Ад гісторый, пра якія сёння раскажам, кідае ў жар. Усе яны адбыліся нядаўна на Ушаччыне і маглі прывесці да непапраўнага. Галоўнымі ж іх “героямі” сталі падлеткі і зусім яшчэ малышы.
Змякчыць, а лепш папярэдзіць
Гуляць у двары ля шматпавярхоўкі 6-гадоваму ўшачаніну надакучыла. Ведаючы, што ў райцэнтры ладзяцца гулянні ў сувязі з Днём Незалежнасці, хлопчык вырашыў і сабе ўстроіць свята – нікога не папярэдзіўшы, накіраваўся з вуліцы Віцебскай у сквер. Вось толькі там нядоўга радаваўся лазанню па горках – зваліўся з адной і паламаў руку. Пытанне, чаму бацькоў, дарэчы, мнагадзетных, на працягу 4 гадзін не хвалявала, дзе знаходзіцца сын, застаецца адкрытым… Трое падлеткаў паехалі на дачу ў вёску Броўчына. Тэлевізар паказваў дрэнна – і адзін з юнакоў палез на дах, каб паправіць антэну. Лесвіца аказалася няўстойлівай – хлопец зваліўся і атрымаў чэрапна-мазгавую і іншыя траўмы.
Як нам паведамілі ў дзіцячым аддзяленні ЦРБ, самай частай прычынай траўматызму дзяцей на Ушаччыне з’яўляюцца падзенні. Акрамя прыгаданых выпадкаў усё часцей фігуруюць раненні, атрыманыя пры занятках актыўнымі відамі спорту. У гэтай сувязі спецыялісты раяць выкарыстоўваць шлем, накаленнікі і налакотнікі. Пры яздзе на роліках трэба звярнуць увагу на тое, каб яны надзейна фіксавалі шчыкалатку, якую можа лёгка вывіхнуць. Навучыце дзіця тэхніцы правільнага падзення. Пры выкарыстанні спартыўнага інвентару (лепш набываць у надзейных вытворцаў) сачыце, каб ён быў спраўны і адпавядаў узросту дзіцяці. Напрыклад, калі малы ездзіць на веласіпедзе, то рама павінна быць хаця б на 7 см ніжэй, чым вышыня пахвіны дзіцяці, якое стаіць на зямлі. Вышыня ж сядзення павінна быць такой, каб нармальна дацягвацца прамой нагой да педалі ў ніжнім становішчы, пры гэтым яго ступня павінна стаяць на ёй сярэдняй часткай. Заўсёды звяртайце ўвагу на якасць абароны ланцуга, каб туды не трапіла калашына.
На вока выявіць у малога пералом, мікратрэшчыну няпроста. Яны могуць суправаджацца болем ці праходзіць амаль бязбольна, здараюцца страта сілы і рухомасці ў пашкоджаным месцы, змяненне формы. Пры сур’ёзным траўміраванні акажыце дзіця першую медыцынскую дапамогу (скажам, пры пераломе рукі зафіксуйце яе кавалкам матэрыі да шыі так, каб яна была сагнута пад вуглом 90 градусаў і свабодна ляжала) і як мага хутчэй пакажыце траўматолагу. Сінякі, драпіны і ранкі аператыўна прамывайце і апрацоўвайце антысептыкам. Да месца ўдару трэба прыкласці халодны прадмет або паліць халоднай вадой, каб сцішыць боль і не дапусціць напухання.
Калі ваша дзіця актыўнае, часта траўміруецца, старайцеся часцей арганізоўваць з ім спакойныя гульні, прагулкі. Чытайце, малюйце, спявайце – усё гэта можна рабіць і на беразе, і на паляне, і ў парку.
І ў ванне можна патануць
Падзеі чатырохмесячнай даўнасці бацькі двухгадовага Максіма ўспамінаюць як страшны сон. Усёй сям’ёй знаходзіліся на вуліцы, малы спакойна гуляў. Мяркуючы, што за сынам прыгледзіць муж, жанчына ненадоўга зайшла ў дом, каб паставіць на пліту кашу. Паспадзяваўся на другую палавіну і мужчына, які гэтак жа адышоў па справах. Калі ж абое перасякліся, схапіліся за галаву і пабеглі ў двор. Там хлопчыка не аказалася. Паколькі і раней ён спрабаваў трапіць на суседскі падворак – да саджалкі ў метрах 50 ад дома, рушылі туды. І ледзь прытомнасць не страцілі, убачыўшы бездыханнае цела сына на паверхні вады. На шчасце, не спасаваў тата – вынес хлопчыка на бераг і, пакуль ехала “хуткая”, аказаў неабходныя рэанімацыйныя дзеянні (такія навыкі ва ўшачаніна былі). Як пазней адзначаць медыкі, ім выратаваць малыша было б ужо немагчыма.
Утапленне – другая па частаце прычына смяротнасці сярод дзяцей ва ўзросце ад года да 14-ці ў Беларусі. За першае паўгоддзе 2021-га вада забрала жыцці 25 малых. На жаль, быў такі выпадак сёлета і на Ушаччыне. Прычым, як паказвае практыка, небяспеку ўяўляюць не толькі натуральныя вадаёмы (рэчка, возера), але і каналы, канавы, калодзежы, бываюць і выпадкі ўтапленняў у ваннай.
Ніколі не пакідайце дзіця без нагляду ля вады. Для самых малых глыбіня на ўзроўні 20 см – гэта ўжо небяспечна! Калі дзіця знаходзіцца ў ванне, басейне ці любой іншай вадзе, а вам трэба адысці на хвілінку, бярыце яго з сабой. Не пакідайце каля басейна ці напоўненай ванны цацкі, якія могуць упасці і справакаваць у малога жаданне іх дастаць.
Гульні з падвохам
Непрыемны інцыдэнт адбыўся нядаўна ў скверы гарпасёлка. Малышка бавіла час пад наглядам блізкіх. Літаральна хвіліна – і сюды імчала карэта “хуткай”. Дзяўчынка надта блізка падышла да арэляў, на якіх каталіся дзве сястрычкі, і атрымала моцны ўдар, які прывёў да пералому сківіцы… Яшчэ адзін юны ўшачанін летась выпрабоўваў свае навыкі па раскочванні арэляў на вуліцы Віцебскай. Жаданае “сонейка” зрабіць не атрымалася, а вось паламаць руку – так.
Дзіцячыя пляцоўкі, на якіх размешчаны арэлі, уяўляюць сур’ёзную небяспеку. Пасля падзення асноўнай памылкай малых становіцца спроба стаць на ногі, у выніку чаго яны атрымліваюць яшчэ адзін удар – па галаве. Не пакідайце дзяцей адных, нават самых паслухмяных і занятых сваёй справай. Хадзіце следам – яны павінны быць ад вас на адлегласці выцягнутай рукі.
Не пускайце сыноў і дочак да незавершаных будоўляў, пустуючых катлаванаў, кар’ераў. Абвальванне грунту адбываецца маментальна, магчымасці выбрацца з-пад завалу практычна няма. У той жа час на вуліцы Віцебскай малыя будуюць лазы, капаюць лабірынты, скочваюцца са схілаў пясчаных горак…
Трымайце на кантролі і месцы знаходжання старэйшых дзяцей. Па інфармацыі інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС, папулярным ва ўшацкіх падлеткаў з’яўляецца зараз так званая “База” каля ПМК-66. Вядома, што ля закінутага, паўразбуранага будынка – з арматурамі вакол – атрымаць траўму проста. Тым больш пры ўмове заняткаў паркурам.
Хімія на смак
Некалькі год таму ва Ушацкую райбальніцу трапіў малыш з сур’ёзным атручваннем – яго зацікавіў змест колбачкі з марганцоўкай. Яшчэ адзін паспрабаваў на смак ёд, які знайшоў у дамашняй аптэчцы.
На шчасце, абодвум “дэгустатарам” удалося дапамагчы. Аднак медыкі папярэджваюць: наступствы ў такіх сітуацыях могуць быць трагічнымі. Захоўвайце лекі і хімічныя рэчывы ў месцах, недаступных для дзяцей. А таксама манеты – у кашальках, батарэйкі, упрыгожванні – у закрытых скрынях.
Мамы, закрыйце рамы
Гэтым летам у райаддзел міліцыі паступіла тэлефанаванне – жыхар аднаго з дамоў па вуліцы Віцебскай паведаміў, што па падаконніку адчыненага акна шматпавярхоўкі (а гэта пяты паверх!) ходзіць маленькае дзіця. Праваахоўнікі, якія прыбылі на месца, дарослых не засталі. Як высветлілася, маці пайшла сустракаць з работы мужа, каб потым зайсці разам у магазін, а малодшае дзіця пакінула са старэйшым, якому ўсяго 12. Той пра неабходнасць догляду хутка забыўся і заняўся сваімі справамі…
На шчасце, у гэтым выпадку абышлося без трагедыі. А праз тыдзень аналагічная сітуацыя ў адным з гарадоў краіны ўсё ж забрала дзіцячае жыццё. Па даных Следчага камітэта (падобныя факты знаходзяцца на яго кантролі), з прычыны падзення з вокнаў у год гіне каля 15 маленькіх беларусаў, некалькі дзясяткаў атрымліваюць траўмы. Тыповая карціна: крэсла, канапа, тумбачка. І вось ужо падаконнік… Адных падштурхоўвае цікаўнасць, іншыя проста губляюць раўнавагу.
Калі ў доме ёсць дзіця, адсуньце ад вокнаў мэблю, каб яно не змагло ўзлезці на падаконнік. Вазьміце за правіла не адкрываць акно цалкам – праветрыць памяшканне можна праз верхнюю фортку ці фрамугу. Не разлічвайце на маскітныя сеткі: яны не вытрымаюць вагі дзіцяці. Устанавіце на рамы блакіратары – спецыяльныя прылады, якія не дазволяць малышу самастойна адкрыць вокны. Вытворцы апошніх, дарэчы, прапануюць розныя практычныя рашэнні: адмысловыя сістэмы фурнітуры, замкі і ручкі з ключом. Іх кошт на сённяшні дзень складае ад 7 да 30 рублёў.
На шалуне і шапка гарыць
Некалькі год таму ў Сарочыне пяцёра дзяцей сабраліся ў недабудаваным лазневым зрубе сям’і аднаго з іх. З сабой прыхапілі запалкі – хацелі праверыць, ці загарыцца пух з матрацаў, якія там захоўваліся. “Эксперымент” хутка надакучыў – усе разышліся па дамах. Вось толькі, відаць, годна патушыць запаленае забыліся. Уначы пачаўся пажар – будынак лазні амаль цалкам знішчаны, мог пацярпець і размешчаны блізка ад яго дом з насельнікамі. Ад трагедыі выратавала тое, што агонь своечасова ўбачыў сусед.
Расказвайце дзецям аб элементарных правілах бяспекі, яны павінны ведаць нумары экстранных службаў. Растлумачце, што ў выпадку пажару неабходна выбягаць на вуліцу і ні ў якім разе не хавацца. Захоўвайце запалкі ў недаступных месцах, не дазваляйце самастойна карыстацца газавымі і электрычнымі прыборамі.
Што рабіць?
Існуе меркаванне, што засцерагчы дзіця ад траўм можна толькі забараніўшы яму ўсе патэнцыяльна небяспечныя дзеянні. Але гэта не так. Хлопчыкам і дзяўчынкам патрэбны свабода, прастора для творчасці. У гульнях фарміруецца характар, воля і фізічныя якасці. Задача дарослых – не змагацца з фізіялагічна апраўданай актыўнасцю, а адцягнуць увагу дзяцей ад рызыкоўных свавольстваў, прапанаваўшы не менш цікавую альтэрнатыву.
Кожны дзень паўтарайце сынам і дочкам наступныя правілы:
- плавай толькі ў спецыяльна прызначаных для гэтага месцах, на абсталяваных і бяспечных пляжах;
- не нырай у месцах з невядомым дном;
- матрацы і выратавальныя кругі не прызначаны для таго, каб заплываць далёка, плавай на іх паблізу ад берага;
- калі ярка свеціць сонца, насі галаўны ўбор;
- калі адчуваеш, што скура пачынае пячы і чырванець, неадкладна сыдзі ў цень або апраніся;
- у спёку не бяры з сабой і не еш прадукты, якія хутка сапсуюцца: мяса, каўбасу, рыбу, малочку;
- пі летам шмат вады, але не салодкую – ад яе смага толькі павысіцца;
- еш толькі вымытыя прадукты і мый перад гэтым рукі;
- калі побач насякомыя, не рабі рэзкіх рухаў;
- не падыходзь блізка да сабак, асабліва калі ёсць шчанюкі ці жывёла корміцца;
- не размаўляй з незнаёмцамі (мужчынамі і жанчынамі), нічога не бяры ў іх і не вядзі дадому, не называй свой адрас, прозвішча, тэлефон;
- калі хтосьці цябе схапіў і цягне, кліч на дапамогу: крычы, што гэта не твае бацькі, звяртай на сябе ўвагу прахожых;
- калі цябе праследуюць, ідзі ў людныя месцы (нельга кідацца ў тупікі або заходзіць у цёмныя пад’езды), прасі дапамогі ў міліцыянера, ахоўніка, прадаўца або проста дарослых людзей.
Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.