Памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Канстанцінавіч Ліневіч у чацвер правёў ва Ушачах “прамую лінію” і прыём грамадзян. Магчымасцю задаць праблемныя пытанні скарысталіся 7 чалавек.
Адразу два пытанні падчас “прамой лініі” датычыліся дарожнай тэматыкі. Так, жыхар гарпасёлка пытаўся, калі завершыцца абсталяванне вуліцы Калінінскай. Як патлумачылі заяўніку, сёлета на гэты аб’ект не выдзялялася фінансаванне, работы будуць весціся па меры паступлення сродкаў. А жыхарам вёскі Увалокі неабходны ямачны рамонт вуліцы, па якой рухаюцца не толькі ўласныя аўтамабілі вяскоўцаў, а і школьны аўтобус, аўтамагазін, паштовая машына. Адказ задаволіў: ямачны рамонт дарогі будзе зроблены на працягу месяца.
З аграгарадка Глыбачка паступіла просьба аб перадачы на баланс ЖКГ каналізацыйнай сістэмы 25 дамоў, пабудаваных на льготных умовах. Зараз яна аддзелена ад сеткі населенага пункта і пакуль нікому не перададзена на абслугоўванне. Анатоль Канстанцінавіч даручыў мясцовым уладам вырашыць гэтую праблему.
“Мы ўсім задаволены, Ушачы прыгажэюць і развіваюцца, адзінае, чаго не хапае – гэта лазні”, – пенсіянерка з гарпасёлка агучыла праблему, якая хвалюе і многіх іншых ушачан. Як вядома, некалькі гадоў таму будынак лазні быў прызнаны аварыйным, і яе зачынілі. Зараз наладжаны падвоз у грамадскую лазню ў Арэхаўна, ва ўсіх жадаючых ёсць магчымасць трапіць у саўну ў фізкультурна-аздараўленчым комплексе. Між тым, адпрацоўваецца пытанне будаўніцтва новай лазні ці пераабсталяванне пад яе якога-небудзь іншага будынка. А.К.Ліневіч даручыў мясцовай вертыкалі вырашыць праблему на працягу 2022 года.
З прыватнай праблемай на прыём грамадзян прыйшла ўшачанка. Падчас перагону жывёлы ў Старынцы статак ААТ “Ільюшынскі” пашкодзіў вырашчаную агародніну на падворку яе пажылой маці, і цяпер бакі не могуць дамовіцца аб суме ўрону. “Жыццёвае пытанне, якое трэба вырашыць, выслухаўшы і адных, і другіх. Спецыяльная камісія знойдзе справядлівае рашэнне праблемы”, – адзначыў Анатоль Канстанцінавіч.
Яшчэ адно асабістае пытанне датычылася тэмы працаўладкавання. Былі і тыя, хто прыйшоў выказацца на розныя тэмы. Напрыклад, дачнік з Корсакава агучыў свае меркаванні наконт дарожнага падатку, вяртання сродкаў па ашчадных кніжках узору СССР і некаторых іншых пытаннях.
Абмяркоўваючы з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі вынікі прыёму і “прамой лініі”, Анатоль Канстанцінавіч адзначыў, што традыцыйна ў розных рэгіёнах людзей часцей хвалююць пытанні добраўпарадкавання, рамонту дарог у сельскіх населеных пунктах. Па невялікай колькасці зваротаў ва Ушачах памочнік Прэзідэнта зрабіў выснову, што ўлады ў раёне ў асноўным вырашаюць праблемы своечасова, людзі задаволены. Агучаныя дарожныя пытанні перадача сетак каналізацыі, адкрыццё лазні ўзяты на кантроль.
Падчас рабочай паездкі ў раён А.К.Ліневіч таксама сустрэўся з працоўным калектывам Ушацкага філіяла аблспажыўтаварыства. Памочнік Прэзідэнта пацікавіўся станам спраў у арганізацыі, якая займаецца гандлёвым абслугоўваннем не толькі свайго, а і іншых раёнаў вобласці. Ушацкім кааператарам зараз няпроста канкурыраваць з буйнымі гандлёвымі сеткамі, тым не менш, яны працягваюць займаць лідзіруючыя пазіцыі сярод іншых філіялаў Белкаапсаюза. “Як кажуць, паглядзі як у суседа і зрабій лепей. Трэба шукаць розныя спосабы прыцягнення пакупнікоў, адпрацоўваць новыя плошчы. Большы прыбытак на прадпрыемстве – вышэйшая заработная плата”, – адзначыў Анатоль Канстанцінавіч.
Работнікі філіяла скарысталіся магчымасцю і таксама абмеркавалі з А.К.Ліневічам пытанні сацыяльнага абслугоўвання і развіцця раёна.
Вольга КАМАРКОВА.