На базе ФОК «Юность-Ушачи» массово и полезно прошёл Единый день безопасности

Общество

Калі ў чацвер днём да фізкультурна-аздараўленчага комлексу “Юнацтва-Ушачы” адначасова пад’ехаў транспарт выратавальнай і газавай службаў, хуткай дапамогі, міліцыі, многія жыхары вуліцы Віцебскай з хваляваннем паспяшаліся да вокнаў. І толькі ўбачыўшы ля ўваходу ў будынак музычны пульт, пачуўшы прыемныя мелодыі, выдыхнулі – прыгадалі пра свята, якое традыцыйна ладзіцца ў нашым раёне ў рамках рэспубліканскай акцыі “Адзіны дзень бяспекі”.

Прыняць удзел у мерапрыемстве мелі магчымасць усе жадаючыя. І ўсё ж галоўнай аўдыторыяй сталі вучні Ушацкай школы. Як слушна заўважыў падчас адкрыцця свята начальнік Ушацкага РАНС І.В.Кошкін, хочам мы таго ці не, але менавіта дзеці часта аказваюцца “без тармазоў”, на роўным месцы падвяргаюць сваё жыццё небяспецы. Таму задача дарослых зараз выглядае так: расказаць, навучыць, растлумачыць падрастаючаму пакаленню, як дзейнічаць у складаных сітуацыях. Гэта дапаможа ім захаваць здароўе, а бацькам звесці да мінімуму патэнцыяльны “трэш”.

Загарэўся электрапрыбор – хутка адключыце яго з сеткі, накрыйце шчыльнай тканінай, напрыклад, коўдрай. Разбілі градуснік – пыласос для прыбірання ртуці не выкарыстоўвайце. Хочаце пагутарыць з сябрам па мабільніку – выдатна, але не падчас навальніцы. Гэтыя і многія іншыя правілы, а таксама нумары выратавальнай службы – 101, 112 – не стамляліся нагадваць супрацоўнікі МНС. Дапамагалі ж ім у гэтым актывісты райкама БРСМ і работнікі раённага таварыства выратавання на водах. Школьнікі з задавальненнем удзельнічалі ў тэматычных конкурсах, вучыліся карыстацца вогнетушыцелем, правільна дзейнічаць пры пажары. Самыя ж кемлівыя і актыўныя атрымлівалі прэзенты – памяткі, размалёўкі, закладкі, кніжкі.

Вялізная чарга выстраілася да пляцоўкі райаддзела ўнутраных спраў. Тут хлопчыкі і дзяўчынкі прымяралі каскі, шлемы, бронежылеты, выпрабоўвалі на справе рацыю. Заваяваў бясспрэчную прыхільнасць дзяцей ахоўны шчыт – нягледзячы на яго немалыя памер і вагу, сфатаграфавацца з гэтым атрыбутам мусілі многія. Жадаючыя ж уявіць сябе ў ролі дзяржаўтаінспектара атрымлівалі ад супрацоўнікаў аддзялення порцыю ведаў, як правільна весці сябе на дарозе.

Было што не толькі паказаць, але і расказаць работнікам газавай службы. Дзеці з цікавасцю знаёміліся з работай прыбораў, якімі штодня карыстаюцца гэтыя спецыялісты. У “фаворы” аказаліся планшэт, на якім як на далоні бачны ўсе газавыя сеткі Ушаччыны, тэхсродкі па выяўленні “блакітнага паліва” ў памяшканні. Газавікі нагадвалі: каб пазбегнуць атручвання і смяротнай пагрозы, у дамах варта ўстанавіць такія апавяшчальнікі.

Вельмі ажыўлена было каля работнікаў райбальніцы. Асаблівую цікавасць у школьнікаў прадказальна выклікаў манекен, на якім можна было адпрацаваць навыкі па аказанні першай медыцынскай дапамогі: штучнага дыхання, прамога масажу сэрца. Аб’ект трэніроўкі, якога ва Ушачах назвалі Гошам, выратаваць мусілі як дзеці, так і дарослыя. Аб правільных ці няправільных дзеяннях падказвалі не толькі медыкі, але і рознакаляровыя лямпачкі. Нямала знайшлося жадаючых паўдзельнічаць і ў майстар-класе па апрацоўцы, перавязванні ран. Усе жадаючыя маглі прама на свяце змерыць тэмпературу, ціск, пракансультавацца з урачамі.

Зрэшты, пра здароўе вялі гаворку і спецыялісты раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, якія раілі менш праводзіць час за гаджэтамі, больш бываць на свежым паветры, займацца спортам. Як гарачыя піражкі, разыходзіліся каляровыя лістоўкі, буклеты аб сімптомах, правілах прафілактыкі каранавіруса, а таксама вострых рэспіраторных інфекцый, грыпу, уздым захваральнасці на якія, як адзначаюць медыкі, не за гарамі.

Не менш эмацыянальна праходзіла другая частка мерапрыемства – ужо на вуліцы службы дэманстравалі магчымасці сваёй тэхнікі, абсталявання. Выратавальнікі дапамагалі разабрацца ў нюансах карыстання кіслароднымі дыхальнымі апаратамі, газавікі паказвалі, як спраўляюцца з уцечкай газу. Шмат было жадаючых пасядзець за рулём аўтамабіля ДАІ, уключыўшы мігалкі, і нават уявіць сябе пацярпелым у новым аўтамабілі аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі ЦРБ.

У рамках “Адзінага дня беспекі” да 10 верасня па ўсім раёне пройдзе яшчэ нямала разнапланавых прафілактычных мерапрыемстваў. Далучайцеся і будзьце здаровыя!

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *