«Не вывозились неделю». Житель улицы Первомайской поднял вопрос о мусорных контейнерах

Общество

“Кантэйнеры са смеццем былі запоўнены і не вывозіліся тыдзень, вакол іх бардак. Намыты ліўнямі пясок на павароце з Кастрычніцкай не ўбіраецца, ды і ліўнёўка не чысцілася”, – узнімаў пытанні жыхар вуліцы Першамайскай.

Адказваючы на іх, намеснік дырэктара УП ЖКГ Вольга Віктараўна Шчэрбік зазначыла, што вываз смецця – балючая тэма не толькі для людзей, але і для камунальнікаў: “Возьмем тую ж вуліцу Першамайскую. У апошніх кантэйнерах было накідана зямлі з травой і галін, да таго ж умудрыліся запіхнуць матрац, побач стаяла канапа. Акцэнтую ўвагу, што буйнагабарытнае і будаўнічае смецце павінна вывозіцца асобна: калі няма магчымасці зрабіць гэта самастойна, можна заказаць трактар ва УП ЖКГ. Ведаючы, што ў нас мала хто карыстаецца цывільным шляхам і хутчэй вывезе ў бліжэйшыя кусты, чым на афіцыйны сметнік, прашу ў такім разе пакідаць буйныя рэчы побач са скрынямі, а не запіхваць унутр тыя ж крэслы. Выгрузіць механічна кантэйнер у такім разе не атрымліваецца, на той жа Першамайскай даводзілася браць дадатковых людзей і вымаць уручную, а канапу і крэслы вывозіць у трактарным прычэпе. Што датычыцца рэшткаў агародніны, травы, сучча, то ўсё гэта можна і трэба ўтылізаваць на ўчастку. Кантэйнеры прызначаны для бытавога смецця (!). А калі туды наносяць зямлі, цэглы, яны становяцца непад’ёмнымі і таксама выгружаюцца ўручную.

Смеццявозы прадпрыемства, на жаль, замартызаваныя, часта ламаюцца, у тым ліку ад такіх вось нагрузак. Таму сапраўды бываюць зрывы ў графіку вывазу, у такім выпадку кантэйнеры ачышчаюцца на наступны дзень. Дарэчы, па вуліцы Першамайскай апошні раз смецце выкідвалася ў панядзелак, а графік па гэтай вуліцы: панядзелак і чацвер. Што датычыцца ліўнёўкі, то яна працуе і перыядычна ачышчаецца”.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *