Традиционная педагогическая конференция прошла в Ушачском районе

Общество

Своеасаблівы экзамен на гатоўнасць да новага старту адбыўся на бягучым тыдні ў педагогаў Ушаччыны. Традыцыйная жнівеньская канферэнцыя, якая сёлета праходзіла ва ўтульных сценах дзіцячай школы мастацтваў, сабрала лепшых прадстаўнікоў галіны, маладых спецыялістаў, ветэранаў. Для ўсіх іх мерапрыемства стала выдатнай нагодай падзяліцца дасягненнямі, адзначыць лепшых, вызначыць арыенціры на будучае.

І.Харашкевіч і В.Тычына на выставе ясляў-сада №4 г.п.Ушачы.

Тое, што ва Ушацкім раёне шмат таленавітых, адданых сваёй справе педагогаў, пацвердзіла выстава дасягненняў, наладжаная ў гэты дзень у фае школы мастацтваў. Сваімі напрацоўкамі ў Lego-канструяванні, робататэхніцы як сродку развіцця тэхнічнай адукаванасці вучняў, патрыятычным выхаванні дашкольнікаў, выкарыстанні на занятках сучасных гульняў, развіцці эстэтычнага і мастацкага густу падрастаючага пакалення дзяліліся з “калегамі па цэху” прадстаўнікі Ушацкай школы, ясляў-садоў №1 і №4 гарпасёлка, раённага цэнтра дзяцей і моладзі. Зацікавіў прысутных і аповед пра створаны ў 2020-м клуб “ІНСАЙТ” для актыўных і крэатыўных педагогаў Ушаччыны – пра шматлікія эдкэмпы, трэнінгі, вебінары, якія наладжваюць прадстаўнікі суполкі, расказалі кіраўнік В.А.Жыткая, актывісты А.В.Марозава, У.Л.Хамёнак.

Сакрэт поспеху – у адзінстве

Працягваючы тэму ўкаранення педагогамі новых форм работы, начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама М.В.Варава падрабязна спынілася на ўсіх напрамках дзейнасці сістэмы адукацыі, вылучыўшы лідараў як сярод устаноў, так і сярод асобных спецыялістаў. Яна адзначыла, што ў Год народнага адзінства ў прыярытэце знаходзіцца яднанне ўсіх удзельнікаў вучэбнага працэсу. Дапамагаюць жа ў гэтым самыя розныя мерапрыемствы. Так, напрыклад, да 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны ўсе школы раёна (і педагогі, і вучні) уключыліся ў рэспубліканскі культурна-патрыятычны кінамарафон “Глядзі і памятай!”, прынялі ўдзел у акцыі па стварэнні адзінай карты помнікаў. У ліку леташніх новаўвядзенняў назвала Маргарыта Віктараўна і рэалізацыю праекта “Бацькоўскі ўніверсітэт” – для фарміравання канструктыўнага дыялогу сям’і і навучальнай установы.

Актыўна развіваецца ў раёне адукацыйны турызм. Дарэчы, у новым навучальным годзе плануецца арганізацыя пілотнага праекта па экскурсіях (у тым ліку ў вучэбныя гадзіны) для навучэнцаў 10-11 класаў. З’явіцца ў школах з 1 верасня і кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні – акрамя зразумелых з назвы пасады функцый гэты педагог будзе “адказваць” за прафарыентацыйную работу.

Усё для камфорту

У раёне традыцыйна паклапаціліся, каб новы навучальны стаў для дзяцей максімальна камфортным. Ва ўсіх установах адукацыі праведзены бягучы рамонт, абноўлена тэхналагічнае і халадзільнае абсталяванне, набыты рэмкамплекты для абнаўлення вучнёўскай мэблі, умацавана матэрыяльна-тэхнічная база. На такую падрыхтоўку выдаткавана звыш 18 тысяч рублёў бюджэтных і звыш 6 тысяч пазабюджэтных сродкаў.

У.Аўдошка, Г.Струй.

Для падвозу дзяцей да месца навучання з раённага бюджэту сёлета набыты адзін школьны аўтобус. Працягваюцца работы па мадэрнізацыі, капітальным рамонце стадыёна Ушацкай школы.

Дбаюць у аддзеле па адукацыі і пра бяспеку. Ва ўсіх установах праведзены праверкі супрацьпажарнага стану, наладжаны прапускны рэжым, прадуманы мерапрыемствы па прафілактыцы заносу і распаўсюджвання вірусных інфекцый, у большасці – устаноўлены сістэмы відэаназірання.

Выпускнікі парадавалі!

Адзін з самых “гаваркіх” паказчыкаў работы педагогаў – поспехі вучняў. Ну а іх як звычайна багата! Пра гэта казаў у віншавальным слове кіраўнік раёна У.Г.Аўдошка. “Заўсёды прыемна чуць на самым высокім узроўні пра вучэбныя, спартыўныя, творчыя перамогі нашых юнакоў і дзяўчат, – адзначыў ён. – Ушачан ведаюць ужо далёка за межамі раёна: падчас нядаўняга выязнога пасяджэння Прэзідыума Савета Рэспублікі яго старшыня Наталля Іванаўна Качанава, а таксама старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Уладзіміравіч Цярэнцьеў не пераставалі здзіўляцца дасягненням нашых школьнікаў, у тым ліку з сельскай мясцовасці”.

Пра найбольш знакавыя з іх мы ўжо расказвалі на старонках газеты. Сёння – “сціпла” і толькі пра асобныя. Так, па выніках мінулага навучальнага года 4 былыя адзінаццацікласнікі ўзнагароджаны пахвальнымі лістамі за асаблівыя поспехі ў вывучэнні прадметаў, столькі ж дзевяцікласнікаў атрымалі пасведчанні аб агульнай базавай адукацыі з адзнакай. Выпускнік Ушацкай школы Марат Клачок па выніках ЦТ па хіміі атрымаў 100-бальны сертыфікат і стаў студэнтам хімічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

М.Варава, М.Далжонак.

Годна праявілі сябе і навучэнцы базавых класаў, якія ў рамках працоўнага навучання праходзілі курс прафесійнай падрыхтоўкі. Вытворчая практыка пад кіраўніцтвам вопытных педагогаў была арганізавана на прышкольных вучэбна-вопытных участках, у майстэрнях абслугоўваючай працы, на Ушацкім філіяле ААТ “Сцяг індустрыялізацыі”. Па выніках здачы кваліфікацыйнага экзамену 24 выпускнікі атрымалі пасведчанні аб атрыманні прафесіі “швачка 2 разраду”, 27 – “агароднік без разраду”.

Летась упершыню праходзіла абласная алімпіяда па вучэбных прадметах сярод навучэнцаў 7-8 класаў. Прыемна адзначыць, што па рускай мове і літаратуры вучаніца Вялікадолецкай школы Дамініка Лапіцкая заваявала дыплом 3 ступені. Зрэшты, і ўсе 4 удзельнікі абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па хіміі, біялогіі, матэматыцы, беларускай мове і літаратуры трапілі ў лік дыпламантаў.

Яшчэ адным прыкладам высокай эрудыцыі школьнікаў стаў удзел 4 юных прадстаўнікоў Ушацкай школы ў рэспубліканскім інтэлектуальным тэлепраекце “Я знаю”. Прычым, Марат Клачок і Кацярына Мартынюк трапілі ў суперфінал. Актыўны ўдзел прынялі школьнікі з райцэнтра і ў абласным фестывалі міжкультурных камунікацый – на іх рахунку дыпломы 1 і 3 ступені. На традыцыйным раённым свяце “Сузор’е надзей” грашовыя прэміі ад раённага кіраўніцтва атрымалі 27 пераможцаў і прызёраў алімпіяд рознага ўзроўню, навукова-практычных канферэнцый, спартыўных спаборніцтваў.

З падзякай за працу

Шмат узнагарод атрымалі ўшацкія педагогі падчас мерапрыемства. Ганаровыя граматы Ушацкага райвыканкама шэрагу спецыялістаў уручыў У.Г.Аўдошка. Ганаровымі граматамі аддзела па адукацыі адзначаны прадстаўнікі Ушацкай школы: настаўнік-дэфектолаг Маргарыта Васільеўна Далжонак, намеснік дырэктара па гаспадарчай частцы Таццяна Уладзіміраўна Юрцэвіч, настаўнік інфарматыкі Рыта Анатольеўна Бутоўская, а таксама намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада №3 г.п.Ушачы Вікторыя Міхайлаўна Кляшторная, выхавацелі Ніна Іванаўна Шмацёнак – з ясляў-сада №1, Жанна Віктараўна Аваднёва – з Глыбачанскага дзіцячага сада. Віншаванні гучалі са сцэны і ў адрас настаўніка-метадыста з Ушач Вольгі Анатольеўны Жыткай – Ганаровая грамата Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ёй была ўручана напярэдадні, на абласной педагагічнай канферэнцыі.

Ветэраны Г.Чульба, Р.Саматуга, З.Сяргеева, Т.Залатухіна, М.Пацэйка, В.Якушэнка, Н.Губко.

Не забыліся арганізатары мерапрыемства, ганаровыя госці (сярод іх – У.Г.Аўдошка, намеснік старшыні райвыканкама А.В.Пашковіч, старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі С.А.Тарасевіч) і пра ветэранаў педагагічнай працы – падзякавалі ім за шматгадовую дзейнасць на ніве адукацыі, уручылі сувеніры і кветкі. Знайшлі магчымасць прыйсці на мерапрыемства Ларыса Аркадзьеўна Струй, Раіса Андрэеўна Саматуга, Зінаіда Георгіеўна Сяргеева, Тамара Паўлаўна Залатухіна, Мая Леанідаўна Пацэйка, Валянціна Іванаўна Якушэнка, Галіна Іванаўна Чульба, Надзея Леанідаўна Губко.

Сёлета традыцыйна быў складзены рэйтынг навучальных устаноў раёна, які ўлічыў асноўныя паказчыкі работы педагагічных калектываў. Сярод дашкольных першае месца заняў яслі-сад №3 ­г.п.Ушачы (загадчык – Святлана Іванаўна Лёля). Сярод школ лідарам стала Вялікадолецкая (дырэктар – Рыма Леанідаўна Аніскевіч). Пераможцам уручаны дыпломы і каштоўныя падарункі: ламінатары, каляровыя прынтары.

Дарэчы, вялікадальчане аказаліся першымі і ў раённым аглядзе-конкурсе па падрыхтоўцы да новага навучальнага года, за што атрымалі дыплом і грашовы сертыфікат.

На шляху ў прафесію

На канферэнцыі не раз гучалі імёны лепшых педагогаў. Менавіта з іх можа браць прыклад маладое папаўненне настаўнікаў. Сёлета іх 9, усе – дзяўчаты, у большасці сваёй выпускніцы Полацкага і Аршанскага каледжаў Віцебскага дзяржуніверсітэта імя П.М.Машэрава, адна мае вышэйшую адукацыю. З пачаткам працоўнай дзейнасці кранальнымі вершаванымі радкамі іх віншавалі будучыя першакласнікі. Павесяліў усіх музычны відэаролік пра школу, навучанне ў ёй ад самых маленькіх ушачан. Ну а прыгожыя канцэртныя нумары ў выкананні педагогаў і выхаванцаў дзіцячай школы мастацтваў падарылі па-сапраўднаму святочны настрой.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *