Прачнуцца і паспяшацца павітацца з сонейкам. Не праз акно кватэры, а прысеўшы на лавачку, што зладзілі ўнук Максім з зяцем. Дакрануцца да кропелькі расы на ружы ці рамонку. Няспешным ранкам падумаць пра сваіх Наташ і Андрэяў, Дзяніса, Максіма, Васілісу, Ваню, Акіма. І яшчэ пра сотню дзяцей, чужых і ўжо дарослых, аднак усё роўна сваіх.
Сябе прысвяціла дзецям
Пытанне “Кім быць?” для Надзеі Васільеўны Лісічонак не паўставала. Толькі настаўніцай. Яна вырасла лічы што ў школьным двары – дом Санько на месцы цяперашняй спартзалы быў пастаянна ахутаны званкамі і гоманам дзятвы. Паступаць паехала на фізіка-матэматычны факультэт, аднак раптоўная смерць бацькі перакрэсліла планы. Дыплом настаўніка пачатковых класаў атрымала завочна, спалучаючы работу ў камсамоле. Потым будзе паспяховая дзейнасць у таварыстве “Веды”, райкам партыі, кіраўніцтва дзіцячым садам у Градзянцы, аднак да і пасля – школа: Ленінская, Матырынская, Ушацкая.
У класы апошняй раней набіралі па 30-40 чалавек. І калі пачынала ўрок – здымыла туфлі на абцасах… і басанож падбягала да аднаго, другога, трэцяга, каб паглядзець, што пішуць, падказаць. У канцы дня ногі ўсё роўна гудзелі, аднак якое задавальненне – калі кантрольная толькі на “4” і “5”.
На Матырына ў 90-х аўтобус накіроўваўся ўсяго некалькі разоў на тыдні. У астатнія яна па 8 кіламетраў туды і назад хадзіла пешшу. Адна падымала дваіх дзяцей, таму заставалася ў вясковай школе, дзе былі большыя заробкі, брала па дзве стаўкі, каб магла вучыцца на стацыянары педінстытута дачка і нічым не абдзяляць сына-школьніка. Калі Матырынскую дзевяцігодку зачынілі, настаўніца працавала ў групе падоўжанага дня ва Ушачах. Бацькам тых яе вучняў проста пашчасціла.
– Калі я перадавала пасля ўрокаў клас, Надзея Васільеўна падрабязна распытвала, што праходзілі, – прыгадвае настаўнік пачатковых класаў Надзея Мікалаеўна Ціханенка. – Яна матывавала дзяцей хутка справіцца з хатнім заданнем, бо потым абавязкова быў ці паход у лес, ці “А-ну, хлопчыкі”, ці Свята восені. За ўласныя сродкі набывала цукеркі, шарыкі, іншыя прызы. Ніколі сябе не шкадавала: можна было б у дрэннае надвор’е застацца ў класе і даць дзецям заданне маляваць – не, яна заўсёды выводзіла іх на вуліцу, лічыла, што малыя абавязкова павінны набегацца. Пераправярала, як апрануты кожны – і штодня былі гульні на паветры, нават футбол, у які таксама гуляла на роўных. Кажуць, дзеці больш цягнуцца да маладых. Няпраўда. Яны любяць тых, хто любіць іх. А Надзею Васільеўну абажалі і школьнікі, і бацькі. Больш адказнага настаўніка я не сустракала. І сказаць, што яна добры чалавек – нічога не сказаць. Яна дзівосная.
“Якія мульцікі, да мяне ўнук прыйшоў”
“Адзінае, чаго не ўмее мая матуля, дык гэта жыць для сябе, – кажа дачка, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Наталля Загурская. – Калі была жывая бабуля, яна дапамагала ёй. Калі майго мужа перавялі на работу ў Оршу, а трэці сын Ванюша быў зусім маленькі, яна прыехала да нас – заўсёды побач у складаныя хвіліны. Дзеці і ўнукі для яе – цэнтр сусвету. Я імкнуся не расстройваць маму: калі хварэю, заўсёды гавару бадзёрым голасам, але яе не падманеш. І хоць мне самой ужо 48, у любой сітуацыі для мяне самае аўтарытэтнае – меркаванне матулі. Нічога не хачу больш – толькі каб яна была: самая пяшчотная, мудрая і прыгожая – з кожным годам усё больш”.
Не проста любімая цешча, а дарадчык, чалавек, гледзячы на якога – вучышся, Н.В.Лісічонак і для зяця Андрэя Загурскага, які кіруе сферай адукацыі Аршаншчыны. “Яна адразу вельмі тонка выбудавала нашы ўзаемаадносіны. Ніколі не ўмешвалася, ні аб чым не прасіла: чым дапамагчы – мы здагадваемся самі. Умее радавацца жыццю і ў людзях бачыць толькі добрае. Усе нашы сыны – з характарам, аднак яна змагла адшукаць падыход, і для кожнага бабуля – гэта святое, яны не могуць яе аслухацца. Мы жылі ў розных гарадах Віцебшчыны, але для іх самае цікавае звязана з Ушачамі”.
Адпачынак для Надзеі Васільеўны – гэта агарод, а таксама лес, грыбы і ягады. Працаголік па натуры, яна ніколі не сядзіць без справы. “Аб тым, што будзем капаць бульбу, ёй не казалі. І нават не заўважылі, як яна аказалася побач на баразне, – расказвае пра мінулыя выхадныя нявестка Наталля Лісічонак. – Матуля ў кожнага самая лепшая, аднак калі не стала маёй, яна замяніла мне маці. У якасці нявесткі я 22 гады, і мы ні разу не пасварыліся – дзякуючы яе мудрасці. Шчасце любіць цішыню, але сёння я хачу падзякаваць ёй за сына, а таксама за тое, што ёсць такая патрэбная нам бабуля. Наш Акім толькі пайшоў у першы клас, з кім пакінуць яго ці Васілісу – ніколі не паўставала пытання, бо лепш, чым у яе, не можа быць. Калі ў яе доме ўнукі – адкладвае ўбок усе справы. Можна было б тэлевізар уключыць, каб іх заняць, але яна кажа: “Якія мульцікі, калі да мяне ўнук прыйшоў?”. Абавязкова гатуецца любімая страва, прычым, для кожнага свая. Яна дазваляе Акіму вазіцца з цестам, ляпіць тварожных ёжыкаў. Разам чытаюць і гуляюць у шашкі. Яна з гумарком вырашае любыя канфліктныя сітуацыі. Паколькі я таксама настаўнік пачатковых класаў, з ёй абмяркоўваем усе школьныя нюансы, мне ёсць каму патэлефанаваць”.
Супербабуля
Надзея Васільеўна любіць чытаць, лічыць гэта вельмі важным у развіцці чалавека, таму яна з унукамі – пастаянныя наведвальнікі бібліятэкі. Бывала, нават падміргвала супрацоўнікам, каб абмяжоўвалі выдачу экземпляраў, бо не паспее перачытаць ім усё. Хаця пра тое, што яна сапраўды супербабуля, я зразумела ад саміх унукаў.
Васіліса, студэнтка Акадэміі музыкі: “Цёплыя дзянькі лета. Засланы абрусам стол, ваза з цукеркамі – гэта бабуля рыхтавалася да прыходу ўнукаў. Мы з братамі бегалі па ўсёй кватэры, наводзячы поўны беспарадак. І яна за намі з ручніком, нібыта пакараць, хаця таксама гуляла. А потым мы ўтрох атрымлівалі даручэнне: прыбіралі пакоі, выносілі смецце, накрывалі стол. Разам мы пяклі рулецік з кукурузы і ірысак – на іх аднойчы застаўся мой малочны зуб. Бабуля – вельмі актыўная дама. Мы пастаянна хадзілі на стадыён. Даставала мне спартыўны касцюм, які насіла не адно пакаленне (яе шафа – асаблівы свет, там знойдзецца ўбор па любой камплекцыі), апрануўшы які, я адчувала сябе крутой. Летам уся сям’я часта збіралася разам і мы спявалі караоке (у бабулі выдатны голас). Любіла заставацца ў яе начаваць. Яна вадзіла мне па спіне: “рэйкі-рэйкі”, “шпалы-шпалы” – і па ёй бегалі мурашкі. Потым мы спявалі пра кацяня, паравоз і клаліся спаць…”.
Максім, студэнт БДТУ: “Калі я збягаў з гары на рэчку, а ты мяне лавіла з ручніком на беразе, я падкладваў табе пад падушку ліст, паколькі не мог папрасіць прабачэння ў твар. І вось я вырас, але зноў спрабую пакласці ліст з прабачэннем за тое, што калі-небудзь не патэлефанаваў, не прыехаў мінулым летам, хоць абяцаў, за словы, сказаныя згарача, і за тое, што ніколі не казаў табе гэтага раней. Я хачу, каб ты ведала, як я ўдзячны табе за падораную любоў. Я часта прыгадваю цябе – і на тваім твары заўсёды свеціцца ўсмешка”.
Учора Надзея Васільеўна адзначыла 70-гадовы юбілей. Артыкул пра яе – нечаканасць, аднак, мяркую, прыемная. Бо з “Патрыётам” яе звязваюць асаблівыя адносіны, гэта яе любімая газета, якую выпісвала, нават калі жыла ў дачкі, і ў якой чытае ўсё і пра ўсіх. А сёння і іншыя нашы чытачы, магчыма, крыху пераглядзяць свае адносіны да блізкіх: жыць для іншых, аказваецца, удзячная справа. Укладзенае з любоўю – абавязкова вяртаецца.
Вольга КАРАЛЕНКА.