— Чатыры разы са сцэны сталічнага Палаца чыгуначнікаў гучала “горад Ушачы” і нашы вучні падымаліся за кубкамі. Не было гран-пры і суцяшальных прызоў – толькі за тры прызавыя месцы. І ва ўсіх заяўленых намі намінацыях, ва ўсіх без выключэння, нашы сталі лаўрэатамі.
Хто б ні расказваў пра ўдзел у рэспубліканскім традыцыйным адкрытым конкурсе мастацтваў “Вікторыя” – выкладчыкі, дзеці, іх бацькі – усе гаварылі ўзрушана, эмацыянальна. Такімі гарачымі, складанымі былі спаборніцтвы спевакоў. Настолькі масавым быў састаў удзельнікаў: у кожнай намінацыі было пад 30 выступаючых. Такімі прадстаўнічымі сапернікі – узорныя калектывы і студыі вядомых груп, шмат мінскіх і з буйных гарадоў краіны, такіх маленькіх, як Ушачы, лічы што не было.
Затое цяпер Ушачы ведаюць, імя, як кажуць, загучала: выхаванцы Ушацкай школы мастацтваў прымусілі сябе заўважаць чарговай перамогай.
“Ведаеце, сапраўды гордасць перапаўняла, калі нашы вучні выходзілі за кубкамі, – кажа загадчыца эстраднага аддзялення школы мастацтваў Алена Анатольеўна Сазонава. – Гэта не толькі асабістая перамога дзяцей, мы прадстаўлялі раён. Вельмі прыемна было чуць ад выкладчыкаў з іншых рэгіёнаў краіны, што адчуваецца школа”.
Складаным гэты конкурс быў таксама фізічна і маральна. Калі сольнае выступленне Галі Бурак прыпала на 10 гадзін раніцы, то апошняе – Каці Падвойскай – на сем вечара. Ёй аказалася цяжэй за ўсіх. Да яе выхаду кубак лаўрэата ІІІ ступені ўжо мела Галя, “срэбра” заваявалі Жэня Жалязноў і вакальнае трыа ў складзе Лізы Жарнасек, Ані Ларчанка і Галі Бурак. Ды і яе ўзроставая падгрупа была самай масавай. І тым не менш змагла, атрымала дыплом ІІІ ступені.
Поспех нашых вакалістаў, безумоўна, – у школе, якая не толькі адчуваецца, але і вылучаецца. Юныя спевакі ідуць у нагу з часам, бяруцца за такія складаныя жанры як блюз, джаз, імправізуюць голасам. Ды і рэпертуар не “класічна дзіцячы”, а ультрасучасны, яго падборам, запісам фанаграм, дарэчы, займаўся выкладчык школы Алег Барысавіч Іваноў. Многа сіл і сродкаў уклалі і бацькі, былі пашыты новыя сцэнічныя касцюмы, ды і ўдзел практычна ў кожным конкурсе зараз платны. Прыемна, што ўсё атрымалася, што дастойна прайшлі чарговы этап, што бацькі на свае вочы пабачылі (а прысутнічалі разам з дзецьмі абсалютна ўсе), наколькі моцная падрыхтоўка ў школе мастацтваў.
А не паспелі пераможцы вярнуцца ў родную альма-матар, як прыйшло запрашэнне на чарговы конкурс. Ушачы ж ужо вядомы як сур’ёзныя канкурэнты.
В.КАРАЛЕНКА.