5 сентября — День работников нефтяной, газовой и топливной промышленности

Общество

Паважаныя работнікі нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці!
Сардэчна віншую вас з прафесійным святам.

Ролю вашай сферы для жыцця грамадства немагчыма пераацаніць. Дзякуючы вашай няпростай працы ў дамы жыхароў Ушаччыны прыходзяць цяпло і святло, а прамысловасць і транспарт атрымліваюць неабходную для паспяховай работы энергетычную сыравіну.

Упэўнены, што прафесіяналізм, стараннасць і руплівасць, уласцівыя работнікам вашай галіны, і ў далейшым дазволяць плённа выкон­ваць няпростую і надзвычай адказную місію.

Работнікам і ветэранам сферы жадаю моцнага здароўя, асабістага шчасця, поспехаў ва ўсім, што вы робіце для развіцця раёна і нашай краіны.

Старшыня Ушацкага раённага выканаўчага камітэта У.Г.АЎДОШКА.


 

На самым адказным участку

Звычайна, рыхтуючы артыкул пра пэўнага працаўніка, журналісты папярэдне ўзгадняюць свой выбар з адміністрацыяй арганізацыі, удакладняюць, ці заслугоўвае чалавек быць адзначаным праз газету. У выпадку з работнікамі Ушацкага раёна газазабеспячэння такія працэдуры проста залішнія: абсалютна кожны член гэтага калектыву варты старонак выдання. Глыбокія спецыяльныя веды, адказнасць і дысцыпліна, добразычлівасць і ўраўнаважанасць – без спалучэння гэтых якасцяў немагчыма стаць супрацоўнікам газавай службы. І ўсе яны ўласцівыя слесару аварыйна-аднаўленчых работ А.М.Ляхаву.

Анатоль Мікалаевіч з’яўляецца адным са старажылаў прадпрыемства, якому аддаў больш двух дзясяткаў год. Нарадзіўся ён у Рагачоўскім раёне, пасля школы вывучыўся на вадзіцеля і механізатара, а ў арміі атрымаў спецыяльнасць аўтаэлектрыка. Знайшоў сваю палавінку, нарадзілася двое дзетак, але лёс маладой сям’і, як і многіх іншых на Гомельшчыне, перайначыў выбух Чарнобыля. Мясцовасць, дзе жылі Ляхавы, абавязковаму перасяленню не падлягала, аднак у хваляванні за здароўе дзяцей яны вырашылі пераехаць. У наш раён трапілі, бо тут жылі родныя, а тагачасны дырэктар саўгаса “Ушацкі” Уладзімір Мікалаевіч Круглік прапанаваў сям’і катэдж у Двор Пліне. У гаспадарцы Анатоль адпрацаваў некалькі год, а ў 2000-м вока на перспектыўнага работніка паклаў яшчэ адзін Уладзімір Мікалаевіч – Малаткавец: дырэктар райгаза шукаў талковага электрыка-аку­мулятаршчыка для даволі вялікага на той час аўтапарка. Спецыфічныя навыкі Анатоль атрымаў у “ГАЗ-ІНСТЫТУЦЕ” – дарэчы, работнікі службы вучацца на працягу ўсёй сваёй кар’еры, кожныя тры гады абнаўляюць веды і здаюць экзамены.

У цяперашні час А.Ляхаў працуе на адным з самых адказных участкаў – у аварыйнай службе. У брыгадзе сабраны сапраўдныя ўніверсалы, якія спецыялізуюцца ў ліквідаванні аварый, аднак могуць выконваць усе віды работ. На шчасце, надзвычайных сітуацый, калі аварыйшчыкам даводзіцца праяўляць сваё майстэрства, бывае няшмат. Але ўсё ж яны здараюцца: так, некалькі год таму ў час земляных работ быў пашкоджаны газаправод у мікрараёне вуліцы Е.Лось гарпасёлка – пра праблему газавікам адразу падказала падзенне ціску ў сістэме, і брыгада тэрмінова выехала на месца. “У той дзень мы з напарнікам Яўгенам Ляхоўскім выконвалі работы ў Вялікіх Дольцах, і калі паступіў сігнал – літаральна прыляцелі ва Ушачы. Каб ухіліць аварыю, давялося адключыць усю ветку зарэчча, аднак месца парыву хутка было знойдзена і ўжо праз паўтары гадзіны мы аднавілі газазабеспячэнне”, – прыгадвае слесар.

Усе газавікі – універсалы і пры вытворчай неабходнасці выконваюць работу розных службаў. Вось і падчас нядаўняй паездкі па раёне мы сустрэлі слесараў І.Пятніцу і В.Клачка, якія ў гэты дзень займаліся дастаўкай балонаў.

Прысутнічаюць газавікі і пры інцыдэнтах, што датычацца сумежных службаў: выязджаюць на пажары, а нядаўна, напрыклад, брыгадзе давялося кантраляваць работу водаканалаўцаў, якія ўхілялі парыў на вуліцы Н.Касцючэнкі ва Ушачах, бо існавала пагроза пашкоджання газавых камунікацый.

Працу спецыялістаў службы аблягчаюць сучасныя тэхналогіі: зараз можна дыстанцыйна адсочваць работу газаразмеркавальных станцый і выязджаць туды толькі пры пагрозе ўзнікнення аварыйных сітуацый, а з дапамогай лазара на вялікай адлегласці знаходзіць крыніцу ўцечкі. Дарэчы, не кожнае паведамленне людзей, якія пачулі “пах газу”, пацвярджаецца: нядаўна, напрыклад, трывожны сігнал паступіў са шматпавярхоўкі на Садовай, аднак прыбор адразу засведчыў, што пах мае іншае паходжанне. У такіх выпадках, канечне, газавікі грамадзян не папракаюць, бо пільнасць заўсёды пахвальная.

Да слова, уменне знайсці кантакт нават з самым нядружалюбным кліентам – абавязковае патрабаванне да работнікаў службы. “Трэба быць ветлівым і ведаць адказ на любое пытанне – напрыклад, дзе лепш купіць пліту ці як перанесці газавы лічыльнік. А іншы раз проста выслухаць вясковую бабулю, якой няма з кім пагутарыць, – так і заваёўваем прыхільнасць!” – усміхаецца Анатоль Мікалаевіч. Дарэчы, увесь час нашай размовы ён быў бадзёрым і пазітыўным – і толькі напрыканцы прызнаўся, што адпрацаваў начную змену і парадкам стаміўся.

 

Службы розныя – задача адзіная

Заўтра прафесійнае свята адзначаць 39 работнікаў Ушацкага раёна газазабеспячэння філіяла вытворчага ўпраўлення “Полацкгаз”. Менавіта гэты ўмелы і згуртаваны калектыў адказвае за звыклыя для нас бытавыя выгоды, дбае пра тое, каб блакітнае паліва несла ў дамы толькі цеплыню і камфорт.

Усе службы прадпрыемства дзейнічаюць эфектыўна і зладжана. Самай вялікай па колькасці работнікаў з’яўляецца аварыйна-дыспетчарская, дзе працуюць 15 чалавек. “Калі прыехаў ва Ушачы, быў уражаны ўзроўнем мясцовых работнікаў. Літаральна ўсе: начальнік Леанід Віктаравіч Рудак, галоўны інжынер Дзмітрый Васільевіч Карэйша, слесары, вадзіцелі – моцныя спецыялісты сваёй сферы, з якімі можна вырашаць любыя задачы”, – адзначае майстар Ягор Шульчанка, які з пачатку бягучага года ўзначальвае аварыйную службу. Дарэчы, пацвярджэннем гэтых слоў стаў чарговы поспех нашых землякоў на абласных спаборніцтвах аварыйных брыгад: у фінале, які праходзіў у Віцебску, каманда ў складзе Аляксандра Дразда і Андрэя Мялешкі заняла сёлета трэцяе месца. Сапраўдным універсалам з’яўляецца вадзіцель службы Андрэй Шыхель, які да свята атрымаў высокую ўзнагароду – Ганаровую грамату УП “Віцебскаблгаз”.

У зоне адказнасці ўшацкіх спецыялістаў больш 95 кіламетраў газавых сетак, 3 газарэгулятарныя і 11 шафавых рэгулятарных пунктаў, 2670 карыстальнікаў прыроднага газу і 3641 – звадкаванага.

Пяць работнікаў прадпрыемства займаюцца ўнутрыдамавым газавым абсталяваннем – устанаўліваюць і абслугоўваюць газавыя пліты, воданагравальныя калонкі і катлы. Узначальвае службу вопытны майстар Ігар Швейкус. Важнай “баявой адзінкай” брыгады з’яўляецца электрагазазваршчык 6 разраду Юрый Саўчанка, майстэрства якога сёлета адзначана Ганаровай граматай філіяла ВУ “Полацкгаз”. У пары з ім звычайна працуе слесар Канстанцін Лёля, і гэты дуэт майстар службы жартам называе “нашы медыйныя персоны” – работнікі заўсёды на віду: праводзяць мантаж газавага абсталявання, выконваюць заяўкі па рамонце пліт і ўстаноўцы новых – дарэчы, за год іх мяняюць 250-300 ушацкіх сем’яў. Пад увагай службы знаходзяцца 884 абаненты, якія ацяпляюцца прыродным газам, а непасрэдна на абслугоўванні ўшацкіх газавікоў 546 катлоў. За гэты складаны сектар адказвае слесар Віктар Селезень, які да свята атрымаў Падзяку філіяла. Асвойвае нюансы справы і яго малады калега Віктар Клачок.

Паспяхова спраўляюцца з абслугоўваннем і рамонтам вонкавых газаправодаў Сяргей Шчэкачыхін, Уладзімір Пузатка і Ігар Пятніца (ён таксама адзначаны сёлета Падзякай філіяла). “Работа нашай службы не надта бачная, аднак надзвычай важная для бесперабойнага абслугоўвання спажыўцоў, – падкрэслівае майстар Кірыл Гусёнак. – На бліжэйшы час маем шмат планаў па мадэрнізацыі: будзе цалкам заменена абсталяванне на газаразмеркавальным пункце №3, што побач з вытворчай базай, шафавым размеркавальным пункце ў канцы вуліцы Савецкай”. У веданні майстра і служба дастаўкі звадкаванага газу. Штодзень яе работнікі развозяць па раёне да паўсотні балонаў, пакрываючы каля 200 кіламетраў дарог.

І канечне, нельга абыйсці ўвагай тэму добраўпарадкавання, у якім ушацкае прадпрыемства традыцыйна знаходзіцца сярод лідараў “Віцебскаблгаза”. Шчыруе ў навядзенні прыгажосці ўвесь калектыў, але самы вялікі ўклад уносіць кладаўшчык Святлана Дрозд, прозвішча якой да свята занесена на Дошку гонару філіяла “Полацкгаз”.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *