Универмаг Ушачского филиала облпотребобщества поможет выгодно подготовиться к школе

Экономика и малый бизнес

Чацвер, заканчэнне працоўнага дня. Не выхадны і не адвячорак, каб усёй сям’ёй займацца шопінгам. Ды і штомесячнай акцыі – 15-працэнтнай скідкі ў гэты дзень няма. А ва ўнівермагу Ушацкага філіяла аблспажыўтаварыства сем’ямі выбіраюць школьную форму, прымяраюць сумкі, напаўняюць пакупніцкі кошык сшыткамі, алоўкамі, пластылінам. Да школы яшчэ тры тыдні, але прадбачлівыя бацькі загадзя складаюць школьны ранец, набыўшы ўсё патрэбнае па разумным кошце.

З 10 па 31 жніўня ва ўнівермагу дзейнічае 10-працэнтная скідка на ўвесь школьны асартымент.

І ў класе можна пафарсіць

У прымерачнай – Ксенія Ляхава і яе дачка Маша. Дзяўчынка ўжо паспела апрануць блузку і шырокія кароткія штаны, што выглядаюць як спадніца. “Падабаецца, будзеш насіць?” – пытаецца маці. І атрымаўшы ў адказ задаволеную ўсмешку, ідзе да касы. Пакупка абышлася ў 80 рублёў. Калі б бралі замест святочнага ўбору паўсядзёны гольф ці джэмпер, было б танней – да 60, бо трыкатажная верхняя вопратка на кожны дзень каштуе 13-18 рублёў.

“Мы самі з Шуміліна, – гаворыць Ксенія. – Калі прыязджаем да дзядулі, абавязкова прыходзім ва ўнівермаг, кожны год да школы тут рыхтуемся. У нас дома, на жаль, няма такога выбару. Сюды ж і заходзіць прыемна. Новае абсталяванне, бачна, дзе што знаходзіцца, нават без дапамогі прадаўцоў усё адшукаеш”.

Ну а яшчэ дзве маладыя мамы ўсё ж скарысталіся дапамогай спецыялістаў. Наталля Прашковіч, акінуўшы вокам дзяўчынак, прапанавала чатыры віды сарафанаў, выбрала з рада спадніц падыходзячага памеру, акцэнтавала ўвагу на не надта маркай персікавай блузцы. Жанчыны прыйшлі прымерыць і прыцаніцца. “Асартымент нават большы, чым летась, – гаворыць Таццяна Шаршнёва. – з’віліся цікавыя, модныя мадэлі, для нас гэта прынцыпова, паколькі дзяўчыты любяць пафарсіць. Мяркую, што спынімся на варыянце са штанамі, больш практычна: і пад куртку, і пад паліто апранеш. Ну а за пакупкай прыйдзем у дзень акцый, 15 працэнтаў ад усёй сумы – гэта адчувальна, тым больш што акрамя школьнай формы бяром спартыўную, калготкі, ніжнюю бялізну”.

“Апранаемся ва ўнівермагу, таму што тут тавары вядомых беларускіх марак, – дадае яе сяброўка Зоя Петухова. І сама нашу адзенне “Калінкі”, і маёй Злаце падабаецца. Ды і ўпэўнена, што не распаўзецца па швах праз тыдзень, а тканіна не выкліча алергіі, бо ўвесь школьны тавар праходзіць жорсткі кантроль”.

Пастаўшчык, правераны попытам

Вядучы таваразнаўца па прамысловых таварах Наталля Васільеўна Чабатар рабіла чарговы заказ: на дадатковую партыю дзіцячых і дарослых кашуль фірмы “Nadex”. Працуюць з ёй даўно, добра ведае асартымент, таму можна на сайце заказаць памеры па каўнерыку, афарбоўку, даўжыню рукава. У спісе пастаянных пастаўшчыкоў школьнага адзення таксама “Калінка”, “Світанак”, “8 Сакавіка”, аднак заўсёды сама выязджае на віцебскі склад фабрыкі за выбарам тавару. “Мадэлі ёсць, канечне, і на сайце, аднак лепш пабачыць, як выглядаюць “у жывую”, тканіну памацаць. Ды і з вялікага асартыменту выбраць тое, што карыстаецца попытам менавіта ў нашага пакупніка, – расказвае Наталля Васільеўна. – Мне з заказам школьнай формы і прылад прасцей – у самой дачка школьніца, ведаю, што падабаецца моладзі. І вельмі радуе, што добра падрыхтавалася да сёлетняга сезона “Калінка” – мадэльны рад не проста шырэйшы, чым летась, але абноўлены і больш сучасны, з’явіліся завужаныя і ўкарочаныя штаны, спадніцы на какетцы. Завезлі ўсё новае яшчэ ў ліпені, зараз толькі папаўняем асартымент. Са “Світанка” паступяць яшчэ байкі, джэмперы, гольфы. Вокладкі для падручнікаў бяром штогод у лепельскага прадпрымальніка “Сёмачкінай”– вельмі добры і таму хадавы тавар, ранцы і маладзёжныя сумкі праз плячо – у “Галантэі”. Пры выбары акцэнт робім і на цэннік. Даходы ў людзей розныя, а хочацца, каб знайшлі пакупку менавіта ў нас”.

Па акцыі ці ў растэрміноўку

Зразумела, што з’яўляецца школьны тавар не толькі да 1 верасня. Сшыткі, дзённікі – пастаянна. Школьныя касцюмы для хлопчыкаў класічных мадэляў затрымаліся на паліцах з пазамінулага года і каштуюць усяго 35-60 рублёў. Фуфайкі, спартыўныя штаны, гольфы, джэмперы – толькі з канвеера, а таксама пад вывескай “Акцыя”. На спецыяльных паліцах, размешчаных, дарэчы, у самым цэнтры гандлёвай залы, уцэненыя мадэлі ранейшых гадоў. Такія ж прыгожыя, каляровыя, з бавоўны, якія чамусьці затрымаліся. Каб адшукалі свайго пакупніка, на ўсё зроблена ўцэнка на 15 працэнтаў. Ну а на прадукцыю “Калінкі” па дамоўленасці з фабрыкай – ажно напалову. Такім чынам цёплы джэмпер патаннеў з 32 да 16 рублёў, штаны – з 51 да 26. У дадатак да ўсяго можна скарыстацца беспрацэнтнай пазыкай – калі тавар пацягнуў на суму звыш 200 рублёў, яго можна набыць у растэрміноўку на тры месяцы, ну і некалькі разоў кожны месяц скарыстацца 15-працэнтнай скідкай, калі сума пакупкі больш 20 рублёў.

Сям’я Дуброўскіх з аграгарадка Ільюшына літаральна ўсе канцылярскія тавары набыла ва ўнівермагу. І не заплаціла за гэта ні капейкі. Ужо не першы год ААТ “Ільюшынскі”, дзе механізатарам працуе муж, выдзяляе працаўнікам да 30 працэнтаў бюджэту пажытачнага мінімуму на кожнага школьніка. Сёлета гэта 85 рублёў. Дагавор складаецца паміж філіялам і гаспадаркай, а ва ўнівермаг паступаюць спісы з прозвішчамі. “Мы маглі на гэтыя сродкі набыць і адзенне, і ранец, і куртку, – гаворыць Ганна Дуброўская. – Але паколькі Ксюша ідзе ў шосты клас, многае захавалася. Падрасла, аднак не крытычна, каб поўнасцю мяняць гардэроб. А вось школьныя прылады ўсе патрэбны новыя. Таму сшыткі, дзённік, каляровую паперу – літаральна ўсё па спісе набылі ў адным месцы. Уклаліся ў вызначаную суму. Вельмі ўдзячны сельгаспрадпрыемству за падтрымку. Я ў дэкрэтным адпачынку, працуе адзін тата, таму вельмі дарэчы, як і дзяржаўная дапамога.

І ў спецыяльным кутку заўважыла нямала адвешаных рэчаў. І поўных камплектаў, і блузак. “ Маці з дачкой прыйшлі, прымерылі, а бабуля пазней аплаціць. Многія робяць падарункі сваім унукам, – гаворыць прадавец Галіна Баравік. – А наогул да нас прыязджаюць за школьным таварам нават з іншых гарадоў – Бешанковічаў, нават Полацка і Наваполацка, прычым спецыяльна. Так і гавораць: “Ведаем, што ў вас заўсёды апранёмся”.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *