На пришкольных участках учреждений образования Ушаччины идёт активная уборка урожая

Образование и молодежь

Уборка ўраджаю – адказная пара не толькі для аграрыяў. Кіпіць работа зараз і на прышкольных участках усіх устаноў адукацыі Ушацкага раёна. Вырашчаныя тут садавіна і агародніна не толькі забяспечаць, вітамінізуюць рацыён вучняў, але і ўмацуюць матэрыяльную базу.

У актыўнай фазе зараз агародніцкія клопаты ў Глыбачанскай школе. Ужо сабраны тут даволі багаты ураджай цыбулі і азімага часнаку. Чакаюць сваёй чаргі капуста, фасоля, бульба, якія таксама выглядаюць дастойна.

– І ўсё ж у “топе” – догляд за цяпліцамі, дзе вырошчваем перцы, таматы, – расказвае намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Г.В.Казлова. – Апошнія сёлета асабліва радуюць: ужо рэалізавалі насельніцтву на суму звыш 335 рублёў. І гэта толькі невялікая часта сабранага са старой цяплічкі! Багата зачырванела ўжо і новая – полікарбанатная (яе за спонсарскія сродкі набылі некалькі год таму). Няма сумненняў, што і школе на ўласныя патрэбы хопіць (каб на стале ў школьнікаў у верасні быў свежы салацік, выбіраем найперш познія гатункі), і з землякамі яшчэ падзелімся.

Апрацоўваць прышкольны ўчастак – а гэта 16 сотак – заўсёды няпроста. Сёлета ж дадатковых выпрабаванняў падкінула надвор’е. У чэрвені-ліпені ў аграгарадку не было ні каплі дажджу – і ў 30-градусную спёку зямля літаральна на вачах ператваралася ў пустынную. Калектыву навучальнай установы даводзілася і пачынаць, і заканчваць дзень багатым палівам. На перадавой у гэтым пытанні традыцыйна былі як прадстаўнікі тэхнічнага персаналу, так і настаўнікі – нават падчас знаходжання ў водпуску многія прыходзілі ў школу, каб “дапамагчы” агароду, кветнікам. Навыкі па рабоце на ўчастку напрацоўвалі і вучні – пад кіраўніцтвам адказных за вытворчую практыку педагогаў Наталлі Міхайлаўны Уліцкай і Таісы Ігараўны Церашкавец (на здымку) яны атрымлівалі, напэўна, адзін з самых асноўных на вёсцы ўрокаў.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *