Врач-физиотерапевт Ушачской ЦРБ Ольга Шевченко награждена знаком «Отличник здравоохранения Республики Беларусь»

Общество

Ці стала для В.А.Шаўчэнкі нечаканасцю ўзнагароджанне нагрудным знакам “Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь”? Безумоўна! Пра хадайніцтва па яе кандыдатуры на такую высокую ўзнагароду, якой у гісторыі Ушацкай райбальніцы яшчэ не было, жанчына не ведала. Калі ж упершыню пачула пра зацвярджэнне, не паверыла. Як чалавек сціплы не магла спадзявацца, што будзе адзначана ў ліку лепшых прафесіяналаў-медыкаў з усёй краіны.

А вось калегі, знаёмыя такой навіне асабліва не здзівіліся: Вольга Аляксееўна – прыклад таго, якім павінен быць медыцынскі работнік. Добрая, уважлівая, спагадлівая, заўсёды ведае, як і чым дапамагчы пацыентам. У тандэме з любімай справай жанчына ўжо трыццаць сем гадоў, прычым, увесь гэты час – ва Ушацкай райбальніцы.

Медыцыну ўрач-фізіятэрапеўт лічыць не проста прафесіяй, а сэнсам жыцця. Яшчэ ў дзяцінстве ўшачанка цвёрда вырашыла, што будзе дапамагаць людзям. Нават калі яшчэ не ўмела добра размаўляць, на пытанне дарослых “Кім хочаш стаць?” рашуча вымаўляла: “Доктарам!”

Жаданне звязаць сваё жыццё з медыцынай з цягам часу не знікла, таму выпускніца Ушацкай школы В.А.Шаўчэнка паступіла ў Віцебскі медыцынскі інстытут, прайшла інтэрнатуру ў Полацку і ў 1984 годзе прыехала на малую радзіму. Дарэчы, магчымасць трапіць у горад – Полацк ці, скажам, Лепель –таксама была: раней з БДУ размяркоўваўся муж Вольгі Аляксееўны, таксама наш зямляк, і прапановы працоўнага месца адтуль паступалі. Аднак на сямейным савеце было прынята рашэнне ехаць менавіта ва Ушачы. Тут, у тэрапеўтычным аддзяленні райбальніцы, наша гераіня і пачала кар’еру.

– Добра памятаю свой першы рабочы дзень, – расказвае В.А.Шаўчэнка. – Падтрымаць мяне выклікаўся галоўны ўрач Пётр Васільевіч Красноў – цёпла пагутарыў, адвёў у аддзяленне. Запомніўся і першы пацыент – гэта быў мужчына з хворымі суставамі. Дарэчы, лічу сябе шчаслівым чалавекам, паколькі на жыццёвым шляху мне заўсёды сустракаліся добразычлівыя, прыязныя людзі. З часам у медустанову прыходзілі новыя кіраўнікі, калектыў абнаўляўся, аднак працаваць з усімі было камфортна. Шмат удзячных слоў чула і ад землякоў, якім як медык аказвала дапамогу.

Быў у Вольгі Аляксееўны і вопыт работы ўчастковым тэрапеўтам. Калі ж у 1997 годзе з’явілася вакансія намесніка галоўнага ўрача па амбулаторна-паліклінічнай рабоце, яе прапанавалі менавіта гэтаму адказнаму спецыялісту, які ўсёй душой “гарэў” за справу, да позняга затрымліваючыся на рабочым месцы.

Ажно дваццаць год В.А.Шаўчэнка вяла амбулаторную работу, была ў курсе ўсіх бальнічных спраў. Як арганізаваць работу медыкаў, каб гэта было максімальна зручна для пацыентаў? Над вырашэннем гэтага і многіх іншых пытанняў жанчына працавала штодня. За кансультацыяй і парадай у яе кабінет пастаянна заходзілі калегі. На пасадзе намесніка Вольга Аляксееўна заставалася перш за ўсё ўрачом, а толькі потым – адміністратарам.

– Вельмі цёпла прынялі мяне і ў фізіятэрапеўтычным аддзяленні, дзе працую чацвёрты год, – зазначае жанчына. – У невялікім калектыве (нас тут усяго 9) пануе асаблівая атмасфера даверу і ўзаемавыручкі. Рада, што прыклала руку да сур’ёзнага пераўвасаблення, якое ў нас адбылося – маю на ўвазе рамонт, паляпшэнне тэхнічнай аснашчанасці аддзялення. Але ж прызнаюся: дагэтуль не магу не думаць і пра справы амбулаторнай службы. Таму ж, што пераемніцай на адміністрацыйнай пасадзе стала Наталія Васільеўна Дрозд, надзвычай адказны, вопытны спецыяліст, вельмі рада.

На наша пытанне “Што ў прафесійных абавязках дастаўляе задавальненне, а што, магчыма, засмучае?” Вольга Аляксееўна адказвае:

– Вось калі паступае хворы ў вельмі цяжкім стане, і мы дапамагаем яму, і потым у чалавека жыццё складваецца нармальна – гэта, безумоўна, самая вялікая радасць для любога ўрача. А складана… калі дапамагчы не можам. На жаль, не ўсё залежыць ад медыкаў.

З году ў год В.А.Шаўчэнка спраўна выконвае свае прафесійныя абавязкі. Заслужыла прызнанне, павагу пацыентаў і калег. Безумоўна, бываюць цяжкасці. Сілы ж дапамагаюць аднавіць блізкія. Усе яны шчыра парадаваліся, калі ў гэтую сераду Вользе Аляксееўне быў уручаны нагрудны знак “Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь”, – гэтую пачэсную місію перад работнікамі райбальніцы выканалі старшыня раённага выканаўчага камітэта Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка і галоўны ўрач ЦРБ Анжаліка Анатольеўна Міранкова. Вось толькі “новаспечаная” ўладальніца ўзнагароды сціпла “апраўдвалася”, маўляў, палова – гэта заслуга калег, якія працавалі з ёю плячо ў плячо, астатняе ж аддала б мужу, які заўсёды з разуменнем адносіўся да занятасці сваёй другой палавіны.

Ёсць у гэтай жанчыне асаблівы агеньчык, незвычайная душэўная цеплыня, прага да жыцця, якія прыцягваюць, якімі хочацца зарадзіцца самому. Ніякіх паслабленняў Вольга Аляксееўна сабе не дае – застаецца ў пастаянным пошуку, у клопаце пра здароўе землякоў.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *