Золотой юбилей Щекочихиных

Общество

Вяселле Шчэкачыхіны гулялі на Новы год. Бой курантаў наступаючага 1961-га маладыя сустракалі яшчэ па-сямейнаму за невялікім сталом, ну а 1 студзеня прыйшлі родныя, суседзі, калегі з саўгаса “Глыбачаны”.

Пазнаёміў і звязаў навек менавіта саўгас.

– Жаніліся па загадзе дырэктара, – жартуе сёння Марыя Францаўна. – У панядзелак, 19 снежня, Васіль Іванавіч Сырамятнікаў сказаў: “Сёння прыйдзем у сваты” і ў гэты ж дзень дома нас распісаў сакратар сельсавета. А назаўтра я паехала ў камандзіроўку, пераймаць вопыт: адчынялася птушкафабрыка, загадчыцай  інкубатарам якой мяне прызначылі.

Пышных вяселляў тады не было ні ў каго. Тым не менш, чалавек сорак сабралася на свята сям’і. Доўгія гады потым Шчэкачыхіны карысталіся першым мельхіёравым сталовым наборам – падарункам свата і дырэктара. А яшчэ маладым выдзелілі пакой, а праз некалькі гадоў, калі акрамя памочніцы-дачушкі лёс падарыў яшчэ і блізнят-хлапчукоў – фінскі домік. Мала чым ён падобны на сённяшнія з усімі выгодамі. Неабжыты, з пячным ацяпленнем і вадой – у няблізкай крыніцы. Дэкрэтны ж водпуск, павялічаны, паколькі нарадзілася двойня – быў ажно 72 дні! (Гэта для параўнання сённяшнім маладым). І хоць заўсёды побач была маці Марыі Францаўны, тым не менш давялося пакінуць на трэцім курсе інстытут, на якім атрымоўвала спецыяльнасць заатэхніка. У 65-м, калі арганізоўваўся саўгас “Ушацкі” і Анатоля Іванавіча прызначылі дырэктарам, сям’я пасялілася ў Пралетарый – у доміку пад раскідзістай лістоўніцай побач з канторай. 25 гадоў адпрацавала ў саўгасе Марыя Францаўна і пяць сакратаром Ушацкага сельвыканкама. Інжынерам у ПМК і “Сельгастэхніцы” працяглы час быў Анатоль Іванавіч. Многа людзей прыгадваюць іх сёння толькі добрымі словамі.

Пэўна, лёс. Інакш чым растлумачыць, што тамбоўскі юнак, сірата, які вучыўся ў Малдавіі, назаўсёды стаў ушачанінам”. Калі ў 1957 утвараўся саўгас, падбіраліся кадры, разам з дырэктарам прыехаў інжынерам і Анатоль Іванавіч Шчэкачыхін. Дзяўчат у бухгалтэрыі, дзе касірам працавала Марыя Францаўна Тускенус, было шмат, а вось халасцякоў – толькі два. Тры гады сустракаліся, Анатоль Іванавіч абдумана ішоў на важны крок,  затое на залатым вяселлі сказаў, што трэба было жаніцца раней. Тады ж, 25 снежня 1960-га, яму споўнілася 29.

Сказаў гэта глава сям’і, з гордасцю гледзячы на нашчадкаў. Прыемна ўсведамляць, што твой род, тваё нетутэйшае прозвішча пашырае геаграфію і па Беларусі. А сёння сын Уладзімір са сваёй сям’ёй жыве ў Віцебску. Ён, як і старэйшы ўнук Сяргей, скончыў прэстыжны і запатрабаваны ва ўсе часы радыётэхнічны інстытут (зараз БДУІР). Сын Сяргей – тэхнік-механік па адукацыі, працяглы час ужо працуе ва “Ушачырайгазе”. Дачка – Наталля Анатольеўна Пузатка – галоўны эканаміст аддзялення дзяржказначэйства па Ушацкім раёне. Яе дачка – старэйшая ўнучка Шчэкачыхіных Таццяна – завочна вучыцца ў тэхналагічным універсітэце. На трэцім курсе БДУ  ўнучка Насця, а малодшыя ўнукі Саша і Віця пакуль у восьмым класе. І без перабольшвання можна сказаць, што Шчэкачыхіным пашанцавала з дзецьмі – усе выраслі  годнымі, самастойнымі людзьмі. Ці гэта ім пашанцавала з бацькамі? Канечне, так. Таму і арганізавалі для сваіх бацькоў “залатое вяселле”. Хоць і дома, але так жа ўрачыста, як у зале загса. Начальнік аддзела загса Алена Мікалаеўна Малашчанка правяла поўную цырымонію, уручыла новае пасведчанне аб шлюбе і медаль. Маладыя паставілі роспіс у кнізе ганаровых юбіляраў. Новы адлік часу пачалі яны з падарунка (гадзінніка) старшыні раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Алены Васільеўны Пашковіч. І столькі шчырых слоў ад дзяцей пачулі.

– 50 – гэта многа і мала, – трапна падмеціць гаспадыня дома Марыя Францаўна. Многа – таму што дастаткова цяжкім і  насычаным на падзеі быў гэты шлях, таму што перад табой сёння – дарослыя ўнукі і з пасярэбранымі валасамі – дзеці. Мала – таму што памятаеш ты іх пераважна малымі, якія вучыліся хадзіць, чытаць… і было гэта толькі ўчора. Таму што ўсё  жыццё пралятае як імгненне.

В.КАРАЛЕНКА.

На здымку: сям’я Шчэкачыхіных.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *