Коллектив Ушачской ЦРБ пополнился 8 молодыми специалистами

Общество

Кожны год на Ушаччыну прыязджаюць маладыя спецыялісты, якімі папаўняюцца мясцовыя ўстановы і арганізацыі. Сёлета своеасаблівым рэкардсменам у гэтым сэнсе стала цэнтральная райбальніца, куды пасля заканчэння вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў прыйшлі 2 урача, 6 прадстаўнікоў сярэдняга медперсаналу.

Д.Паршонак, К.Белагрыўцава, Ю.Мамонава, А.Міранкова, І.Буйневіч, А.Паншын.

Як адзначыла на апошнім агульнабальнічным сходзе, наладжаным у тым ліку для знаёмства з новаспечанымі спецыялістамі, галоўны ўрач А.А.Міранкова, ва ўстанове традыцыйна робіцца стаўка на моладзь. Штогод выпускнікам школ Ушаччыны даюцца накіраванні на паступленне ў медыцынскія ўніверсітэты, каледжы. І многія, што радуе, карыстаюцца прывілеяй. Сярод такіх сёлета – урач агульнай практыкі тэрапеўтычнага кабінета паліклінікі Крысціна Белагрыўцава, урач-педыятр педыятрычнага аддзялення Валерыя Севярын, участковая медыцынская сястра дзіцячай кансультацыі Юлія Мамонава, працэдурная медсястра тэрапеўтычнага аддзялення Дзіяна Паршонак, медсястра агульнай практыкі тэрапеўтычнага кабінета Ілона Буйневіч, фельчар агульнапаліклінічнага персаналу Аляксандра Сайко. У ліку “мэтавікаў” таксама – памочнік урача па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе Алеся Ліленка, якая размеркавана ва Ушацкую ЦРБ, аднак пакуль знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку. Ад імя калектыву Анжаліка Анатольеўна выказала спадзяванне, што ўсе яны пасля вызначанай адпрацоўкі (5 гадоў – для выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў, 3 – сярэдніх спецыяльных) застануцца на малой радзіме. Як, дарэчы, і малады спецыяліст, які паступаў без накіравання: фельчар выязной брыгады хуткай медыцынскай дапамогі Анастасія Кладніцкая.

Падчас прыгаданай сустрэчы адміністрацыя ЦРБ, прадстаўнікі кадравай службы, бухгалтэрыі, падрабязна спыніліся на хвалюючых моладзь пытаннях. Сярод іх, безумоўна, жыллёвае – усе юнакі і дзяўчаты ўжо забяспечаны дахам над галавой. Не павінны паскардзіцца яны і на заработную плату: прадугледжаны адмысловыя надбаўкі маладым спецыялістам, а таксама за спецыфіку працы, кантракт і іншыя. Іншагароднім на старце прафесійнай дзейнасці выплачваюцца пад’ёмныя. Можа разлічваць моладзь на дадатковы заахвочвальны водпуск – да 5 дзён, ільготны крэдыт на набыццё дамашняй маёмасці. Акрамя таго, за ўсімі замацаваны настаўнікі – вопытныя ўрачы і работнікі сярэдняга звяна.

– Работа медыка – надзвычай адказная, таму пры ўзнікненні любых цяжкасцей не саромейцеся звяртацца да нас ці ў прафсаюзную пярвічку, дарэчы, адну з лепшых у раёне, – зазначыла А.А.Міранкова. – Разам мы зможам многае! Спадзяюся, што хутка пачуем цёплыя словы ў ваш адрас ад удзячных пацыентаў. У добры шлях!

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *