Сонечным, яркім, творчым, рамантычным было для нас лета-2021 – і ўсе названыя адценні выпраменьвалі юныя ўшачанкі, якія выйшлі днямі на сцэну раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, каб высветліць, хто з іх найлепш увасабляе самую цёплую пару года.
Арганізатарамі конкурсу традыцыйна сталі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, раённае аб’яднанне прафсаюзаў і райкам БРСМ, прадстаўнікі якіх і ўвайшлі ў склад журы. Задача ў яго была няпростая, бо ўсе дзяўчаты выглядалі дастойна. Увогуле ж знешнія даныя не з’яўляюцца ў гэтым конкурсе вырашальным фактарам, бо яго фармат больш схіляецца да вядомага шоу “А ну, дзяўчаты!”. Вось і ў гэты раз юныя прыгажуні актыўна дэманстравалі свае шматлікія таленты. Напрыклад, кулінарныя: журы прапанавалі меню з салатаў “Фруктовая асалода” і “Памідорная казка”, пірага і яблычнай шарлоткі. Натуральна, што пасля такога “подкупу” ў наступным творчым конкурсе суддзі не шкадавалі максімальных балаў. Зрэшты, яны напрошваліся і так. Алеся Бойчанка, якую гледачы бачаць ледзь не на ўсіх раённых канцэртах, з запалам выканала сучасную песню і ўкраінскі танец. А вось Ульяна Шалонька прадказальна абрала беларускі, бо з 4-х год з’яўляецца ўдзельніцай фальклорнага калектыву “Спадчына”. Козырамі Кацярыны Вацьковіч аказаліся тэатральны жанр і маляванне. А ад пранікнёнага выканання Ганнай Александровіч песні “Танцы на шкле” ў прысутных па скуры пабеглі мурашкі.
Разынкай праграмы стала традыцыйнае дэфіле ў вячэрніх сукенках, пасля чаго журы агучыла свой вердыкт: Каця атрымала званне “Міс Арыгінальнасць”, Ульяна – “Міс Грацыя”, у Алесі тытул “Міс Усмешка” і спецыяльны прыз, які дзяўчыне ўручыла старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў М.А.Шаўчэнка. Ну а “Міс Лета-2021” стала Аня Александровіч, за якую шчыра і гучна радавалася вялікая група падтрымкі – бацькі Аляксей і Вольга, бабуля Таццяна Аляксандраўна, малодшая сястрычка, цёця, сяброўкі. Усе разам яны ахвотна далі газеце экспрэс-інтэрв’ю, з якога мы даведаліся, што сваёй перамогі дзяўчына не чакала – таму ўдвая радасная, што яна любіць іграць на фартэпіяна, а вось вакальныя нумары дома не рэпеціруе, таму іх выкананне на канцэртах для родных становіцца сюрпрызам.
◆ Мінчанка Ларыса Лейчанка, якая прыехала ва Ушачы, каб даглядаць пажылога бацьку, наведвае амаль усе канцэрты і імпрэзы, што ладзяцца ў цэнтры культуры. На гэты ж конкурс прыйшла разам з мужам, якому таксама вельмі падабаюцца мерапрыемствы ўшацкіх культработнікаў. “Здзіўляе толькі, што нягледзячы на бясплатны ўваход, людзей у зале звычайна не так шмат. Таму хочам параіць ушачанам больш актыўна карыстацца магчымасцю адпачыць і атрымаць асалоду ад мастацтва!”
Трэба сказаць, што для большасці ўдзельніц конкурсу з надыходам восені пачнецца новы этап жыцця: Ганна паедзе вучыцца ў Полацкі каледж ВДУ імя Машэрава, а Алеся Бойчанка – у размешчаны ў гэтым жа горадзе хіміка-тэхналагічны. Каця Вацьковіч стала студэнткай Віцебскага каледжа культуры і мастацтва, і толькі самая юная ўдзельніца – 15-гадовая Ульяна Шалонька працягне атрымліваць веды ў роднай Ушацкай школе. Але няма сумненняў, што ва ўсіх гэтых установах нашы дзяўчаты будуць яркімі і прыкметнымі.
Наталля БАГДАНОВІЧ.