Активисты ветеранского движения из Ушач, Глубокого и Подсвилья провели насыщенную встречу «В дружбе — единство»

Общество

Трывалыя стасункі звязваюць ушацкіх ветэранаў з сябрамі з суседняй Глыбоччыны. І на гэтым тыдні нашы адносіны атрымалі новы працяг. На сустрэчу, якую мы прысвяцілі аб’яўленаму ў Беларусі Году адзінства, сабраліся актывісты ветэранскага руху з Ушач, Глыбокага і Падсвілля. Назвай мерапрыемства стаў выраз, вынесены ў загаловак, а праходзіла яно ў сасновым бару на маляўнічым беразе возера Пліса.

Праграма была цікавай і насычанай: каманды падрыхтавалі прывітальныя “візітоўкі”, паўдзельнічалі ў конкурсах, прагуляліся па сцяжыне здароўя, паспрабавалі сябе ў беларускіх танцах і, канечне, зварылі юшку на кастры. Наш раён прадставілі наведвальнікі дзённага аддзялення для грамадзян пажылога ўзросту ў Градзянцы, удзельнікі фізкультурна-аздараўленчага клуба “Імпульс”. А дэвіз ушацкай каманды “Дружна, смела, з аптымізмам – за здаровы лад жыцця!” стаў яшчэ адным лейтматывам імпрэзы. І канечне, гучала на ёй музыка: душэўны настрой стварыў наш гарманіст Уладзімір Васільевіч Есіпаў, а яго віртуознае выкананне песень і народных танцаў натхніла ўсіх прысутных.

Не абышлося без памятных падарункаў: мы паднеслі сябрам-суседзям прыгожую шкатулку, вырабленую гурткоўцамі дзённага аддзялення, і памятны знак з выявай мемарыяльнага комплексу “Прарыў”. І гэта было сімвалічна, бо партызанская брыгада 1-я Антыфашысцкая, якая змагалася на тэрыторыі Глыбоцкага раёна, прыняла на сябе і асноўны ўдар падчас прарыву варожай блакады ў нашым, а яе камандзір Уладзімір Гіль-Радзівонаў пахаваны ва Ушачах.

І кожны ўдзельнік сустрэчы адчуў, наколькі важна і прыемна быць разам – а мы сапраўды адзіныя: сваёй гісторыяй, традыцыямі, побытам. Хацелася б, каб і будучае ў нас было агульнае, каб Беларусь заставалася суверэннай і незалежнай.

Н.ВАСІЛЕЎСКАЯ,
старшыня раённай
ветэранскай арганізацыі.



1 комментарий по теме “Активисты ветеранского движения из Ушач, Глубокого и Подсвилья провели насыщенную встречу «В дружбе — единство»

  1. Дзiўна тое, што ў ветэранаў (дарэчы, а на якіх франтах ваявалі;)? ) гэткая спецыфiчная памяць. Чамусьці сёння Гіля-Радзівонава нам падаюць яго ў апошняй іпастасі — як камандзіра 1-ай антыфашысцкай партызанскай брыгады, падпалкоўніка і ардэнаносца. Але ж да жніўня 1943 гады ён быў заснавальнікам «Баявога саюза рускіх нацыяналістаў», пазней камандзірам 1-ай рускай нацыянальнай брыгады СС «Дружына». Гэта фарміраванне сумесна з такімі сумна вядомымі часткамі карнiкаў як «група Дзірлевангера» актыўна ўдзельнічала ў крывавых акцыях гітлераўцаў супраць партызанаў і мірнага насельніцтва на тэрыторыі Беларусі. Студзень-люты 1943 — «Свята ўраджаю-1; 2» на тэрыторыі Пухавіцкага, Слуцкага, Капыльскага і Уздзенскага раёнаў; травень-чэрвень 1943 — «Котбус» ў барысаўскі-Бягомльскай партызанскай зоне. З гэтым як быць?

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *