«Всегда есть чем заняться» — молодой инженер Владлен Павловец о работе, образовании и жизни

Общество

Уладлен Паўлавец ужо другі месяц працуе галоўным інжынерам у ААТ “Агра-Селішча”. Малады чалавек распачаў шлях у прафесіі год таму ў “Ільюшынскім” і жартуе, што тое, чым палохалі выкладчыкі ў каледжы – не спраўдзілася. Ніякія “вусатыя дзядзькі не ставяцца як да “шчыгла”, калi “даць слабіны”. Пра якую такую слабіну ішла гаворка, юнак так і не зразумеў. Бо ў абодвух калектывах адчуў запатрабаванасць сваіх ведаў і пабачыў, што калегі давяраюць яму важныя задачы, звяртаюцца за парадамі наконт неадназначных тэхнічных момантаў.

На першым працоўным месцы ён выконваў абавязкі як галоўнага інжынера, так і слесара, а ў гарачую пару – і трактарыста. Вось што кажа пра тое, чым даводзіцца займацца цяпер:“На мне – уся дакументацыя, якая датычыцца тэхнікі, запраўка, тэхнічныя агляды, улік камплектацыі, афармленне страховак. У нашай гаспадарцы цяпер каля пяцідзесяці адзінак тэхнікі. Напрыклад, дзевяць камбайнаў, пяць прычэпаў. Вось нядаўна ставіў на ўлік корманарыхтоўчы комплекс, плугі. Выконваю і кіруючыя функцыі: дапускаю людзей да працоўнага дня, праводжу разнарадкі, даю разам з дырэктарам распараджэнні трактарыстам і іншым супрацоўнікам. Часта даводзіцца прымаць хуткія рашэнні. Напрыклад, калі трэба было вырашыць пытанне з адвозкай кармоў, а ўся тэхніка знаходзілася ў вытворчасці, то дапамагло простае выйсце: трактар з прасавання сена “пераапранулі”, і спецыяльным каўшом усе загрузілі ў машыну. Змог пакласціся на трактарыстаў Віктара і Генадзя Хадасевічаў, “амкадоршчыка” Ілью Загародняга. Вельмі захапляюся тым, як, напрыклад, Генадзь сочыць за тэхнікай: у шкарпэтках працаваць можна. А Ілья, дарэчы, яшчэ і добры зваршчык. Увогуле хочацца вылучыць усіх калег, выдатны калектыў прафесіяналаў”.

Таксама суразмоўца дадае, што займаецца і бягучымі бытавымі справамі: той жа посуд у сталоўку падвезці. Лішніх рук у гаспадарцы няма. Не так даўно трэба было ўбіраць свірэпіцу, і так здарылася, што ўсе былі занятыя. Нічога – сеў за камбайн. Уладлен распавядае, што няма часу задумвацца, ці падабаецца праца. Заўсёды ёсць чым заняцца: “А сёмай раніцы – у гаспадарку, а там як пойдзе. Дзень ненарміраваны – калі і ў адзінаццатай дадому вяртаюся. Бывае, што ўвесь час на месцы займаюся дакументамі, а калі і сотні кіламетраў прыходзіцца праехаць. Напрыклад, у Віцебск – па агранамічных пытаннях, а адтуль – у Полацк за запчасткамі. Калі-небудзь прасцей “крутануцца”, чым дамаўляцца з дастаўкай”.

Ездзіць даводзіцца шмат, таму напачатку старшыня Сяргей Аляксандравіч Плігаўка нават даваў хлопцу сваю машыну. Цяпер жа Уладлен набыў і ўласную. Як ён сам кажа, шмат з таго, што яму ўдалося здабыць, мае дзякуючы чалавечым зносінам. Хлопец вырас і жыве ў гарпасёлку разам з бабуляй Марыяй Цімафееўнай Паўлавец з Арцюшкаў. Калі яму было паўтара года, яго маці і тату, якія жылі ў Полацку, пазбавілі бацькоўскіх правоў. Аб гэтым маладому чалавеку непрыемна ні ўзгадваць, ні казаць. У тры гады яго забрала да сябе бабуля. Яна і другая бабуля Ганна Мікалаеўна Вяргазава з Полацка, як ён кажа, далі яму столькі, колькі, напэўна, не здолеў бы ніхто. Усім чалавечым якасцям, суразмоўца падкрэслівае, абавязаны ім. Аднак жартуе, што меў хуліганісты характар.

Хоць у лепельскім каледжы тэхніку-механіку далі добрыя веды па дакументацыі і мэнэджменце, усё ж для пасады інжынера патрэбна вышэйшая адукацыя. Таму ён пераразмеркаваўся з Ільюшына ў Селішча, калі ў першую гаспадарку прыйшоў спецыяліст пасля ўніверсітэта. Тым, хто плануе атрымаць гэтую прафесію, хлопец раіць уважліва разбірацца з ведамі па дакументацыі, а таксама паглыбляцца ў фінансавае адміністраванне галіны. Як аказалася, усё гэта кожны дзень даводзіцца прымяняць на практыцы. Па яго словах, вучоба ў каледжы дала шмат прыкладных навыкаў і інфармацыі, якія цяпер вельмі дапамагаюць.

Яго працоўны лёс толькі распачынаецца. Невядома, як ён складзецца потым. Ну, пакуль што малады чалавек жыве паміж Ушачамі, Селішчам, Полацкам, дзе жыве дзяўчына, і Наваполацкам, дзе атрымаў кватэру па сацыяльным статусе.

Вольга СЕВЕРЫНА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *