Артыкул пра камбайнера філіяла “Маяк-Ушацкі” Сяргея Сяргеевіча Аўдошку мы запланавалі, калі ўслед за ільюшынскім перадавіком Анатолем Спірыдзёнкам ён пераадолеў грасмайстарскую планку тысячнага намалоту. Вось толькі калі ў кругавароце газетных спраў выбралі час, каб паехаць да яго на поле, у графе працэнтаў убраных гаспадаркай плошчаў зерневых і зернебабовых ужо значылася лічба 100. Але нам пашанцавала – дамалаціўшы свае палеткі, механізатар накіраваўся на дапамогу суседзям, якія таксама ўваходзяць у Полацкае аграпрамысловае аб’яднанне: у сярэдзіне мінулага тыдня ўбіраў на ільюшынскіх палях канюшыну і зернесумесь, а ў пятніцу дамалочваў апошнія ўчасткі вялікадолецкага ячменю ля Судзілавіч.
Канечне, вельмі спакусліва было журналісту аказацца ўнутры рэдкага для нашага раёна “Нью-Холанда” – і камбайнер у гэтай просьбе не адмовіў.
– Быццам атракцыён у парку адпачынку! – на такія асацыяцыі навялі шкляная капсула кабіны, плаўны “касмічны” ход, мігценне дысплэя ды лямпачак.
– Ну, з адпачынкам гэта машына дакладна не звязана! – пажартаваў у адказ Сяргей Сяргеевіч.
– Моцна стаміліся за лета?
– А вы як думаеце?…
Настрой у камбайнера быў супярэчлівы: з аднаго боку, натхняў сваёй блізкасцю фініш самай напружанай аграрнай пары, а з другога, убіраць на “Нью-Холандзе” няроўнае поле з зусім сціплымі каласкамі – такое сабе задавальненне. Некаторыя, напэўна, думаюць, што імпартная высокапрадукцыйная тэхніка адразу дае камбайнеру істотную фору перад калегамі, што працуюць на “Палессях”. Нездарма ж яе вылучаюць у асаблівы залік на раённых спаборніцтвах. Бясспрэчна, ёсць у чорна-жоўтага “бельгійца” перавагі: суперкамфортная кабіна і зручнае камп’ютарызаванае кіраванне, “фірменныя” сістэмы – напрыклад, мацаванне жняяркі, якое паўтарае рэльеф поля і падтрымлівае пастаянную вышыню зрэзу. Каб памяняць пашкоджаны сегмент нажа (а яны мацуюцца балтамі) дастаткова 10-15 хвілін. Яшчэ менш часу спатрэбілася Сяргею, каб аднавіць касу жняяркі, якая раптоўна парвалася ў ходзе нашай размовы. Але тут дарэчы будзе прыгадаць і зваротны бок медаля: на дробнаконтурных ушацкіх палях “Нью-Холанд” адчувае сябе не надта камфортна. Летась сур’ёзная няспраўнасць абярнулася для механізатара двухтыднёвым прастоем – шмат часу пайшло на заказ і дастаўку неабходных запчастак. Пэўныя праблемы былі і сёлета: выйшаў са строю шкіў прываду нахільнай камеры, аднак дэталі аператыўна даставілі з сэрвіснага цэнтра, а ўхіліць паломку камбайнер змог самастойна.
З тэхнікай Сяргей сябруе з маладосці: пасля заканчэння школы ў філіяле вучылішча на базе саўгаса “Ушацкі” атрымаў правы на ўсе механізатарскія катэгорыі. Распачаў кар’еру ў прыгаданай гаспадарцы, потым даволі працяглы час працаваў у дарожнай службе, дзе быў адным з лепшых работнікаў, ну а зараз вярнуўся ў складаную і высакародную сельгасвытворчасць. Актыўна задзейнічаны ва ўсіх працэсах: вясной на МТЗ-1221.3 узворваў глебу, у час корманарыхтоўкі перасеў на КВК-800, але прызнаецца, што жніво для яго – пара асаблівая. “Ведаеце, як прыемна было малаціць азімае жыта ля Пліна: з 25-гектарнага поля атрымалі 87 тон. Вось бы ўсе палеткі былі такімі!” – разважае камбайнер.
А яшчэ дзеліцца планамі на водпуск. У першыя яго дні, напэўна, будзе проста адпачываць ад знясільваючага лета, калі працоўны дзень на тым жа жніве часам заканчваўся амаль апоўначы. А потым, канечне, на рыбалку. Калі працаваў у дарожным прадпрыемстве, любімаму захапленню прысвячаў амаль усе выхадныя, лічыў дні да адкрыцця сезону пасля вясенняй забароны, ну а ў “Маяку-Ушацкім” пра гэта давялося забыцца – і пра выхадныя (іх за ўсё лета выдалася можа дні тры), і пра вудачкі. Дарэчы, мог бы стаць Сяргей і добрым паляўнічым – гэтай справе ў дзяцінстве вучыў тата, але не ляжыць душа да знішчэння жывёл. Насупраць: заўсёды вельмі пільна сочыць, каб пад касу ці плуг не трапіла якая істота. Кажа, што асабліва шмат жыўнасці спаткаў сёлета ў жыце ля Бярозак: неаднойчы прыпыняў камбайн, каб маладыя козачкі паспелі пакінуць фарватар “карабля палёў”.
– А вось тут зусім нядаўна ляжалі маленькія дзікі пасля купання ў тым ручаі.
– Вы гэта на ўласныя вочы бачылі?
– Не, канечне, па слядах зразумеў: тут трава прымятая, а там адбіткі капытаў – хіба вы не заўважылі?..
…Разумная машына тым часам праінфармавала, што трэба высыпаць бункер – а да камбайна якраз пад’язджаў МАЗ. Падарожжа па апошніх палетках сёлетняга жніва падыходзіла да заканчэння. А значыць – камбайн-“атракцыён” хутка зойме сваё месца на мехдвары. А яго гаспадар тым часам перасядзе на трактар і будзе дбаць ужо пра тое, каб “бельгійцу” было што ўбіраць наступным летам.
Наталля БАГДАНОВІЧ.