Прыспешанае засухай, гэтак шпарка стартавала сёлетняе жніво, што свята “Зажынкі”, якое традыцыйна ладзіцца на апошнім тыдні ліпеня, хлебаробы Ушаччыны сустракалі ўжо з немалым багажом намалочаных тон. І сапраўды, ці было такое апошнім часам, каб яшчэ да пачатку жніўня паказчык убраных у раёне гектараў зерневых падбіраўся да 30 працэнтаў. Але ж адно з самых прыгожых святаў года ад гэтага, канечне, сваёй урачыстасці не страціла – праходзіла яно ў суботу на палетках КУСГП “Вялікадолецкае” і было, як і сам летні дзень, вельмі цёплым і сонечным.
“Зажынкі” заўсёды радуюць прыгожымі планамі. Вось і сёлета касую шарэнгу з шасці зернеўборачных камбайнаў, што застылі на ўскрайку жытнёвай нівы ля Мазуліна, нават цяжка было “змясціць” у аб’ектыў. Затое перад пачаткам дзейства можна было зрабіць прыгожыя здымкі дружнай каманды далецкіх механізатараў, якая расквечвала кадры яркімі футболкамі і прамяністымі ўсмешкамі. Сёлета за штурвалы збожжаўборачнай тэхнікі селі Рыгор Філімонаў, Андрэй Смаляк, Ягор Мацюш, Юрый Альбіновіч, Уладзімір і Сяргей Вусько. “Ліда-1300” апошняга, дарэчы, “разбаўляла” на ўзмежку поля чараду “Палессяў” і засведчвала рэкордную акалічнасць: ветэран гаспадаркі вывеў любімы камбайн на жніво ўжо 22-і сезон запар! Дарэчы, менавіта Сяргею Міхайлавічу павязаў сімвалічны ручнік яго калега з “Агра-Селішча” Генадзь Часлававіч Хадасевіч, які летась падчас правядзення “Зажынак” у названай гаспадарцы таксама быў “капітанам” мясцовай камбайнерскай каманды.
Ёсць у гэтага свята і іншыя абавязковыя дзействы. Сярод такіх – каравай з леташняй мукі, які падносіцца кіраўніку раёна. “Гэты год вельмі складаны, а на цяперашні адрэзак часу наклаўся цэлы шэраг работ: і кармы нарыхтоўваем, і жніво ў разгары, а днямі ўжо сяўбу азімых крыжакветных пачынаць трэба, – падкрэсліў У.Г.Аўдошка ў сваім прывітальным слове. – Таму ўся надзея на літасць прыроды і працавітыя рукі нашых хлебаробаў, якім мы шчыра зычым добрага ўраджаю і высокіх заробкаў”.
◆ На наша пытанне, чаму менавіта вялікадальчанам аказаны сёлета гонар правесці “Зажынкі”, кіраўнік раёна У.Г.Аўдошка патлумачыў, што гэта гаспадарка з адметнымі традыцыямі, у якой імкнуцца да належнай культуры земляробства, а ўвогуле арганізатары стараюцца давяраць правядзенне гэтага свята розным сельгаспрадпрыемствам – і амаль усе яны ўжо паспрабавалі сябе ў ролі яго гаспадароў.
Звярнуўся да прысутных і начальнік райсельгасхарча С.С.Садоўскі. “Сімвалічна, што ў дзень ушацкіх “Зажынак” Беларусь заваявала на Алімпіядзе ў Токіа першае “золата”, – зазначыў ён у сваёй прамове, у якой прывёў і некаторыя лічбы, што датычацца сёлетняга жніва. Зерневыя і зернебабовыя культуры спрадвеку з’яўляюцца важнейшымі ў айчынным земляробстве, вось і ў нашым раёне імі занята 40 працэнтаў ворыўных плошчаў, з якіх сёлета плануецца атрымаць каля 18 тысяч тон збожжа. Гэта будзе няпроста, бо з-за сюрпрызаў надвор’я зерневыя культуры не цалкам раскрылі свой біялагічны патэнцыял. Але ж аграрыі, безумоўна, зробяць усё, каб хутка і без страт правесці жніво. На палетках раёна працуе 31 камбайн, на кожны з якіх прыпадае сярэдняя нагрузка ў 276 гектараў, а самы вялікі зерневы клін у “Маяка-Ушацкага”, “Ільюшынскага” і “Глыбачан”.
Чын асвячэння тэхнікі і ўдзельнікаў жніва правялі благачынны Ушацкага раёна Аляксандр Таляронак і настаяцель храма святых пакутніц Мінадоры, Мітрадоры, Німфадоры Вячаслаў Лобец. Культработнікі і самадзейныя артысты ў нацыянальных уборах выканалі жніўныя песні і танцы, а таксама зладзілі абрад, падчас якога зжалі сярпамі першы сноп і перадалі яго кіраўніку гаспадаркі. Станіслаў Міхайлавіч Лісічонак пажадаў сваім падначаленым поспехаў, а пасля традыцыйнай дэгустацыі мясцовых пачастункаў прагучала каманда: “Па машынах!”. Адзін за адным паплылі далецкія камбайны па залатой ніве, а госці свята, сярод якіх былі прадстаўнікі ўсіх гаспадарак і прадпрыемстваў-шэфаў, спецыялісты аграрнай галіны і жыхары наваколля – прасякнутыя ўрачыстасцю моманта, не спяшаліся разыходзіцца і махалі ўслед магутным машынам.
“Калі даведаліся, што менавіта нам сёлета аказаны давер правесці “Зажынкі”, і ўзрадаваліся, і расхваляваліся – але, здаецца, няблага справіліся, за што мая вялікая ўдзячнасць усім, хто быў задзейнічаны ў падрыхтоўцы, і персанальна нашым гаспадыням, якія накрывалі святочны стол!” – зазначыў С.Лісічонак. Трэба адзначыць, што ў “Вялікадолецкім” да арганізацыі свята падышлі грунтоўна: навялі парадак на мехдвары, іншых вытворчых аб’ектах і нават паднавілі выгляд адміністрацыйнага будынка. Вынік жа плённай працы парадаваў усіх.
Асабліва ж адобрылі выбар месца правядзення свята жыхары Мазуліна, якія прыйшлі на яго ўсім сялом – што, прынамсі, было нескладана, бо ў вёсачцы зараз жывуць толькі сёстры Надзея Паўлаўна і Ніна Паўлаўна Урбан, якія ўсё жыццё адпрацавалі ў мясцовым саўгасе, а таксама дачнікі – сям’я Альбіновічаў. “У нас тут нячаста такія падзеі, таму вельмі рады нагодзе “выйсці ў людзі”: мы і песні паслухалі, і пачаставаліся!” – не хавалі эмоцый пажылыя вяскоўцы. Далучыліся да свята і жыхары аграгарадка: сярод гледачоў былі і ветэраны працы – такія, як Галіна Сяргееўна Лосева, і моладзь – хоць і знаходзіцца зараз у водпуску ветурач прадпрыемства Наталля Клачок, аднак прапусціць “Зажынкі”, канечне, не магла, прыехала з мужам і маленькім сынам.
Ну а апошнімі месца правядзення свята пакідалі С.Лісічонак, А.Зянюк і І.Іванюта. Тром аграномам было аб чым пагаварыць, тым больш што ў іх лёсах ёсць узаемасувязь. Два гады таму ў час работы ў “Дземенцы” Станіслаў прыслухоўваўся да парад больш вопытнага Ігара, які, у сваю чаргу, у 2008-м пачынаў кар’еру менавіта на Далеччыне, пад апекай Аляксандра Віктаравіча. Дарэчы, свой першы працоўны дзень І.Іванюта выдатна запомніў: “Галоўны аграном павёз мяне знаёміцца з палеткамі і недзе ў наваколлі Мірнага паказаў на ўскрайку поля… мядзведжыя сляды: вялікія, свежыя! Маўляў, вось у якую глыбінку цябе занесла, хлопча. Але ж я не надта спалохаўся – наадварот, было цікава. Ды і зараз, канечне, не шкадую, што змяніў сваю Талачыншчыну на Ушацкі раён: хоць і не вельмі ўрадлівыя тут землі, затое якія працавітыя і шчырыя людзі!”
…Камбайны між тым ужо дажыналі мазулінскае жыта і дырэктар з галоўным аграномам размяркоўвалі сваю надзейную каманду па іншых участках саспелай збажыны. Масавае жніво набрала абароты, і хочацца спадзявацца, што на яго фінішы настрой у аграрыяў таксама будзе святочны.
Наталля БАГДАНОВІЧ.