У Николая и Ларисы Тычина хороший лад не только на участке дома, но и в семье

Общество

Сарочынскага Наваселля на сучаснай карце не знойдзеш. Так па-ранейшаму называюць частку Слабады мясцовыя жыхары, ды і раённыя службы могуць для зручнасці карыстацца былым пазначэннем. Замест вёскі зараз у напрамку возера ідзе вуліца Наваселле, якую “адкрывае” дом Мікалая Аляксандравіча і Ларысы Мікалаеўны Тычынаў.

Перад уваходам засланы “дыванок” з аксамітак, астраў, наготак, кусцікі флоксаў, яблыні. Прасторна, адкрыта, нічога лішняга і абсалютны парадак. Пабываўшы ў адзін дзень на некалькіх сядзібах гэтага населенага пункта (без папярэджання пра візіт), склалася ўражанне, што на добраўпарадкаванні і чысціні тут асаблівы “пункцік”.

“Пенсія скончылася, культурна адпачываць няма за што, вось вымушана і працуем”, – гумарам сустрэў нечаканых гасцей Мікалай Аляксандравіч. “Ён у нас любіць жартаваць, – уступае ў размову жонка. – Вылучацца мы не любім, тым больш у горшы бок. Таму стараемся па меры сіл і сродкаў. А як жа інакш, хочацца, каб усё ў парадку было”.

Хоць ужо на пенсіі, жывуць Тычыны па заведзеным раней раскладзе, у якім пад’ём без будзільніка ў 6 гадзін раніцы абавязковы. Раней, калі трымалі каня, карову, парсюкоў, каб паспець на работу, інакш з гаспадаркай не справішся. Зараз адмовіліся ад жывёлы, але не ад прывычак. “Сваякі гарадскія прыязджаюць, кажуць, гатуем, калі прачнёмся, я так не магу. У мяне да 8 узімку печы працеплены, ежа зварана, а потым ужо павольна іншымі справамі займаюся. Праўда, летам у 11 хаваемся ад сонца, робім перапынак. Калі патрэбна дапамога, аднавяскоўцы прыходзяць на выручку, у нас ёсць самастойныя гаспадары з тэхнікай”.

Літаральна пра ўсіх слабадчан Л.Тычына гаворыць паважліва, вылучае лепшыя бакі. Людзей яна ведае добра – 17 гадоў працавала паштальёнам. “Раней па 300 выданняў толькі ў Слабадзе выпісвалі. “Патрыёт” – у кожным доме, а яшчэ цэнтральныя выданні, часопісы, былі нават такія, на што падпіска была абмежаванай, тады і “Зорка” ў нагрузку” – даводзіўся план на падпіску”. Па стане здароўя Ларыса Мікалаеўна заканчвала працоўны шлях санітаркай на ФАПе, а вось Мікалай Аляксандравіч хоць пабываў у розных краях вялікага Савецкага Саюза, але заўсёды з адной, вельмі запатрабаванай прафесіяй токара. Пачынаў у Таліне на Балційскім суднарамонтным заводзе, адтуль накіраваўся па камсамольскай пуцёўцы на будаўніцтва Усць-Ілімскай ГЭС. І вось ужо 43 гады пад рукамі японскі штангенцыркуль. Чаго і не скажаш, гледзячы на інструмент. Пачышчаны і акуратна ўпакаваны, ён і зараз блішчыць як новы, ёсць у яго і савецкі сабрат большага памеру. “Усё залежыла ад запчасткі, якую выточвалі. Гэта зараз кітайскага шырпатрэбу хапае, а тады з трывалага жалеза ўсё рабілі пад канкрэтныя памеры, токар на кожным прадпрыемстве, падганялі не да міліметра, а да двух сотых яго. Вунь адпаведная шкала. А таксама мікраметр у прыдачу”, – расказвае мужчына.

Калі вярнуўся дадому, Мікалай Аляксандравіч працаваў у ПМК-66 і аўтабазе райспажыўтаварыства. У апошні час прафесійныя токары былі ў дэфіцыце. Дома станка няма, не практыкуе, але ўпэўнены, памятаюць прафесійныя навыкі рукі.

Ладна ў Тычынаў не толькі ў доме, на ўчастку, што вузкім шнуром цягнецца ўздоўж шашы, але і ў сям’і. Паважлівыя даверлівыя адносіны муж і жонка пранеслі з тых часоў, як Мікалай прыгледзеў дзяўчыну са свайго Латышова. Усё робяць разам, ва ўсім раяцца, аднолькава шчодра сустракаюць радню з двух бакоў і ладзяць з аднавяскоўцамі.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *