Ушачскому лесхозу — 85 лет!

Общество

Паважаныя працаўнікі і ветэраны лясной галіны!

Віншую вас з прафесійным святам і 85-годдзем Ушацкага лясгаса.

Лясная гаспадарка – гэта спрадвечная справа нашых продкаў. Сваёй нястомнай працай вы ўносіце важкі ўклад у развіццё галіны, значэнне якой для эканомікі нашага раёна цяжка пераацаніць. Вы выконваеце важную місію: зберагаеце для нашчадкаў лес – адно з галоўных багаццяў Беларусі.

Працаваць у вашай сферы вельмі няпроста, аднак лясная гаспадарка Ушаччыны заўсёды славілася прафесіяналамі, у лясгасе нямала дынастый, прыходзіць дастойная моладзь.
Дзякуй вам за адданасць абранай справе, моцнага здароўя і сямейнага дабрабыту. Год ад году цягнуцца ў вышыню маладыя дрэвы, дык няхай прырастаюць і вашы поспехі на карысць малой радзімы і ўсёй нашай краіны.

Старшыня Ушацкага раённага выканаўчага камітэта У.Г.АЎДОШКА.

 

Уважаемые работники и ветераны лесного хозяйства!

Ушачскому лесхозу исполняется 85 лет. За этот период много достойных, важных и нужных дел сделано нашими людьми, которые в разные годы трудились на благо лесхоза. Выражаю особую признательность ветеранам отрасли, которые служат эталоном профессионального мастерства. В преддверии такого знаменательного события хочется отметить, что и сегодня в лесхозе достойно продолжаются славные традиции старших поколений.

В нашем коллективе работают грамотные, глубоко преданные своему делу люди. Благодаря их трудолюбию, старанию, энтузиазму сохраняются и преумножаются лесные богатства, обеспечивающие комплексное и высокоэффективное использование лесных ресурсов ушачского края.

Желаю всем крепкого здоровья, неисчерпаемых жизненных сил и энергии, удачи и осуществлении планов, успехов в созидательном труде!
Директор Ушачского лесхоза

Сергей Александрович Данилович.


 

Каб шумелі бары і дубровы

37 гадоў прысвяціў лесу ляснік Плінскага лясніцтва Віктар Леанідавіч Казлоўскі (на здымку). Сёлетняе ж прафесійнае свята можна назваць асаблівым у працоўнай кар’еры: яго стараннасць, вернасць справе адзначана высокай узнагародай – нагрудным знакам Міністэрства лясной гаспадаркі “30 гадоў бездакорнай службы ў дзяржаўнай лясной ахове Рэспублікі Беларусь”. Да слова, сёння ён адзіны ўладальнік гэтага знака адрознення ва Ушацкім лясгасе, а ў вобласці яго маюць усяго 8 чалавек. Узнагароду Віктару Леанідавічу ўручылі ў аўторак на ўрачыстым мерапрыемстве, якое прайшло ў канцэртнай зале “Віцебск”.

На высокім узроўні былі адзначаны і іншыя работнікі Ушацкага лясгаса. Ганаровая грамата Міністэрства лясной гаспадаркі ўручана вальшчыку лесу Ушацкага лясніцтва Міхаілу Віктаравічу Карабаню і галоўнаму бухгалтару прадпрыемства Святлане Сцяпанаўне Драгун, у якой, дарэчы, сёлета прафесійнае свята супала з 55-гадовым юбілеем. Грамату Міністэрства атрымаў машыніст тралёвачнай лесанарыхтоўчай машыны Аляксандр Мікалаевіч Захарэнка. А дырэктару Ушацкага лясгаса Сяргею Аляксандравічу Даніловічу на абласным свяце была ўручана Ганаровая грамата Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў.

 

З чаго ўсё пачыналася

1984 год, на пасадцы лесу.

Ушацкі лясгас – адно са старэйшых прадпрыемстваў раёна. Першыя лясніцтвы з’явіліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі яшчэ ў 19 стагоддзі. У 1869 годзе Мінская губерня падзялялася на 25 лясніцтваў, у ліку якіх было Докшыцкае. У склад яго ўваходзіла Вялікадолецкая воласць – зараз аднайменнае лясніцтва Ушацкага лясгаса. У 1936-м было арганізавана Беларускае ўпраўленне лясной аховы і лесанасаджэнняў, у тым жа годзе створаны Ушацкі лясгас, які займаў плошчу 29779 гектараў. У яго склад уваходзіла 4 лясніцтвы: Глыбачанскае, Плінскае, Ушацкае і Вялікадолецкае. Апошняе займала 15291 гектар – большую палову ўсёй тэрыторыі, таму для эфектыўнасці вядзення гаспадаркі ў 1949-м было арганізавана Весніцкае лясніцтва, але ліквідавана Глыбачанскае, якое адноўлена ў жніўні 1960 года.

Пасля аднаўлення раёна ўгоддзі пашырыліся да 32,4 тысячы гектараў. У склад увайшлі 5 лясніцтваў: Вялікадолецкае, Весніцкае, Глыбачанскае, Плінскае і Ушацкае. У маі 1969 года арганізавана Кубліцкае лясніцтва, а Весніцкае перайменавана ў Касарское, па месцы знаходжання канторы.

1989 год, у Касарскім лясніцтве.

Канчаткова сучасная структура нашага лясгаса склалася 31 студзеня 2000 года, калі загадам Мінлясгаса на базе кварталаў Ушацкага і Глыбачанскага лясніцтваў і прынятых на баланс у 1998-1999 гадах былых зямель гаспадарак арганізавана сёмае лясніцтва – Сарочынскае.

Зараз плошча лясгаса складае 73,5 тысячы гектараў, з іх 65,1 пакрытая лесам.

 

Як нараджаюцца дрэвы

Бухгалтар лясгаса Н.Селявёнак на “Тыдні лесу-2021”.

З чаго пачынаецца лес? Канечне, хочацца сказаць – з шышак. Усё насенне лесаводы бяруць з прыроды: збіраюць не толькі шышкі, а і насенне іншых парод. Напрыклад, сёлетні гадавы план елкі еўрапейскай 115 кілаграмаў, дуба – 40, а бярозы – 5. Насенне апрацоўваецца, сушыцца, а калі наступае час, сеецца ў пітомніку. Тут не менш карпатлівая работа. За дрэвамі старанна сочаць: каранёвай сістэме трэба месца для развіцця (інакш дрэва не акрэпне), глеба павінна быць дастаткова ўвільготнена. Падрыхтоўка саджанцаў да “пераезду” ў лес займае ад аднаго да пяці гадоў. Усё залежыць ад пароды: лісцевыя (бяроза, алешына, дуб) растуць хутчэй, іх можна ­высаджваць ужо праз год. Елкі растуць даўжэй – у цяпліцах і адкрытым грунце іх саджанцы знаходзяцца яшчэ два-тры гады. Да слова сказаць, пітомнік лясгаса ўжо каторы год поўнасцю забяспечвае ўласную патрэбу ў саджанцах. Сёлета пасаджана 137,6 гектара новага лесу, пры тым што гадавы план складае 135 га. А яшчэ ў гэтым сезоне дапоўнена 325 гектараў лясных культур. Дапаўненне лесу – гэта працэс, пры якім высаджваецца новае дрэва замест загінуўшага. Такое адбываецца з-за таго, што дрэвы ў прыродзе могуць захварэць, быць пашкоджаны шкоднікамі або ўсохнуць.

 

Шануюць ветэранаў

Ветэран лясгаса В.І.Бабаедава.

У даваенны час дырэктарам лясгаса з’яўляўся Захар Пятровіч Тамашэвіч. Пасля вызвалення тэрыторыі раёна прадпрыемства ў розныя часы ўзначальвалі Павел Іванавіч Пашута, Іван Іванавіч Пудаў. З 1961 па 1969 гады лясгасам кіраваў Міхаіл Барысавіч Казлоўскі, а пасля яго на працягу дваццаці васьмі гадоў – Мікалай Дарафеевіч Бабаедаў, заслужаны лесавод БССР. Менавіта ў гэты час інтэнсіўна ішло развіццё механізацыі вытворчых працэсаў, абнаўленне і нарошчванне матэрыяльна-тэхнічнай базы прадпрыемства. Дастаткова сказаць, што ў першую пяцігодку незалежнасці краіны менавіта ўшацкія лесарубы аднымі з першых сталі выкарыстоўваць пры рабоце новыя бензапілы замежнай вытворчасці. Значны ўклад у развіццё прадпрыемства ўнёс Аляксандр Паўлавіч Рудасаў, які быў дырэктарам са жніўня 1997 года па красавік 2013, атрымаўшы за час працы званне ганаровага лесавода Рэспублікі Беларусь. Пасля яго непрацяглыя тэрміны гэту пасаду займалі Міхаіл Мікалаевіч Лёля, Сяргей Паўлавіч Лапатка, Віктар Іванавіч Палынскі.

Інжынер па лесааднаўленні і меліярацыі М.Маршалкіна віншуе Г.В.Данішэўскага.

Трэба адзначыць, што ў лясгасе памятаюць не толькі кіраўнікоў. Дзякуючы самаадданай працы знакавымі фігурамі для калектыву сталі многія яго работнікі. Да юбілейнай даты 80 ветэранаў арганізацыі атрымалі віншавальныя паштоўкі ад прадпрыемства, а таксама матэрыяльную дапамогу ў памеры 100 рублёў. Да кожнага на працягу апошніх двух тыдняў завіталі з віншаваннямі маладая змена калектыву, ляснічыя лясніцтваў, кіраўніцтва.

 

Для выгод людзей

Машыніст тралёвачнай машыны А.Захарэнка.

Лес, як і чалавек, мае свой узрост, спеласць, пры дасягненні якой будзе адбывацца страта лесаўтваральных функцый і таварнай якасці. Гэта працэс натуральнага старэння, а таму зразумела, што пастаянна вядуцца высечкі. Сёлета за паўгода аб’ём лесанарыхтовак дасягнуў 75,4 тысячы кубаметраў пры запланаваных 71,5. Штодня на дзялянках шчыруюць як вальшчыкі лесу, так і высокапрадукцыйная тэхніка. Толькі за апошні год тэхнічны парк лясгаса папоўніўся сучаснымі харвестарам, фарвардарам, сартыментавозамі, апошнія дастаўляюць лесаматэрыялы як на ўласную перапрацоўку, так і на ўчастак пагрузкі вагонаў на чыгуначнай станцыі “Ксты” ў Полацку, адкуль ушацкі лес адпраўляецца такім вядомым вытворцам, як ТАА “Кранаспан”, “ВМГ Індустры”, ААТ “Віцебскдрэў”, “Барысаўскі шпалапрапітачны завод” і іншым.

2021 год, сучасны харвестар за работай.

 

І лес трэба лячыць

Мала пасадзіць лес – трэба яго даглядаць і ахоўваць. Лесапаталагічны стан фонду залежыць ад многіх фактараў – ветру, тэмпературы, узроўню грунтовых вод, снегавалаў і іншага. Аслабленыя дрэвы могуць засяліць шкоднікі. Пастаянна праводзяцца агляды і даследаванні, а для паляпшэння стану насаджэнняў санітарныя рубкі, летась яны ахапілі 372 гектары, на 67-мі гектарах былі праведзены аздараўляльныя мерапрыемствы. У бягучым годзе ад разгулу стыхіі пацярпела 31,4 га лесу, ад караеда-тыпографа – 0,8, ад вяршыннага – 2,1 гектара, усе ачагі ліквідаваны.

Інжынер па ахове і абароне лесу І.Шугалей, галоўны ляснічы А.Апёнак.

Абараняць лес трэба і ад пажараў, сёлетні год у гэтым плане выдаўся нялёгкім – некалькі разоў уводзіліся абмежаванні і забароны на наведванне лесу, а работнікі адпаведнай службы працавалі ва ўзмоцненым рэжыме. Але не толькі ад пажараў і лясных шкоднікаў даводзіцца ахоўваць зялёнае багацце раёна – наносіць яму шкоду і насельніцтва. У асноўным людзі парушаюць заканадаўства незаконнымі высечкамі лесу, утварэннем стыхійных сметнікаў. На папярэджанне такіх фактаў былі накіраваны 140 сёлетніх рэйдаў, на дапамогу ў гэтым плане прыходзяць сучасныя тэхналогіі.

 

На адпачынак і за каштоўным трафеем

У дэндрапарку.

Ушацкі лясгас сочыць і за паляўнічай гаспадаркай, якая размясцілася на 29 тысячах гектараў. Тутэйшыя лясы багатыя на трафейную дзічыну – лася, аленя, казулю, глушца, цецерука і іншых жывёл і птушак. Акрамя мясцовых паляўнічых, ва ўшацкія лясы з задавальненнем прыязджаюць і замежныя грамадзяне, больш за ўсё з Расіі. Канечне, колькасць такіх турыстаў за апошні час знізілася з-за эпідэміялагічнай сітуацыі. Тым не менш, за 2020-ы даходы ад паляўнічай дзейнасці склалі каля 20 тысяч рублёў.

Той, хто хоць раз пабываў у паляўнічым комплексе ў Мірным на беразе маляўнічага Ветча, хоча абавязкова вярнуцца сюды яшчэ.

На паляванні ва ўгоддзях лясгаса.

Трэба адзначыць, што лясгасаўцы не толькі арганізуюць паляванне, а і клапоцяцца пра жывёл – на тэрыторыі паляўнічай гаспадаркі маецца 13 падкормачных пляцовак.

Прыгадваючы ж пра адпачынак, недаравальна прамаўчаць, які цудоўны дэндрапарк створаны лясгасам на тэрыторыі Ушацкага лясніцтва. У гэтага аблюбаванага ўшачанамі месца таксама сёлета юбілей: роўна 10 гадоў таму тут былі закладзены першыя дрэвы.

 

Кубаметры поспеху

Ляснічы Кубліцкага лясніцтва В.Кальчэўскі.

За апошні год лясгас зрабіў вялізны крок наперад па ўсіх накірунках дзейнасці – ад пасадак лесу да абнаўлення і мадэрнізацыі тэхнічнага парку. Напрыклад, у 2020 годзе выручка склала 9044 тысячы рублёў, а гэта 137% да плана і 188,3% да ўзроўню мінулага года. Прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі склаў 1619 тысяч рублёў, пры гэтым рэнтабельнасць дасягнула 21,8%. Павялічаны аб’ём экспарту піламатэрыялаў і шчапы: 1395,4 тысячы долараў ЗША (257% да ўзроўню мінулага года). Сёлета за паўгода выручка ад рэалізацыі работ, паслуг пры плане 4950 тысяч рублёў склала ўжо 7843. Павялічыўся і экспарт – за паўгода 1215,4 тысячы. Па гэтых і іншых паказчыках сацыяльна-эканамічнага развіцця лясной гаспадаркі ў абласным рэйтынгу Ушацкі лясгас заняў трэцяе месца сярод 19 лясгасаў. А Кубліцкае лясніцтва па выніках абласнога спаборніцтва за паўгоддзе 2021-га заняло трэцяе месца са 147 лясніцтваў вобласці.

 

Кіпіць работа ў цэху

План экспарту ў 500 тысяч долараў за паўгода перавыкананы ў два разы. У многім гэта стала магчымым дзякуючы ўласнаму дрэваапрацоўчаму цэху, які запрацаваў паўтара гады таму ў Градзянцы ў памяшканнях былога “Райаграсэрвіса”. З моманту запуску тут удасканальвалася ўсё – ад абсталявання да ўмоў працы і адпачынку работнікаў. Кругляк сюды паступае з усіх лясніцтваў раёна, новая лінія лясгаса аўтаматызаваная і настроена на поўны цыкл апрацоўкі драўніны: адначасова працуюць брусуючы, мнагапільны, кантаабразны і тарцовачныя станкі. Апошні, дарэчы, шасціпільны, што дазваляе адразу выпускаць пяць відаў дошкі. План вытворчасці піламатэрыялаў ужо таксама перавыканалі – 5,8 тысячы кубаметраў. Прыбытак, атрыманы ад рэалізацыі піламатэрыялаў на экспарт, якраз і дазваляе ўкладаць сродкі ў мадэрнізацыю вытворчасці: абнаўляць аўтапарк, набываць лесагаспадарчую тэхніку, а таксама павялічваць заработную плату.

 

Дружныя і ў працы, і ў спорце

Лясгас актыўна ўдзельнічае ва ўсіх раённых і галіновых мерапрыемствах – ці гэта конкурс прафесійнага майстэрства, ці спартыўнае спаборніцтва. У станоўчых жа выніках дзейнасці лясгаса заслуга як кіраўніка прадпрыемства С.А.Даніловіча, так і спецыялістаў, усіх работнікаў згуртаванага калектыву, а іх на сённяшні дзень 340. Кожны працаўнік (пры адсутнасці парушэнняў дысцыпліны) атрымаў да свята адзіначасовую выплату ў памеры 100 рублёў і каштоўныя падарункі ад прадпрыемства і прафсаюзнай арганізацыі.

Апісаць няпростую справу кожнага і вылучыць лепшых нават такім вялікім артыкулам немагчыма. Адно можна сказаць дакладна, што ўсе стараюцца і шчыруюць, каб новая старонка гісторыі была адметнай, прадукцыйнай, запамінальнай.

Падрыхтавала В.КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *