По-настоящему сладкий праздник мёда прошёл в Ушачах

Общество

У Гваздзёвых з аграгарадка Ільюшына на абедзенным стале заўсёды стаіць слоік з мёдам. З ім п’юць гарбату, каву, ядуць тварог і кашы. Цукар купляюць толькі для варэння. Хаця, і ў многіх рэцэптах для большай карысці таксама раяць выкарыстоўваць менавіта пчаліны дар. Гэта сям’я з аграгарадка адрознівалася ад іншых удзельнікаў Свята мёду, што сабраліся ў пятніцу ў скверы гарпасёлка тым, што прамысловыя аб’ёмы – штогод даглядаюць 70-80 вулляў – трымаюць у якасці хобі. І Аляксандр Мікалаевіч, і Наталля Віктараўна працуюць, а таму на пасецы займаюцца аглядам ставак утрох. Дапамагае вывозіць сем’і, адкатваць салодкую прадукцыю і сын. Мёд у сям’і любяць усе, унукі ў тым ліку.

А вось сярод гасцей свята – выхаванцаў аздараўленчага лагера “Арляня” былі і такія, якіх і сілком не прымусіш дома з’есці мёд. Так і казала адна дзяўчына, якая аднак разам з сябрамі чэрпала з дэгустацыйнага слоіка салодкі прадукт: “Але тут такі смачны, што нельга ўтрымацца”. На вачах таяў ён на стале Івана і Алесі Хамёнкаў, дзе і тоўпілася больш за ўсё дзятвы. Падрыхтаваліся пастаянныя ўдзельнікі свята: выставілі акрамя асноўнай прадукцыі і лекавых дароў яшчэ і наглядную экспазіцыю. Малыя быццам унутр вулля зазірнулі, разглядаючы рамку ў шкле. Пчолы займаліся сваёй справай – запячатвалі соты, а Алеся Анатольеўна тлумачыла школьнікам, дзе пярга, дзе закрыты, гатовы мёд, а дзе яшчэ жыткі.

Найбольшага росквіту пчалярства ў Беларусі дасягнула ў VIII-XVII стагоддзях. У той час было больш за мільён борцяў (калод), з якіх штогод бралі не меней 500 000 пудоў мёду. Толькі воску праз Полацкую мытню штогод вывозілася больш за 2000 пудоў.

– Як вам ўдалося пасадзіць іх за шкло, каб не разляцеліся? – пытаюся ў Івана Уладзіміравіча. “Дык яны ж спакойныя. Узяў і пераставіў. Наша сярэдняруская пчала не кусае, голымі рукамі працуй. Важу і батфакс, і карпатка аднекуль прыляцела. Віды адрозніваюцца, апошняя, напрыклад, у любы год будзе з мёдам, бо “вараватая”, калі сама не наносіць, значыць у іншых “пазычыць”. Толькі стаўку паставіш аглядаць, а яны ўжо на ёй”. Іван Уладзіміравіч да пчалярства прызвычаіўся ад бацькі. З трох ставак у Кавалеўшчыне пачынаў, зараз іх 80 і гэта стала яго прафесіяй. “Дрэнна, што дзяржава не закупляе мёд. 4 тоны складана прадаць у розніцу, мы б рады оптам здаць, таму і шукаем самастойна такія кропкі”, – расказваў ён пра збыт.

На рынку пастаянна з мядовай прадукцыяй і Галіна Мікалаеўна Марковіч. Вось ужо 30 гадоў, як бортніцтва стала іх сямейным бізнэсам. Пасека Анатолю Цярэнцьевічу таксама дасталася ад бацькі. Яна і знаходзіцца на малой радзіме ў Арцюшках – закрытым зацішнум куточку, дзе Цярэнцій Васільевіч вучыў сына азам. Вось і стаў А.Ц.Марковіч першым на Ушаччыне прафесійным бортнікам. Матак новых відаў ён не закупляе, кажа, што абсалютна задавальняе наша цёмная сярэдняруская, а вось селекцыя – уласная. “Калі меней 20 літраў з сям’і, то такую выбракоўваю, вяду ўлік, апрацоўваю ад шкоднікаў, і канечне, на сабе апрабоўваем пчаліныя лекі. Невыпадкова нават памор прывезлі, настой на гарэлцы і пры захворванні шчытападобнай залозы дапамагае, і пры прастатыце. Ды пра ўласцівасці мёду можна многа расказваць”.

Аб тым, што ў пчол карысна літаральна ўсё: пярга, матачнае малако, праполіс, выдатна ведае сям’я Глінскіх. Невыпадкова пераехалі з Наваполацка на малую радзіму, каб паправіць здароўе. Чыстае наваколле вёсачкі Пяскі цэняць і пчолы, якія абавязкова прыносяць па два вядры з вулля. Майскі пачаў цукрыцца (гэта абавязковая ўласцівасць сапраўднага мёду), меў жоўты колер, а свежы жнівеньскі – цёмна-бурштынавы. Валянціна Пятроўна і Мікалай Пятровіч прывезлі яго і ў сотах. На рынку яны гандлююць толькі раз на тыдні, у асноўным разбіраюць пастаянныя пакупнікі як з розных гарадоў, так і з Ушач. Сярод іх былы дырэктар раённага Дома культуры Соф’я Мікалаеўна Тарасеня: “Пазнаёміліся з Валянцінай Пятроўнай, калі ў 2013 годзе рыхтавалі першае свята мёду. Тады набыла іх ліпавы прадукт, апрабавалі, з таго часу толькі тут і бяру”. “Мяне тады ледзь угаварылі прыняць удзел у мерапрыемстве, а цяпер ні аднаго года не прапусцілі, – дадае В.П.Глінская. – Падабаецца, што гэта заўсёды рэклама прадуктаў пчалярства, нездарма казалі: “Мёд на стале – здароўе ў доме”. Ды і прадаецца заўсёды бойка. Сёлета толькі пакупнікоў нямнога. Заўважаю, што і прыхільнікаў пчалярства становіцца ўсё больш. Для сябе няхай некалькі ставак, але заводзяць на вёсках многія. І гэта выдатна”.

На 1 студзеня 2021 года ў раёне налічвалася 734 пчаласям’і.

Дарэчы, я таксама заўсёды імкнуся заглянуць на свята мёду, каб запасціся і параўноўваць з розных мясцін. А летась па заканчэнні мерапрыемства выбару ўжо не было. Раскупілі, бо прывезлі пчаляры нямнога. Не вельмі ўрадлівы быў год, чаго не скажаш пра сёлетні. Толькі што адкатаныя лішкі з вядра разліваў у слоікі Міхаіл Уладзіміравіч Малей, у якога ў Паперыне 8 домікаў. Прывезлі з зацішных Шнітак мёд Мікалай Васільевіч і Таіса Вікенцьеўна Буракі, у якіх усяго 5 сямей. Ну а Васіль Міхайлавіч Конан са Стараселля паставіў самы нізкі кошт – пяць рублёў за паўлітра, бо накатвае ўдосталь: “Сёлета зафіксаваў рэкорд, адна сям’я прынесла 150 кілаграмаў”.

Літаральна ўсім пчалярам намеснік старшыні райвыканкама Алена Васільеўна Пашковіч уручыла граматы за адраджэнне промыслу, а таксама вялікія драўляныя лыжкі. Каб і надалей было чым разліваць мядок. А протаіерэй Вячаслаў Лобец па традыцыі, што ладзіцца на Мядовы спас, асвяціў пчалярскі прадукт, а таксама ўсіх удзельнікаў свята.
Што пчала ў адзіноце жыве толькі дзень, а ў сям’і можа і месяц, што лётае за нектарам за некалькі кіламетраў, можна было даведацца, спрабуючы разгадаць віктарыну, якую, як і выставу літаратуры пра ўласцівасці прадуктаў пчалярства, падрыхтавалі супрацоўнікі бібліятэкі. Арганізатары мерапрыемства – раённы цэнтр культуры і народнай творчасці заварвалі гарбату з разнатраўя, якой частавалі ўсіх жадаючых. А Людміла Дунец хутка распрадала выпечаныя боханы хлеба. “Мёд у нас свой, а вось хлеб гэты не першы раз набываю, падабаецца”, – казала мінчанка Надзея Васільеўна Мазго.

Шмат карыснай інфармацыі і прыгожых песень было гэтым пятнічным днём. А ў фінале мерапрыемства прайшоў конкурс “Кветкавая фантазія”. Каця Дунец, Ксюша Тарасевіч, Ясенія Кляшчонак, Крысціна Коўшаль, Мілана Ісаева, Насця Сяліцкая і Каця Вацьковіч абаранялі тэматычныя касцюмы ружы, сланечніка і рамонку – які аказаўся самым папулярным сярод удзельніц, усе з якіх атрымалі заахвочвальныя прызы.

Вольга КАРАЛЕНКА.

  • Рэкамендуецца ўжываць мёд пры язвавай хваробе страўніка і дванаццаціперснай кішкі. Для гэтага мёд растварыць у шклянцы цёплай кіпячонай вады, прымаць раніцай і ўвечары 30 — 60 г, днём 40 — 80 г, за 1,5 — 2 гадзіны да сняданку, абеду і праз 3 гадзіны пасля вячэры. Раствораны мёд разрэджвае слізі ў страўніку, здымае боль, ліквідуе млоснасць, пякотку.
  • Перамяшаць 1 кілаграм здрабнёных журавін, стакан часнаку і паўлітра мёду. Ужываць нашча па 1 сталовай лыжцы. Карысна пры прастудзе і для павышэння імунітэту.
  • Змяшаць па 1 сталовай лыжцы мёду і соку альясу з двума лыжками гарэлкі. Атрыманую сумесь накладваць на балючае месца як кампрэс пры артрытах, артрозах, астэахандрозе, радыкуліце і рэўматызме. Працэдуру паўтараць, пакуль болі не знікнуць.
  • Пры кашлі змешваюць два стаканы соку чорнай рэдзькі і адзін вадкага мёду. Піць па 1-2 чайныя лыжкі кожную гадзіну.
  • Жаванне сотаў з мёдам ачышчае насаглотку ад патагеннай мікрафлоры. Эфектыўна таксама пры ангіне, стаматыце.
  • Пропаліс рэкамендуюць ужываць пры лячэнні такіх захворванняў як: сухоты, ліхаманка, рак, атэрасклероз. Прадукт валодае моцнымі антыбактэрыйнымі ўласцівасцямі і стымулюе аднаўленчыя функцыі арганізма. Пры ангіне настой на гарэлцы (1 чайную лыжку) уліць у слоік з вадой і паласкаць горла.

Прадукты пчалярства алергічны, таму падыходзяць не кожнаму.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *