За зменай прозвішча – і пасля вяселля
– Пры рэгістрацыі заключэння шлюбу засталася на сваім дзявочым прозвішчы. Зараз хачу ўзяць мужава. Ці можна гэта зрабіць і як?
На пытанне нашай чытачкі адказвае начальнік аддзела загса Ушацкага райвыканкама Алена Мікалаеўна МАЛАШЧАНКА:
– У адпаведнасці з часткай 5 артыкула 21 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і змяненне мужам і жонкай ці адным з іх прозвішча, абранага пры заключэнні шлюбу, на прозвішча іншага ці двайное ажыццяўляецца адзін раз у парадку, устаноўленым для ўнясення змяненняў у запісе актаў грамадзянскага стану. Па гэтым пытанні Вам неабходна звярнуцца ў аддзел загса па месцы жыхарства ці па месцы знаходжання запісу акта аб заключэнні шлюбу і падаць пісьмовую заяву. Яна будзе разгледжана на працягу 10 дзён, а пры неабходнасці правядзення дадатковай праверкі, запыту звестак, дакументаў ад іншых дзяржаўных органаў і арганізацый Рэспублікі Беларусь – у тэрмін да 3 месяцаў.
За новае пасведчанне аб заключэнні шлюбу неабходна будзе заплаціць дзяржпошліну ў памеры 1 базавай велічыні (29 рублёў).