УСЁ ДЛЯ ЗРУЧНАСЦІ ЛЮДЗЕЙ
Уявіце свой дзень без электрычнасці… Так, нельга будзе зрабіць амаль ніякую справу паўнацэнна і адразу ўзнікне адчуванне некамфортнасці. У сучасным свеце ад работнікаў энергетычнай галіны напрамую залежыць бесперабойная работа заводаў, прадпрыемстваў, дзяржаўных устаноў, школ, бальніц, а таксама цяпло і ўтульнасць любога дома і ў канечным выніку якасць жыцця кожнага з нас. Сваё прафесійнае свята энергетыкі адзначаюць у адзін з самых кароткіх светлавых дзён у годзе – 22 снежня.
У гэты дзень работнікі электрычных сетак Ушацкага раёна працуюць у звычайным рэжыме. Калектыў, які пастаянна сочыць за тым, каб у нашых дамах было святло, складаецца з 65-ці чалавек. Тут не бывае выхадных і святочных дзён, работа ідзе круглыя суткі. Як адзначае, начальнік Ушацкага раёна электрычных сетак філіяла “Полацкія электрычныя сеткі” В.М.Варанько, цяжка вылучыць з усяго калектыву лепшых, бо абсалютна ўсе выконваюць сваю работу на высокім прафесійным узроўні, кожны разумее сур’ёзнасць справы і тую адказнасць, якая кладзецца на плечы.
Асноўнай задачай па-ранейшаму з’яўляецца надзейнае і бесперабойнае забеспячэнне жыхароў раёна электраэнергіяй. А для гэтага праводзіцца рэканструкцыя і рамонт ліній, хуткая лакалізацыя аварый. У гэтым годзе выкананы ўсе планы па рамонце абсталявання, трансфарматарных падстанцый. Праведзена рэканструкцыя ліній электраперадач 0,4-10кв агульнай працягласцю 10,5 кіламетра. Заканчваецца рэканструкцыя лініі 10кв працягласцю 9 кіламетраў. Замененыя на лініях ізаляваныя правады больш надзейныя, устойлівыя да непагадзі, а таксама робяць мінімальнай магчымасць крадзяжу электраэнергіі. На жаль, такія факты па-ранейшаму маюць месца, заўсёды знаходзяцца тыя, хто імкнецца зэканоміць сродкі на электраэнергіі. Да такіх прымяняюцца меры адміністрацыйнага ўздзеяння ў выглядзе штрафаў, аднак і гэта не спыняе некаторых парушальнікаў.
На будучы год ужо запланаваны рамонт ліній электраперадач не толькі па гарпасёлку, але і па раёне.
Бесперабойнасць падачы электраэнергіі ў многім залежыць і ад дыспетчарскай службы, якая кіруе працэсам, бачыць усе пашкоджанні. Тут працуюць правераныя і вопытныя людзі, якія выдатна ведаюць справу. У гэтым годзе на абласных спаборніцтвах дыспетчарскіх службаў дыспетчар А.А.Калітуха заняў першае месца, а на мінулых спаборніцтвах М.В.Зелянко і Ф.А.Сукорскі занялі першыя месцы ў сваіх намінацыях.
З 1978 года працуе дыспетчарам В.У.Анкудовіч. Ён як ніхто іншы ведае ўсе нюансы службы.
– Работа падабаецца, таму і затрымаўся тут на такі працяглы час. Хочацца, каб усе людзі з разуменнем адносіліся да нашай справы, не заўсёды хутка можна ліквідаваць аварыю, у тую ж хвіліну высветліць, чаму не гарыць ліхтар, – гаворыць Віктар Уладзіміравіч.
Увесь працоўны стаж галоўнага інжынера С.А.Жаланкоўскага ў гэтым калектыве. Многаму вучыцца ў старэйшага пакалення, пераймае вопыт моладзь. Стараюцца электраманцёры, майстры, вадзіцелі. Калі патрэбна, кожны з іх гатовы выйсці на рабочае месца і ў свой выхадны.
Складаная работа заўсёды добра ацэньваецца. Сёлета Ганаровай граматай РУП “Віцебскэнерга” ўзнагароджаны дыспетчар А.А.Калітуха, граматы і падзякі Полацкіх электрычных сетак атрымалі іншыя работнікі.
Дзякуючы пастаяннай працы гэтых людзей у нас зараз гарыць святло, працуюць электрапрыборы, без якіх мы ўжо не ўяўляем свайго жыцця, ёсць цяпло. Са святам вас, паважаныя энергетыкі!
В.ПОЛАЗАВА.
На здымку: