“Вы б летам заехалі, калі кветкі цвітуць”, – казала Людміла Сафонаўна Пацэйка – старэйшына вёскі Слабада, калі мы гутарылі з ёй зімой пра справы вясковыя і грамадскую нагрузку.
І мы завіталі, праўда, адшукаць знаёмыя вароты не атрымалася. Вакол дома стаяла новая агароджа, дакладнымі лініямі металапрофілю абрамляючы астравок поўнага парадку. І хоць добрую вышыню мае, над ёй тым не менш выглядалі прыгожыя ружовыя гладыёлусы, кожны з якіх меў трывалую падтрымку – без яе веліканам не ўстаяць.
Вакол дома сапраўды ўсё патанае ў кветках. У палісадзе любімыя ружы і бардзюрныя кампазіцыі, петуніі, флоксы і вяргіні. А яшчэ герань і “агеньчыкі”. Так-так, хоць кветкі гэтыя пакаёвыя, аднак у Людмілы Сафонаўны цвітуць амаль круглы год. Аказваецца, вельмі любяць свежае паветра, хаця і не пад сонечнымі промнямі. “Бачыце, як разросся і ўвесь “гарыць” – нездарма ж “агеньчык”, – паказвала гаспадыня бадай самую распаўсюджаную кветку савецкіх часоў. – У цені вунь які здаровы і ўвесь цвіце. Больш сціплы сорт, чым аксамітны, а выглядае лепш – бо пад кронай дрэва. Высаджвала іх невялічкімі, за лета раскусціліся. А восенню, калі пераношу ў дом, увесь абрываю па галінках – зноў чаранкую, і зімой у мяне квітнее кожнае акно”.
На вуліцы выдатна адчувала сябе герань – якую таксама размнажаюць чаранкаваннем.
Акрамя палісаду нельга было не звярнуць увагі на градкі. Ці з выбранай агароднінай, ці з буракамі, але без адзінай травінкі – у прамым сэнсе слова, быццам падмеценыя ды памытыя, такая чыстая чорная зямля. “Як у Вас так атрымліваецца?” – не змаглі не запытацца, а ў адказ Людміла Сафонаўна сарамліва паказала рукі. “У пальчатках не магу палоць, таму вось якія”. Сакрэт любой дагледжанай сядзібы просты – там не сядзяць склаўшы рукі.
Вольга КАРАЛЕНКА.