Погибли под колёсами…

Общество

– Мабільны ўпарта маўчаў, а нервы паступова здавалі… І калі сярод ночы раздаўся званок – маладая жанчына спачатку нават скінула выклік. “Не буду размаўляць, няхай памучыцца”, – думала са злосцю. Толькі на тым канцы проваду аказаўся незнаёмы і таксама разгублены жаночы голас: “Нам трэба ў морг… На апазнанне”.

Там і сустрэліся родныя трох мужчын, 25, 30 і 42 гадоў ад нараджэння. Выжыў у аўтамабільнай катастрофе самы старэйшы, яму ўжо было за 60. Толькі ён і праліў святло на трагедыю, калі змог гаварыць. Самым маладым быў зяць маёй суседкі. Так распарадзіўся лёс.

– Гэтага не можа быць, – толькі і вымавіла я, прыгадваючы зусім яшчэ зялёнага і вельмі шчырага юнака. “Сапраўды, заўсёды думаеш, што з табой такога не можа быць,” – паўтарыла сяброўка.

Ніхто нават не прыгадваў пра машыну, якую не мела сэнсу аднаўляць. Ніхто не шукаў вінаватых. НІЧОГА НЕ ЗМЯНІЦЬ. НЕ ВЯРНУЦЬ. НІКОЛІ.

Сэрца сціскаецца, нават калі пішу пра гэта паўгода таму. Наўмысна пазбягаю мясцовых прыкладаў, каб не прычыняць болю родным. Такія раны не гояцца нават з даўніной часу. А прыкладаў, на жаль, хапае розных.

На трэцяе месца пасля сардэчна-сасудзістых захворванняў і смяротнасці па ўзросце ў раёне сёлета выйшлі “іншыя прычыны”: 34 чалавекі, сярод якіх 29 працаздольнага ўзросту, загінулі на дарогах, у пажарах, патанулі… Двое з іх памерлі ў выніку ДТЗ. Здавалася б — адзінкі, аднак… Параненымі ў выніку дарожна-транспартных здарэнняў за апошнія пяць гадоў у нашым раёне аказаліся 72 чалавекі, 26 загінулі. І гэта не толькі вадзіцелі і пасажыры. Штогод ахвярамі дарожна-транспартных здарэнняў становяцца пешаходы. І як правіла – з-за ўласнай бяспечнасці.

Апошняе здарэнне на дарозе адбылося 7 снежня. Прычым, на вачах супрацоўнікаў міліцыі. Жанчына ішла па праезнай частцы, амаль пасярэдзіне дарогі, аднак вадзіцель не заўважыў яе, аслеплены святлом сустрэчнага аўто (на здымку). Тут нават пры мностве флікераў чалавек застаецца нябачны, ну а ў цемры і без апазнавальных знакаў… Самыя распаўсюджаныя трагедыі і адбываюцца ў так званай “мёртвай зоне”, калі ў святле сустрэчных машын зусім не бачны пешаход. Здарылася гэта і на самым небяспечным участку нашага раёна – трасе за Сарочынам у накірунку Полацка.

Мужчына прыехаў у сарочынскае кафэ з полацкага раёна “за дабаўкай”. Дадому не вярнуўся, паколькі слаба трымаўся на нагах і аказаўся на шашы. Без маці, якая аказалася пад коламі машыны, засталіся вучні Ленінскай школы. У пачатку года ля заправачнай станцыі гарпасёлка на месцы здарэння загінуў веласіпедыст, які нечакана рэзка апынуўся перад аўто. Ахвяры ў такіх выпадках не толькі тыя, хто аказаўся пад коламі, але і вадзіцелі. Сапраўдны шок атрымліваюць яны, а многія нават не могуць больш сесці за баранку пасля здзейсненага наезду.

Для таго, каб прымусіць вадзіцеляў скінуць хуткасць, задумацца аб магчымым, на людных месцах выстаўляюцца пабітыя аўто. Можна вывешваць і фотаздымкі з трагедыямі. Страшныя, аднак, менавіта гэтым, мабыць, выратуем жыцці нашых землякоў. Бо на кветкі ўздоўж дарог – помнікі трагедый — ужо мала хто звяртае ўвагу.

В.КАРАЛЕНКА.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *