У гэтыя жнівеньскія дні клопаты бацькоў школьнікаў звязаны з падрыхтоўкай да навучальнага года. Па-першае, трэба скласці спіс патрэбных рэчаў. Па-другое, абраць гандлёвую кропку, дзе знайшлося б усё гэта высокай якасці, па разумным кошце і гусце сына, дачкі. Мы вырашылі дапамагчы ўшачанам у гэтай справе і зрабілі імправізаваную “шпаргалку” цэн на канцылярскія прылады.
Як заўсёды, на прылаўках магазінаў і рыначных ралетаў вялізны выбар такога тавару. Разгубіцца можна не толькі ад прапанаванага асартыменту, але і ад цэн. Мяркуйце самі: кошт пеналаў вагаецца ад 1.10 рубля (за просты пластмасавы тубус) да амаль 17 (“рол” на 3 аддзяленні) – першы рэкорд зафіксаваны ў гандлёвай кропцы “Усё за капейку”, другі – на рынку. Прычына такой разбежкі – розная якасць тавару. Да таго ж самы дарагі ўжо змяшчае пэўную колькасць ручак, алоўкаў. У магазіне “Белбланкавыд” пенал можна набыць ад 1.45 да 15.85, прыкладна столькі ж – ва ўнівермагу, а на рынку – у сярэднім за 7-8 рублёў. Аналагічная сітуацыя і з дзённікамі: ва ўнівермагу ён каштуе 1.89, у “Белбланкавыд” – 1.96 (руска- і беларускамоўны варыянты), а на рынку – 1.30 (для малодшых класаў) і 2.80 (для старэйшых, у цвёрдай вокладцы).
Ні адзін школьнік не пойдзе на заняткі без сшыткаў. Гэты важны атрыбут у шырокім асартыменце і па дастаткова нізкім кошце маецца ў магазіне “Белбланкавыд”. Просты 12-аркушавы сшытак тут пацягне на 0.12 (дарэчы, ёсць і варыянты з яркай, шчыльнай вокладкай – аднак ужо за 0.32). На рынку і ва “Усё за капейку” кошт такога тавару складае 0.15, “Востраве чысціні” – 0.16, ва ўнівермагу – 0.17 (клетка, лінейка) і 0.27 (касая і вузкая лінейка). Паўагульныя сшыткі ва ўнівермагу абыдуцца ў 0.68-1.17 (агульныя – 1.22-1.99), у “Белбланкавыд” – 0.70-0.95 (1.60), на рынку – 0.80 (1.60-1.80), “Усё за капейку” – 1.20-2.0, “Востраве чысціні” – 0.6-0.96.
Вокладка для сшыткаў ва ўнівермагу каштуе 0.12, на рынку – 0.15. У “Белбланкавыд” набор такога тавару з 10 штук можна набыць як за 1.40, так і за 4.15 (розная шчыльнасць), “Усё за капейку” – 2.50. “Апрануць” падручнік ва ўнівермагу можна за 0.45 і 0.89 (розніца не ў якасці, а ў часе завозу тавару – варта паспяшацца, каб набыць мінулагодні), на рынку – 0.65, у “Белбланкавыд” – 0.68, “Усё за капейку” – 0.70. Дарэчы, у апошніх трох кропках можна набыць і гатовыя наборы вокладак па класах, яны абыдуцца дзешавей.
◆ “Набывала сёлета канцылярскія тавары для ўнучкі-першакласніцы, – падзялілася з намі ўшачанка І.Сініца. – Брала ўсё самае лепшае і строга па спісе, выдадзеным у школе, – у выніку патраціла 90 рублёў. Як індывідуальны прадпрымальнік, які спецыялізуецца на рэалізацыі такога тавару, скажу: укласціся можна і ў 80. Бацькам жа старшакласнікаў варта быць гатовымі да большых сум. Парада ад мяне: набывайце ўсё не “з галавы”, а строга па спісе – гэта і час зэканоміць, і грошы, паколькі не купіце лішняга”.
Кошт на прылады для малявання залежыць ад колькасці колераў і вытворцы. Так, ва ўнівермагу 6-колерную палітру алоўкаў можна набыць за 1.30, 18-колерную – 4.58. У “Белбланкавыд” аналагічны тавар будзе каштаваць 1.60-1.75, 3.0-5.30 (12 колераў), 6.10 (18), на рынку – ад 2.40 да 4.20 (12), “Усё за капейку” – ад 1.20 да 3.56. Найбольш бюджэтныя наборы фламастараў на 6 колераў – ва ўнівермагу каштуюць 1.20, на рынку – 1.40, “Усё за капейку” – 1.60. Кошт на акварэльныя фарбы ва ўнівермагу вагаецца ад 2.07 да 4.79 (на рынку – ад 2.00 да 5.60, у “Белбланкавыд” – ад 2.40 да 3.85, “Усё за капейку” – ад 2.0 да 3.35), гуаш можна знайсці ад 5.15 да 7.04 (прыкладна столькі ж на рынку і ў “Белбланкавыд”, а ва “Усё за капейку” – ад 3.26 да 7.28).
Альбомы для малявання ва ўнівермагу каштуюць ад 0.75 да 3.22, каляровы кардон – ад 1.25 да 2.41, каляровая папера – ад 0.75 да 1.38. Мінімальны кошт такога тавару ў “Белбланкавыд” – 1.50, 2.35 і 1.85 адпаведна, “Усё за капейку” – 1.00, 1.20 і 1.00.
Адчувальная разбежка назіраецца на кошт пластыліну. Мінімальны складае 2.00 (6 колераў) ва “Усё за капейку”, 2.17 (10 колераў) ва ўнівермагу і 2.10 (8 колераў) на рынку. А вось пра максімум сказаць складана, бо даводзілася бачыць і за 5 рублёў, і нават за 9.
Асобна хочацца спыніцца на выбары школьнага ранца. Не сакрэт, што ад зручнасці мадэлі залежыць здароўе дзіцяці. Правільны ранец павінен важыць менш за 1 кілаграм, мець артапедычную спінку, шлейкі, якія рэгулююцца, зручныя замкі і маланкі, шмат кішэняў і ёмістае ўнутранае аддзяленне. Усім гэтым патрабаванням адпавядае тавар, выпушчаны “Галантэяй” і прадстаўлены ў асартыменце ва ўнівермагу. Кошт яго прымальны – у сярэднім 50-58 рублёў. Ёсць і даражэйшыя варыянты (каля 90 рублёў) – стыльныя маладзёжныя рукзакі, сумкі цераз плячо. Калі трэба зэканоміць, можна падабраць і кітайскую рэч за 25.
Патрэбныя школьнікам канцтавары прапанаваны і ў некаторых іншых гандлёвых кропках райцэнтра. Не адкладвайце шопінг да апошняга: пакуль няма ажыятажу, прыцаніцца і паспяхова затарыцца прасцей.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.
Канцелярские товары есть и в магазине UMNEYKA, в КБО на 2-м этаже. Цены довольно адекватные, есть 10% скидка от 40.00. Тетради тонкие по 15 копеек, обложки по 9 копеек, дневники в твёрдой обложке 2.70. Есть и ранцы, по 36 рублей. Неплохой выбор школьной одежды.