На красочном «Фестивале двух рек» в Докшицах принял участие и творческий коллектив Ушаччины

Общество

У прайшоўшыя выхадныя эпіцэнтрам культурнага жыцця вобласці і рэспублікі сталі Докшыцы. У пяты раз нашы суседзі праводзілі рэспубліканскі “Фестываль дзвюх рэк”, які ўжо стаў прыкметным брэндавым мерапрыемствам рэгіёну і аб’яднаў не толькі мастацкія калектывы, а і спартсменаў, майстроў.

Докшыцкі раён мае ўнікальную прыродную асаблівасць: на яго тэрыторыі бяруць пачатак рэкі Бярэзіна і Вілія. Адна цячэ на поўдзень і ўпадае ў Днепр, іншая – прыток Нёмана – накіроўваецца на поўнач. Гэты факт увекавечаны на гербе райцэнтра. Адсюль і ўзнікла ідэя сацыяльна-культурнага праекта “Фестываль дзвюх рэк”, які стаў сапраўдным святам дружбы, творчасці і натхнення.

Летась фестываль не праводзіўся, а таму сёлета праграма свята атрымалася вельмі насычанай і цікавай, тым больш што супала з Днём горада – Докшыцам споўнілася 614 гадоў.

Чаго толькі ні было ў гэтыя дні на вуліцах горада: конкурсы-выставы, адмысловыя фотазоны, адкрытыя пленэры мастакоў, забаўляльныя пляцоўкі для дзяцей і дарослых, спартыўныя мерапрыемствы, аднымі з самых відовішчных сталі спаборніцтвы па гіравым марафоне “Кубак дзвюх рэк”, у якім прыняў удзел шматразовы чэмпіён і рэкардсмен свету, легенда гіравога спорту Вячаслаў Харанэка.

Цудоўныя падворкі падрыхтавалі сельсаветы. Адметна, што ў кожным быў распрацаваны свой брэнд, у аснове якога – характэрная асаблівасць краю. Напрыклад, аграгарадок Порплішча асацыіруецца з Яблычным Спасам. Сакавіты фрукт абраны брэндам краю. Адпаведна, на падворку – стравы з яблыкаў. У Сітцах гатуюць самыя смачныя ў акрузе сыры. Запамінальнай падзеяй стала маляўнічае тэатралізаванае шэсце. У ліку першых ішлі прыгажуні-рэкі, шматметровыя шлейфы якіх старанна трымалі памочніцы-кропелькі. Рытм святочнай калоны адбіваў узорны калектыў барабаншчыц і мажарэтак. Докшычане гасцінна віталі творчыя калектывы, якія прыехалі на фестываль. Сярод іх быў і вакальны гурт “Ушачаначка” раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. “Прынялі ўдзел у вакальным конкурсе, таксама было некалькі нумароў у вялікім святочным канцэрце. А пасля накіраваліся ў аграгарадок Сітцы, дзе выступілі з сольнай праграмай. Па задуме арганізатараў многія калектывы адправіліся ў вёскі, дзе ладзілі свята для сельскіх жыхароў, якія не завіталі непасрэдна ў Докшыцы. Нас так цёпла сустракалі! Адорвалі не толькі шчырымі апладысментамі, а і кветкамі. Дадому вярталіся стомленыя, але задаволеныя і ўражаныя, яшчэ і Дыпломы за актыўны ўдзел у праекце атрымалі”, – падзяліліся ўдзельніцы “Ушачаначкі” Валянціна Літвін і Святлана Муша.

Пабывалі на свяце не толькі нашы артысты, а і кіраўніцтва раёна – збіраць сяброў і суседзяў ужо добрая традыцыя фестывалю.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *