XXVIII Дзень беларускага пісьменства пройдзе 4-5 верасня на Міншчыне ў гарпасёлку Капыль.
Галоўнай тэмай, закладзенай у канцэпцыю свята, стаў “Год народнага адзінства” – яе будуць раскрываць праз знакавыя для краіны падзеі і даты: 80-годдзе з пачатку Вялікай Айчыннай вайны, гісторыка-культурную спадчыну Капыльшчыны (тут нарадзілася каля 50 вядомых прадстаўнікоў творчых колаў), юбілеі беларускіх класікаў.
Традыцыйна Дзень беларускага пісьменства пачнецца з рэспубліканскай навукова-асветніцкай экспедыцыі “Дарога да святыняў”, якая праходзіць пры падтрымцы Беларускай праваслаўнай царквы. Ключавыя падзеі праграмы – міжнародны круглы стол з удзелам айчынных і замежных пісьменнікаў, навукова-практычная канферэнцыя “Капыльскія чытанні”, Фестываль кнігі і друку, адкрыццё помніка мясцоваму ўраджэнцу – пісьменніку і драматургу Цішку Гартнаму, а адной з галоўных кропак свята стане павільён “Адзінства” з аўтарскім праектам лаўрэата прэміі “За духоўнае адраджэнне” У.Ліхадзедава, прысвечаным Году народнага адзінства.
◆ Па ініцыятыве Міністэрства інфармацыі ААТ “Белкніга” распрацавала першы мабільны дадатак для праслухоўвання аўдыёкніг. Зараз у ім 30 твораў беларускіх класікаў, якія можна паслухаць бясплатна.
Адбудзецца таксама традыцыйная цырымонія гашэння канверта з арыгінальнай маркай у гонар Дня пісьменства. Упершыню будзе ладзіцца Qr-квест «Капыльскі рог», удзельнікі якога змогуць праявіць свае інтэлектуальныя здольнасці і ўменне арыентавацца ў горадзе, паспрабуюць свае сілы ў разгадванні народных загадак, даведаюцца шмат новага. Напярэдадні свята пройдзе фінал і запіс відэаверсіі рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка”, у якім сёлета прынялі ўдзел больш 16 тысяч школьнікаў. У праграме таксама футбольны матч паміж камандамі беларускіх пісьменнікаў і мясцовых навучэнцаў.
Па матэрыялах інфармагенцтваў.