Физиотерапевтическое отделение Ушачской ЦРБ — самое востребованное место у пациентов

Здравоохранение Общество

Фізіятэрапеўтычнае аддзяленне Ушацкай ЦРБ – запатрабаванае месца як у пацыентаў стацыянару, так і ў амбулаторных хворых. Працэдуры, якія тут можна атрымаць, – добрая падтрымка асноўнаму лячэнню, а яшчэ – выдатная прафілактыка і рэабілітацыя. Падрабязней пра іх мы папрасілі расказаць урачафізіятэрапеўта Вольгу Аляксееўну ШАЎЧЭНКА.

Працэдуру біяптронтэрапіі праводзіць старшая медсястра Т.Станевіч.

– Фізіятэрапеўтычнае лячэнне шырока прымяняецца ў барацьбе з рознымі паталогіямі – працэдуры паскараюць зажыўленне ран, сцішаюць боль, актывізуюць імунітэт, папярэджваюць рэцыдывы хранічных захворванняў. Як і ва ўсякага іншага метаду медыцынскага ўздзеяння, ёсць у іх і пэўныя супрацьпаказанні, таму папярэдне трэба пракансультавацца з урачом. Заўважу таксама, што гарантаваная меддапамога аказваецца на бясплатнай аснове. Калі ж паказанняў і скаргаў у пацыента няма, але ён хоча атрымаць працэдуру, а стан здароўя не супярэчыць, можна зрабіць гэта платна.

– Напэўна, самай запатрабаванай ва ўшачан працэдурай з’яўляецца масаж?

– Так. Прычым, як ручны, так і апаратны. Для правядзення апошняга закуплена адмысловая сістэма “Дзюзон-7000”, якую многія называюць масажнай кушэткай. Гэты метад лячэння заключаецца ў выкарыстанні апаратнага тэрмамасажу спіны, ягадзічнай вобласці, падоўжнага выцяжэння пазваночніка, а таксама кропкавага масажу, прагравання інфрачырвоным выпраменьваннем. Падыдзе пацыентам з захворваннямі нервовай, бронха-лёгачнай і сардэчна-сасудзістай сістэм, апорна-рухальнага апарату, скуры, органаў стрававання. Кошт адной працэдуры складае зараз 4,19 руб.

Для прафілактыкі і лячэння хранічнай вянознай недастатковасці, варыкознай хваробы вен, тромбаўтварэння, ацёчнасці ног прапануем пнеўмакампрэсійную тэрапію. Гэты метад заснаваны на стымуляцыі лімфа- і кроваадтоку з ніжніх канечнасцяў праз кампрэсію. Адзін такі сеанс замяняе ажно 20 працэдур ручнога масажу! А адчуванне лёгкасці ў нагах, аблягчэнне сімптомаў наступаюць ужо пасля першага сеансу. Яго кошт – 3,41 руб.

Фізіятэрапеўтычнае аддзяленне ва Ушацкай ЦРБ функцыянуе з моманту ўводу бальніцы ў эксплуатацыю. У 2017 годзе тут праведзены капітальны рамонт, арганізавана работа 6 кабінетаў: для электра-, святло- і цеплалячэння, масажу і ЛФК, інгаляторый.

– Што яшчэ карыстаецца асаблівым попытам?

– Па-першае, гэта біяптронтэрапія, ці лячэнне святлом (інфрачырвоным і ультрафіялетавым). Такім чынам стымулююцца метабалічныя працэсы, умацоўваецца ахоўная сістэма арганізму, зажыўляюцца раны, суцішаецца боль. Кошт працэдуры – 1,75. Назаву таксама парафіналячэнне. Такі прадукт перагонкі нафты аказвае рассмоктвальнае, супрацьзапаленчае, антыспастычнае (расслабляе гладкую мускулатуру органаў, здымае спазмы) уздзеянне, паляпшае крова- і лімфадрэнаж у тканках (3,49 руб). Ну і ўсім знаёмае лячэнне з дапамогай электрычнасці, а канкрэтна электрафарэз, гальванізацыя, ампліпульстэрапія, дзіядзіянатэрапія. З дапамогай іх можам накіраваць лекавы сродак дакладна ў тое
месца, дзе яго дзеянне асабліва патрабуецца, прычым, у самых маленькіх дозах, якія не нанясуць шкоды арганізму. Для паляпшэння цыркуляцыі крыві ў тканках праводзім таксама дарсанвалізацыю – праз уздзеянне пераменнага імпульснага току рознай частаты (3,49).

– Лечыце таксама лазерам, магнітным полем, ультрагукам…

– Канечне. Першы метад валодае супрацьвірусным і супрацьмікробным уздзеяннем, павышае імунітэт, зніжае халестэрын, дапамагае зажыўляць раны (кошт – 1,75). Другі
паляпшае работу сістэм арганізму, валодае моцным супрацьзапаленчым і абязбольвальным эфектамі (1,75). Уводзіць лекавыя прэпараты дапамагае і ўльтрагук (3,49).

– Да вас часта трапляюць пацыенты і з ужо перанесеным інсультам, рознымі траўмамі…

– Так. Для іх фізіятэрапія і лячэбная фізкультура – адзіны шанс аднавіць страчаныя функцыі, вярнуцца да нармальнай жыццядзейнасці. Кабінет абсталяваны эліптычным трэнажорам, бегавой дарожкай, стэндамі для развіцця мелкай маторыкі.

Крыху абагульню. Калі хочаце паправіць здароўе, умацаваць імунітэт – прыходзьце ў фізіятэрапеўтычнае аддзяленне райбальніцы. Нашы спецыялісты паклапоцяцца, каб працэдуры прынеслі не толькі карысць, але і добры настрой.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *