У шырокай палітры мерапрыемстваў, якія ладзіліся ва ўсіх рэгіёнах нашай краіны да Дня народнага адзінства, было нямала падзей спартыўнага кшталту. Аднак таварыскі матч па міні-футболе, які прайшоў ва Ушачах, стаў асаблівым: да нашых футбалістаў-аматараў завітала каманда Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
Перад сустрэчай высокія госці наведалі мемарыяльны комплекс “Прарыў” і аддалі даніну памяці тым, хто змагаўся за перамогу і незалежнасць нашага народа. “Ушацкі мемарыял у гонар неўміручага подзвігу партызан – адна з галоўных святынь не толькі Віцебшчыны, а і ўсёй Беларусі, таму напярэдадні Дня народнага адзінства мы прыехалі менавіта ў ваш раён”, – адзначыў Дзяніс Карась, абраны ў Палату прадстаўнікоў ад Наваполацкай выбарчай акругі №24.
А яшчэ дэпутаты ведалі пра ўнікальны спартыўны комплекс “Юнацтва-Ушачы”, які быў узведзены ў райцэнтры некалькі год таму пры садзейнічанні старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Паўлавіча Андрэйчанкі, і хацелі на свае вочы ўбачыць гэту спартыўную жамчужыну. Калі ж загадчык сектара спорту і турызму Ушацкага райвыканкама Сяргей Ціханёнак правёў экскурсію па шматлікіх залах аб’екта, дзе актыўна ладзяць зборы прафесіяналы, займаюцца юныя спартсмены і жыхары бліжэйшых раёнаў, парламентарыі засталіся ў поўным захапленні. Здзівіла іх і тое, што наш комплекс, хоць і знаходзіцца ў глыбінцы, з’яўляецца адным з самых акупных у краіне сярод падобных збудаванняў.
Узнёслым атрымалася адкрыццё футбольнага паядынка, падчас якога госці і гаспадары прывіталі адзін аднаго, выказалі жаданне наладзіць сяброўскія адносіны. А ў знак узаемнай прыхільнасці абмяняліся падарункамі: парламентарыям нагадваць аб візіце ў адзін з самых маляўнічых раёнаў Прыдзвіння будзе карціна, створаная па пейзажы ўшацкага фотамастака Уладзіміра Бязрукава, а юныя футбалісты нашага фізкультурна-спартыўнага клуба атрымалі дзясятак новых мячоў.
Што датычыцца футбольнага паядынка, то ён, як і мае быць, аказаўся захапляльным і відовішчным. У складзе ўшацкай каманды выходзілі на пляцоўку старшыня райвыканкама Уладзімір Аўдошка, начальнік раёна газазабеспячэння Леанід Рудак, намеснік начальніка райаддзела ўнутраных спраў Уладзімір Чумакоў, работнікі лясгаса, школы, іншых арганізацый. Парламентарыяў з уласцівым усходнім людзям запалам вёў за сабой Тэнгіз Думбадзэ – вядомы беларускі журналіст, ваенны карэспандэнт, які пабываў у мностве гарачых кропак, а зараз з’яўляецца дэпутатам Палаты прадстаўнікоў па Партызанскай выбарчай акрузе №110 горада Мінска.
Трэба сказаць, што парламенцкая дружына ў такім складзе гуляе нядаўна, а на падобны выязны матч увогуле адправілася ўпершыню. Аднак у ігракоў ёсць вялікае жаданне гуляць у футбол, таму яны стараюцца не прапускаць трэніровак, якія ладзяць двойчы на тыдзень. Ну а патэнцыял ушацкіх аматараў нам добра вядомы. Фартуна схілялася ў абодва бакі, аднак нашым землякам удалося атрымаць мінімальную перамогу 13:12.
Як зазначыў трэнер каманды гасцей – праслаўлены беларускі спартсмен, чэмпіён Алімпіяды-1992 у веславанні на байдарках і каноэ Аляксандр Масейкаў, які з’яўляецца ў парламенце намеснікам старшыні пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры і маладзёжнай палітыцы, лічбы на табло не маюць асаблівага значэння, бо галоўнай мэтай сустрэчы было атрымаць асалоду ад бескампраміснай барацьбы, парадаваць шматлікіх гледачоў, што сабраліся на трыбунах. Ну а сяброўскія стасункі, якія ўзялі пачатак напярэдадні Дня народнага адзінства, абавязкова будуць шчырымі і моцнымі.
Наталля БАГДАНОВІЧ.