Мінаюць часы, а настаўніцкая прафесія па-ранейшаму застаецца адной з самых пачэсных і запатрабаваных. Сёлета пачатак новага навучальнага года стане стартам педагагічнай кар’еры аж для дзесяці маладых спецыялістаў, прыбыўшых у наш раён. Такая лічба асабліва радуе, бо ў мінулым годзе гэту сферу папоўнілі пяць, а пазалетась – толькі чатыры выпускнікі педагагічных універсітэтаў і каледжаў.
Ну а пачатку іх працоўных будняў папярэднічала прыемная ўрачыстасць: маладое папаўненне цёплымі словамі і мудрымі парадамі сустракалі прадстаўнікі раённага кіраўніцтва і будучыя калегі. “Для нас вялікая радасць прымаць вас на ушацкай зямлі! Вельмі прыемна, што палова з прыбыўшых – мясцовыя ўраджэнцы, астатнія ж, мяркую, хутка ўпэўняцца, што трапілі ў лепшы для жыцця раён!” – зазначыла намеснік старшыні райвыканкама А.В.Пашковіч. “Любіце сваю працу – і яна адплаціць вам бязмернай удзячнасцю вучняў і іх бацькоў”, – падкрэсліла начальнік аддзела па адукацыі М.В.Варава. Метадысты раённага вучэбна-метадычнага кабінета Н.А.Падгол і А.В.Касіч выказалі спадзяванне, што маладыя педагогі будуць назапашваць у сваю скарбонку ўсё лепшае, што напрацавана ў раёне, нагадалі, што прафесія абавязвае да ўзорных паводзін, і калі маці можа дапусціць памылкі ў зносінах з уласным дзіцем, то ў выхавальніка і настаўніка такога права няма. Аб дзейнасці раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, прывілеях для яе членаў распавяла яе старшыня С.А.Тарасевіч.
Як і належыць пры знаёмстве, кожная з новапрыбыўшых (а сярод іх выключна дзяўчаты) крыху расказала пра сябе. Большасць з іх – выпускніцы Полацкага і Аршанскага каледжаў ВДУ імя П.М.Машэрава, адна мае вышэйшую адукацыю. Сярод захапленняў пераважае спорт, музыка, рукадзелле. І літаральна ў кожнай “візітоўцы” былі словы: “Пайшла ў педагогіку, бо вельмі люблю дзяцей!”.
◆ “Прафесію я выбрала яшчэ ў пачатковых класах – пад уплывам урокаў маёй першай настаўніцы Надзеі Мікалаеўны Ціханенкі. І канечне, пастараюся не падвесці яе, іншых педагогаў Ушацкай школы і Полацкага каледжа. Ну а тое, што пачынаю кар’еру на радзіме, канечне, надае ўпэўненасці!” – дзеліцца ўражаннямі А.Гатаўская.
Ну а самым прыгожым момантам імпрэзы сталі букеты, якія дзяўчаты атрымалі ад сваіх будучых непасрэдных кіраўнікоў. Намеснік дырэктара Глыбачанскай школы Галіна Васільеўна Казлова не хавала радасці ад таго, што іх калектыў папоўняць настаўнікі пачатковых класаў Вікторыя Аляксандраўна Евянкова і працоўнага выхавання і выяўленчага мастацтва Анастасія Сяргееўна Агафончык. Наталля Васільеўна Стрыжонак на правах кіраўніка Ушацкай СШ вітала Маргарыту Віктараўну Мяркулаву, якая будзе весці ўрокі музыкі, і Лізавету Уладзіміраўну Манькоўскую, падапечнымі якой стануць малодшыя вучні. Дырэктар Арэхаўскай СШ Ларыса Аляксандраўна Булаўка прыняла ў калектыў Ганну Сяргееўну Марозаву, якая таксама будзе вучыць малышоў. Двума выхавальнікамі папоўніўся калектыў ясляў-сада №4 гарпасёлка, які ўзначальвае Ірына Анатольеўна Ціханава: тутэйшыя малышы будуць старанна вучыць імя і імя па-бацьку Анастасіі Васільеўны Гатаўскай і Марыі Аляксандраўны Дземідзенкі. “Здаецца, зусім нядаўна Насценька Ладыгіна хадзіла ў наш яслі-сад №2 – а сёння мы сустракаем Анастасію Аляксандраўну ў якасці калегі!” – канстатавала намеснік загадчыка ўстановы Алена Аляксандраўна Банеўская. Прыйшло папаўненне і ў яслі-сад №1: загадчык Ірына Мікалаеўна Клоп вітала Ксенію Сяргееўну Цыганкову. Не сумняваецца ў тым, што з прыходам Ганны Віктараўны Маршалкінай атмасфера ў раённым цэнтры дзяцей і моладзі стане яшчэ больш творчай і крэатыўнай, яго дырэктар Людміла Васільеўна Давыдава.
Святы зменяцца буднямі і, канечне, не абыдзецца на старце без складаных момантаў – але вопытныя настаўнікі абавязкова падставяць плячо маладым калегам. І мы шчыра зычым, каб іх педагагічны шлях, пачаты на Ушаччыне, быў доўгім, плённым і захапляльным.
Наталля БАГДАНОВІЧ.