12 сентября – День сотрудника органов предварительного следствия

Общество

Паважаныя работнікі раённага аддзела Следчага камітэта!

Сардэчна віншую вас з Днём супрацоўніка органаў папярэдняга следства і 10-гадовым юбілеем ведамства.

Ваша прафесія – адна з найбольш важных у сістэме праваахоўных органаў і патрабуе асабістай мужнасці, прынцыповасці і высокай адказнасці за прынятыя рашэнні. Вы забяспечваеце вяршэнства Закона ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, абарону правоў і свабод грамадзян і пры гэтым захоўваеце прыхільнасць прынцыпу непазбежнасці пакарання за здзейсненае злачынства.

Сваёй штодзённай працай, адказнымі адносінамі да справы, прафесіяналізмам вы даказваеце правільнасць абранага шляху.

Напярэдадні прафесійнага свята жадаю вам поспехаў у справах, моцнага здароўя і дабрабыту. Няхай галоўнымі ў вашай працы па-ранейшаму застаюцца прафесійны гонар, абавязак і адказнасць.

Старшыня Ушацкага раённага выканаўчага камітэта У.Г.АЎДОШКА.


 

Па крымінальных лабірынтах ідуць да ісціны святла

12 верасня Следчы камітэт адзначыць свой першы юбілей: маладому, але самастойнаму і моцнаму ведамству спаўняецца 10 гадоў. Пра тое, як праходзяць працоўныя будні гэтых спецыялістаў на Ушаччыне, якія злачынствы яны разблытваюць, напярэдадні прафесійнага свята нам расказаў начальнік раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, падпалкоўнік юстыцыі А.К.КРАХОТКА.

В.Белавусаў, П.Ціханёнак, А.Напрыенка, Алег Крахотка, Андрэй Крахотка, А.Мамон.

– Алег Канстанцінавіч, прапаную пачаць гутарку з невялікага аналізу дзейнасці райаддзела.

– Не магу назваць нагрузку на падраздзяленне малой, хаця колькасць крымінальных спраў зменшылася. Летась іх было прынята на вытворчасць 178, 66 з іх скончаны, 55 – перададзены пракурору для накіравання ў суд. На сённяшні дзень у распрацоўцы следчых знаходзіцца 17 спраў. І гэта без уліку матэрыяльных праверак, іншых паўсядзённых задач.

– Злачынствы якога характару пераважаюць на Ушаччыне?

– У асноўным гэта крадзяжы. Прычым, калі раней злодзеяў у большасці выпадкаў прыцягвала чужая маёмасць (яны праводзілі “рэвізіі” пустуючых дачных дамоў, падчас застолляў прысвойвалі рэчы таварышаў), то зараз – грашовыя сродкі, доступ да якіх атрымліваюць праз выкарыстанне камп’ютарнай тэхнікі. Напрыканцы мінулага года і ў пачатку бягучага за дзень, бывала, узбуджалі па дзве крымінальныя справы па фактах кіберзлачынстваў. Розныя сумы “знікалі” з банкаўскіх рахункаў ушачан – хтосьці па даверлівасці паведамляў даныя сваёй карткі па тэлефоне, хтосьці – у сацыяльных сетках. Адразу скажу: знайсці вінаватых у такіх дзеяннях надзвычай няпроста. На жаль, давялося расследаваць сёлета і тры забойствы, якія адбыліся ў сферы сямейна-бытавых адносін. Па двух з іх матэрыялы ўжо накіраваны ў суд, апошняе знаходзіцца ў вытворчасці.

– Як выглядае “партрэт” сярэднестатыстычнага ўшацкага злодзея?

– Гэта мужчына гадоў сарака, які жыве ў сельскай мясцовасці, нідзе не працуе, злоўжывае спіртным. Аднак падкрэслю, што гэта характарыстыка сярэднестатыстычнага ўстаноўленага следствам злодзея, бо ў выпадках з тымі ж кіберзлачынствамі ўзрост, ды і іншыя даныя будуць адрознівацца.

– З якімі крымінальнымі справамі складаней працаваць?

– Першае месца ў такім “рэйтынгу” адназначна аддаў бы эканамічным злачынствам. Каб сабраць неабходную доказную базу (акрамя звыклых допытаў гэта часта не адзін дзясятак, а то і сотні дакументаў), следчы павінен валодаць спецыфічнымі ведамі, у тым ліку па бухгалтэрыі. У горадзе, дзе калектывы аддзелаў вялікія, у гэтым сэнсе прасцей: справы перадаюцца па “профілі” спецыялістаў – у нас жа следчаму трэба быць універсалам, умець хутка асвоіць любую сферу. Няпроста расследаваць таксама злачынствы па фактах дарожна-транспартных здарэнняў. Адзін бок звычайна – гэта асоба, якая загінула, а значыць, атрымаць інфармацыю магчымасці няма. Другі ж, каб аблегчыць прысуд, ідзе на розныя ўлоўкі і прыдумкі.

Крымінальная справа можа важыць некалькі кілаграмаў і складацца з пяці, а то і больш тамоў. Надрукаваныя ўшацкімі следчымі за гады службы старонкі ў разы пераўзыходзяць аб’ёмы “Вайны і міру”.
Трапляліся ўшацкім следчым і вельмі адказныя злачынцы. Напрыклад, адзін жыхар раёна, які аказаўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі (грошай не было, у старой хацінцы перабіваўся буракамі), каб трапіць ва Ушачы на допыт за здзейснены з сельгаспрадпрыемства крадзеж, пешшу ішоў ажно 20 кіламетраў.

– У такіх справах, напэўна, справядлівасць пакарання шмат у чым залежыць ад граматнасці правядзення следства…

– Канечне, ды і ў іншых таксама! Час, вызначаны на расследаванне стандартнай крымінальнай справы, складае 2 месяцы. Аднак мы імкнемся справіцца хутчэй (летась 56 працэнтаў спраў завяршылі менш чым за месяц, 23 працэнты – да 15 дзён). Дапытваем пацярпелых, сведак, падазраваных. Пры неабходнасці прызначаем экспертызы, збіраем дакументы. Усё гэта, па сутнасці, і ёсць папярэдняе следства. Трэба ўлічыць яшчэ адну важную дэталь: уменне ўстанавіць псіхалагічны кантакт з удзельнікам крымінальнага працэсу.

– Дзякуючы кнігам і фільмам, прафесія следчага набыла арэол загадкавасці і нават рамантыкі. Ці апраўдана такое меркаванне?

– Рамантыкі ў нас менш за ўсё. Акрамя расследавання крымінальных спраў займаемся праверкамі па фактах смерці. Памятаю нядаўні выпадак у аграгарадку Глыбачка, куды на выхадныя завітала сям’я з горада. Па прыездзе следча-аператыўнай групы на месца на падлозе сярод дома ляжала бездыханнае цела трохгадовага малыша. Патлумачыць, што з ім здарылася, дарослыя не маглі. Пасля вячэрняга застолля ўсе збіраліся класціся спаць, дзе і з кім было дзіця, ніхто не памятаў. Экспертызы дапамаглі ўстанавіць, што прычына смерці малога не мела крымінальнага характару. І ведаеце, моцны эмацыянальны стрэс пасля такіх спраў застаецца і ў следчых.

Шакіравалі часам і ўлоўкі злачынцаў. Каб адкласці правядзенне следчых дзеянняў, некаторыя ўстройвалі “паказальныя шоу” з прычыненнем сабе розных траўм.

І ўсё ж ёсць у нашай рабоце асаблівае – рызыка, пошук нестандартных рашэнняў, аналітыка. У следчага павінна быць “чуццё”, валоданне логікай, псіхалогіяй. Трэба вывучаць усё дасканала, пераправяраць, быць цярплівым, уседлівым, рашучым.

– Усім гэтым патрабаванням калектыў райаддзела адпавядае?

– Безумоўна, што мяне як кіраўніка вельмі радуе. У рабоце ў нас задзейнічаны 8 спецыялістаў: акрамя мяне гэта следчыя Аляксандр Мамон, Андрэй Крахотка, Аляксандр Напрыенка, Пётр Ціханёнак, Анастасія Раманенка, інспектар па дакументальным забеспячэнні і справаводстве Алена Хамічонак, загадчык гаспадаркі Вячаслаў Белавусаў. Калектыў, можна сказаць, малады, ініцыятыўны.

– Што пажадаеце калегам да прафесійнага свята?

– Дзякую ўсім за прафесіяналізм, вернасць абавязку. Жадаю мудрасці і вытрымкі ў нялёгкім, але надзвычай адказным служэнні на карысць Айчыны. Здароўя, сямейнага дабрабыту, кар’ернага росту і, вядома, больш пазітыву!

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *