Несмотря на обстоятельства, инвалид II-й группы Андрей Коробов успевает всё

Общество

Герой нашага аповеду – з ліку тых, хто і любую “мужчынскую” справу выканае на выдатна, і ў “жаночых” не разгубіцца. Стаць такім універсалам А.І.Корабава прымусіла само жыццё, а менавіта перанесеная анкалогія і атрыманая ІІ група інваліднасці. Гэтыя абставіны не здолелі яго зламаць – хутчэй, наадварот, закалілі.

Прафесійная дзейнасць Андрэя Іванавіча была разнастайнай: працаваў электрагазазваршчыкам, у розных наймальнікаў выконваў гаспадарчыя функцыі. Калі ж сур’ёзна падкасіла здароўе, спраўляцца з многім ужо не мог. Ды і другая – нерабочая – група інваліднасці зачыніла перад ім дзверы для працаўладкавання. І хоць абсалютна незанятым мужчына не з’яўляецца (даглядае пажылую матулю, з якой жыве), заўсёды шукае магчымасці ўзяцца за справу: аднаму знаёмаму плітку пакладзе, другому – з разгрузкай цяжкіх рэчаў дапаможа… Калі ж у чэрвені бягучага года яму яшчэ прапанавалі стаць сацработнікам у пральні, адкрытай у аддзяленні сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі ТЦСАН Ушацкага раёна ў Градзянцы, без усялякіх ваганняў пагадзіўся. Гэта рэабілітацыйнае месца, заняць якое мог толькі інвалід без супрацьпаказанняў да адзначанай работы. І А.І.Корабаў аптымальна падышоў.

– У тым, што спраўлюся з новай “спецыяльнасцю”, не перажываў: жыццё многаму навучыла! – прызнаўся ён. – Адчуваю сябе тут камфортна, радуюся зносінам з калегамі і магчымасці быць занятым.

Задаволены і работнікі аддзялення. Па іх словах, з пральнай і сушыльнай машынамі, гладзільным прэсам, іншымі прыладамі і ўскладзенымі на яго абавязкамі мужчына спраўляецца адказна і на зайздрасць спрытна. Усяго за 4 гадзіны рабочага часу (менавіта столькі прадугледжана для такой катэгорыі грамадзян) паспявае многа. Дарэчы, прыбраная і абкошаная тэрыторыя ля будынка ТЦСАН, роўна прыбітыя да сцен палічкі – таксама яго заслуга. На добраахвотнай аснове займаецца зборам гуманітарнай дапамогі ў цэнтры “Рабі дабро”, на веласіпедзе развозіць рэчы на прымерку па дамах грамадзян. Бярэцца за надзвычай карпатлівыя справы: як наведвальнік аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў пляце з газетнай паперы трубачкі, якія пазней выкарыстоўваюцца ў творчай рабоце. “Захапіў лідарства” сярод калег і па доглядзе за кветкамі – з цікавасцю займаецца іх вырошчваннем як на вуліцы, так і ў памяшканнях цэнтра.

– Гэта наша палачка-выручалачка, – кажа пра сацработніка загадчыца аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі ТЦСАН Таццяна Сцяпанаўна Раманоўская. – У любой справе дапаможа, ды і энергіяй, аптымізмам, якія здолеў захаваць, падзеліцца.

* * * Нагадаем, што паслугі пральні ТЦСАН разлічаны на сацыяльна неабароненую катэгорыю грамадзян – пажылых людзей і інвалідаў. Адна загрузка бялізны ў пральную машыну, а гэта 5 кілаграмаў, на сённяшні дзень каштуе 6,17 руб. Ёсць таксама магчымасць пагладзіць рэчы спецыяльным прэсам ці звычайным прасам, а таксама прасушыць іх.

Па ўсіх пытаннях, звязаных з работай пральні, можна звярнуцца па нумары 5-99-73.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *