сімвалічны ключ быў перададзены ляснічаму Андрэю Сяргеевічу Падвойскаму. А як было і як стала – можна было пабачыць на спецыяльна падрыхтаваным стэндзе падчас знаёмства з новенькім будынкам.

М.Дуброўскі, І.Пішчык, В.Кальчэўскі.

Дарэчы, не памылімся, калі скажам, што ўшачанам нават пачынаюць зайздросціць калегі з іншых рэгіёнаў: ужо ў панядзелак ва Ушацкае лясніцтва на экскурсію прыязджалі полацкія лясгасаўцы.

Яшчэ адна чырвоная стужка ў пятніцу была ўрачыста перарэзана і на мадэрнізаваным будынку лесапункта – стары таксама ўжо патрабаваў істотнага абнаўлення. І зараз тут створаны выдатныя ўмовы для працаўнікоў, а каля яго і на вытворчай тэрыторыі з’явіўся новы асфальт. А ў падарунак – таксама новы камп’ютар.

– Трэба рухацца наперад, гэта толькі пачатак, на восень і наступны год ужо запланавана абнаўленне яшчэ шэрагу аб’ектаў, гэта ўсё для нас з вамі. Дзякуй вам за старанні і працу, – падкрэсліў дырэктар лясгаса Сяргей Аляксандравіч Даніловіч.

Шмат святочных мерапрыемстваў пабачыла зала раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, але настолькі дынамічнага і інтэрактыўнага, напэўна, яшчэ не было: справа ў тым, што ў гэты вечар на сцэну ўзнялася лічы што палова запоўніўшых памяшканне людзей. У лясной гаспадарцы цэняць і шануюць сваіх работнікаў, і да свята вельмі многія былі адзначаны ўзнагародамі рознага ўзроўню. І не менш прыемнымі за граматы, падзякі і кветкі былі цёплыя і шчырыя словы кіраўніка прадпрыемства, які прызнаўся, што яму пашчасціла ўзначаліць такі дастойны працавіты калектыў.

Ю.Заблоцкі ўручае падарунак начальніку лесапункта В.Сіцько.

Ушанаванне перадавікоў распачаў галоўны інжынер Віцебскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання В.Ю.Лук’янец. Нагрудныя знакі адрознення “10 гадоў бездакорнай службы ў дзяржаўнай лясной ахове Рэспублікі Беларусь” ён уручыў галоўнаму ляснічаму Ушацкага лясгаса Аляксею Мікалаевічу Апёнку, інжынеру па паляўнічай гаспадарцы Аляксею Мікалаевічу Скарабагатаму, памочніку ляснічага Касарскога лясніцтва Вользе Паўлаўне Рахманенка, лесніку Ушацкага вопытна-вытворчага лясніцтва Івану Іванавічу Шарко, падобны знак за 20 гадоў службы з’явіўся ў ляснічага Сарочынскага лясніцтва Сяргея Міхайлавіча Ільюшэвіча. Галоўны механік лясгаса Васіль Уладзіміравіч Рудзёнак і вадзіцель аўтамабіля на вывазцы лесу Пётр Іванавіч Палонскі атрымалі Падзякі Міністра лясной гаспадаркі. Эканаміст Таццяна Барысаўна Лясовіч і начальнік аддзела лясной гаспадаркі і лесааднаўлення Аляксандр Васільевіч Цішкоў – Ганаровыя граматы аб’яднання, а Падзякі яго дырэктара ўдастоены ляснічыя Ушацкага і Плінскага лясніцтваў Андрэй Сяргеевіч Падвойскі і Аляксандр Станіслававіч Баратынскі, начальнік дрэваапрацоўчага цэха Аляксандр Сцяпанавіч Шасцярэнь, электрагазазваршчык Уладзімір Уладзіміравіч Жаваранак і станочнік Уладзімір Іванавіч Ярмош. Узняліся на сцэну і работнікі, якія атрымалі свае ўзнагароды на ўрачыстым мерапрыемстве ў Віцебску, – і для агульнага памятнага фота ўсім давялося выстройвацца ў два рады.

Гэтую акалічнасць падкрэсліў на пачатку свайго прывітальнага слова старшыня райвыканкама У.Г.Аўдошка: “Для вас, герояў свята, сёння малавата нават галоўная сцэна раёна! І гэта нядзіўна. Лясгас заўсёды быў на віду, і вельмі прыемна, што 85-годдзе вы сустракаеце на ўздыме!” Уладзімір Генадзьевіч прывёў красамоўную лічбу: калі летась лясгасаўцы накіравалі ў раённы бюджэт 70 тысяч рублёў, то сёлета – 552 тысячы!

Гучалі на свяце і прозвішчы тых, хто ўнёс значны ўклад у развіццё прадпрыемства: Мікалая Дарафеевіча Бабаедава, Тома Іванавіча Пугачова, Мікалая Іванавіча Правады, Надзеі Паўлаўны Вішанковай, Васіля Дзмітрыевіча Маркаўца, Мікалая Васільевіча Хамічонка, Алега Сцяпанавіча Рахманенкі, порцыю заслужаных апладысментаў атрымаў Пётр Пятровіч Качан, які аддаў лясгасу амаль 40 год. “Калі б бацька быў жывы, ён бы вельмі парадаваўся сённяшнім поспехам прадпрыемства!” – зазначыў са сцэны сын былога дырэктара лясгаса Мікалай Мікалаевіч Бабаедаў. Шчырай і пранікнёнай была прамова Ганаровага лесавода Аляксандра Паўлавіча Рудасава, які прыгадаў падзеі 1997-2013 гадоў, калі ён узначальваў прадпрыемства. Гэта быў час лёсавызначальных рашэнняў, але заўсёды ён кіраваўся галоўнай запаведдзю прафесіі: не нашкодзіць лесу. “Калі ў пачатку 70-х я вучыўся ў Полацкім лясным тэхнікуме – установа якраз адзначала 50-годдзе, сёлета ж яна справіць векавы юбілей і па-ранейшаму прыцягвае ў свае сцены жадаючых прысвяціць жыццё лясной справе”, – канстатаваў ветэран працы.

С.Драгун.

Два з паловай дзясяткі работнікаў розных спецыяльнасцяў атрымалі граматы прадпрыемства і Падзякі яго дырэктара. А дзвюм прыгожым жанчынам – галоўнаму бухгалтару лясгаса Святлане Сцяпанаўне Драгун і памочніку ляснічага Ушацкага лясніцтва Вікторыі Віктараўне Собаль, дні нараджэння якіх прыпалі якраз на гэту дату, былі паднесены раскошныя букеты.

А.Рудасаў.

Увогуле на свяце кветак і падарункаў было вельмі шмат. Працягнулася добрая традыцыя папаўнення ў гонар адметных дат аўтапарка прадпрыемства: ключы ад МАЗа-сартыментавоза атрымаў вадзіцель Максім Леанідавіч Дуброўскі, ад аўтамабіля УАЗ 390945 – ляснічы Глыбачанскага лясніцтва Артур Пятровіч Арцюх, ад трактароў “Беларус 622” і “Беларус МУЛ 1221” – начальнік лесапітомніка Іван Мікалаевіч Пішчык і ляснічы Кубліцкага лясніцтва Вадзім Васільевіч Кальчэўскі. Шчырыя віншаванні і каштоўныя падарункі падрыхтавалі да юбілею лясгаса начальнік Цэнтра банкаўскіх паслуг ААТ “Белаграпрамбанк” №237 у г.п.Ушачы Д.М.Садоўская, дырэктар прадстаўніцтва закрытага акцыянернага страхавога таварыства “ТАСК” у г.Віцебск А.К.Казючыц і кіраўнік цэнтра па аказанні страхавых паслуг у г.Лепель В.Г.Завадскі.

У сваю чаргу, і само прадпрыемства падрыхтавала прэзенты для ўсіх, хто выходзіў на сцэну з віншаваннямі ў яго адрас. Не забыліся лесаводы і пра тых, хто заўсёды плённа супрацоўнічае з арганізацыяй у сферы, не звязанай з вытворчасцю: Падзякі і кветкі былі ўручаны галоўнаму рэдактару раённай газеты “Патрыёт” Вользе Віктараўне Камарковай і дырэктару раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Валянціне Уладзіміраўне Літвін. Дарэчы, апошняя ўстанова грунтоўна падышла да падрыхтоўкі святочнага канцэрта, парадаваўшы работнікаў не толькі якаснымі музычнымі нумарамі, а і спецыяльным відэафільмам, у якім лясгасаўцы розных падраздзяленняў адрасавалі з экрана калегам цёплыя віншаванні і пажаданні. Ну а падчас святочнага вечара, які арганізавалі работнікі філіяла аблспажыўтаварыства, забаўляльную праграму для юбіляраў ладзілі сталічныя артысты. Завяршыўся святочны марафон прыгожым феерверкам.

Вольга КАМАРКОВА, Наталля БАГДАНОВІЧ.



1 комментарий по теме “К юбилею Ушачского лесхоза были торжественно открыты обновлённые здания лесничества и лесопункта

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *