На Ушаччине прошла 45 отчётно-выборная конференция районной организации БРСМ

Общество

Столькі актыўных, прагрэсіўных маладых людзей у адной зале цэнтр культуры і народнай творчасці не збіраў даўно. На бягучым тыдні тут прайшла 45 справаздачна-выбарчая канферэнцыя Ушацкай раённай арганізацыі БРСМ. Выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю, падвесці вынікі зробленага, вызначыць планы на перспектыву былі запрошаны прадстаўнікі ўсіх пярвічак, а гэта звыш паўсотні юнакоў і дзяўчат.

Удзельнікі канферэнцыі.

Як расказала ў справаздачным дакла­дзе першы сакратар райкама БРСМ Дзіяна Калбасава, адным з прыярытэтных напрамкаў у рабоце суполкі з’яўляецца грамадзянска-патрыятычнае выхаванне моладзі. У яго рамках рэалізаваны праекты “Кветкі Вялікай Перамогі”, “За любімую Беларусь”, “Да абароны Айчыны гатовы!”, “Мы – грамадзяне Беларусі!”, якія ўжо сталі брэндамі саюза. Штогод праводзяцца ў нашым раёне акцыі “Моладзь – ветэранам”, “Ветэран жыве побач” па аказанні шэфскай дапамогі ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, пажылым людзям. За пярвічнымі арганізацыямі замацаваны воінскія пахаванні і помнікі.

Не застаюцца юнакі і дзяўчаты ўбаку і ад грамадска-палітычнага жыцця краіны. Падчас выбарчых кампаній многія ўваходзяць у склад камісій, працуюць на пікетах, рэгіструюцца назіральнікамі. Сталі традыцыйнымі ў нас акцыі “Моладзь вырашае”, “Я галасую ўпершыню”.

Падчас канферэнцыі прыемны момант чакаў прадстаўнікоў Ушацкага лясгаса. За садзейнічанне ў арганізацыі другаснай занятасці моладзі дзяржаўнай лесагаспадарчай установе аб’яўлена Падзяка раённай арганізацыі БРСМ. У 2017-2021 гадах на летні перыяд на праполцы іглічных раслін у пітомніку быў працаўладкаваны 101 чалавек.

Пры раённым Савеце дэпутатаў створана Маладзёжная палата, членамі якой з’яўляюцца прадстаўнікі ўсіх устаноў адукацыі Ушаччыны. Актыўна развіваецца валанцёрскі рух: 6 атрадаў агульнай колькасцю 61 чалавек традыцыйна ўдзельнічаюць у акцыях “Цуды на Каляды”, “У школу з Добрым сэрцам!”, наведваюць бальніцу сястрынскага догляду ў Глыбачцы, а ў рамках рэалізацыі праекта “Аднаўленне святыняў Беларусі” дапамагаюць у добраўпарадкаванні храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў вёсцы Вашкова.

Дбае БРСМ і пра папулярызацыю здаровага ладу жыцця. За справаздачны перыяд праведзены акцыі “Цвярозасць – норма жыцця”, “Абмяняй цыгарэту на цукерку”, “Не – наркотыкам!” і іншыя. Наладжаны шэраг спартыўных квестаў на базе “Юнацтва- Ушачы”, аздараўленчага лагера “Турасполле”. Для працуючай моладзі сумесна з аддзеламі ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, па адукацыі райвыканкама праведзены турыстычныя злёты, спартакіяды, гульнявыя праграмы, велапаходы, экскурсіі. Актуальнымі былі ў 2020-м і мерапрыемствы па інфармаванні насельніцтва па тэме прафілактыкі распаўсюджвання COVID-19.

Р.Хрыпель, Д.Калбасава.

У прыярытэце райкама знаходзіцца таксама работа з маладымі сем’ямі. На слыху ў многіх праекты “Тата-зала” і “Уладар сяла”. У рамках рэспубліканскай акцыі “Парк сямейных дрэў” маладымі сем’ямі Ушаччыны закладзена алея з туй. Праводзілася і добраўпарадкаванне дзіцячых пляцовак пад лозунгам “Разам з бацькамі”.

За 2017-2021 гады праведзена шмат акцый, мерапрыемстваў, конкурсаў. Але разам з тым у дзейнасці раённага камітэта, пярвічак БРСМ ёсць праблемныя месцы: не вырашаны ў поўным аб’ёме пытанні па арганізацыі часовай занятасці юнакоў і дзяўчат, праводзіцца недастатковая работа па прыцягненні працуючай моладзі ў рады БРСМ, арганізацыі дзейнасці пярвічных арганізацый. Аднак усё гэта, на думку ўдзельнікаў канферэнцыі, можна вырашыць.

Сёння Ушацкая раённая арганізацыя БРСМ налічвае 502 члены, а гэта 30,9 працэнта ад агульнай колькасці моладзі раёна. Функцыянуе 38 пярвічак, за 2017-2021 гады іх рады папоўнілі 318 юнакоў і дзяўчат.

За патрыятычныя акцыі ў падтрымку ветэранаў, клопат і прывядзенне ў належны стан помнікаў і месцаў воінскіх пахаванняў падзяку актывістам маладзёжнай арганізацыі выказала старшыня раённага савета ветэранаў Ніна Аляксандраўна Васілеўская. Намеснік жа старшыні райвыканкама Алена Васільеўна Пашковіч заклікала маладых людзей быць актыўнымі і ініцыятыўнымі, удзяліць больш увагі рабоце з ветэранамі вайны ў Афганістане, дапамагчы адаптавацца ў раёне, знайсці цікавы занятак спецыялістам, якія штогод папаўняюць калектывы Ушаччыны.

Дэлегаты канферэнцыі прызналі работу раённага камітэта за справаздачны перыяд здавальняючай і вырашылі актыўна працягваць рэалізацыю асноўных праектаў і праграм Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Таксама быў выбраны новы састаў раённага камітэта, кантрольнай камісіі, абраны дэлегаты на абласную справаздачна-выбарчую канферэнцыю, прыняты зварот да моладзі раёна.

Пазнаёміцца з работай раённай арганізацыі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, знайсці відэа і фотаздымкі з праведзеных акцый і мерапрыемстваў можна ў групе “БРСМ-Ушачы” у сацыяльнай сетцы “ВКонтакте”, а таксама на старонцы ў Instagram.

Першым сакратаром райкама БРСМ на наступны тэрмін выбрана Рыта Хрыпель. Ну а пакуль яна знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску, гэтыя абавязкі працягне выконваць Дзіяна Калбасава.

Закончылася мерапрыемства святочным канцэртам, які падрыхтавалі прадстаўнікі пярвічнай арганізацыі БРСМ аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *