В Глыбочанской школе гордятся

Общество

У Глыбачанскай школе імкнуцца развіваць пэўныя здольнасці вучняў, як толькі яны пачынаюць крыху праяўляцца. Звычайна хлопчыкаў цікавіць матэматыка ці фізіка, а ў апошні час усё больш яшчэ і інфарматыка. А вось вучань 9 класа Мікіта Пракапенка вельмі цікавіцца і захапляецца геаграфіяй. У той час як для многіх урок геаграфіі з’яўляецца адным з нелюбімых або нейтральных прадметаў, то для Мікіты гэта сапраўднае, цікавае падарожжа. Выдатна арыентуецца па ўсіх картах, ведае геаграфічныя тэрміны і сталіцы краін свету. Займаецца не толькі на ўроках, але і дома. Хоць хлопец паспявае па ўсіх прадметах, менавіта геаграфію лічыць самым цікавым. Ужо двойчы М.Пракапенка змог праверыць свае веды па любімым прадмеце на раённай алімпіядзе. І паказаў добрыя вынікі: у мінулым годзе хлопец заняў трэцяе месца, а ў гэтым – першае. Настаўнік геаграфіі Зоя Іванаўна Жогаль задаволена такімі дасягненнямі свайго вучня, але ўпэўнена, што трэба рухацца наперад і не спыняцца на дасягнутым. Яна адзначае, што хлопец здольны да навук і вельмі старанны, заўсёды разважлівы і спакойны. Акрамя гэтага Мікіта вызначаецца сваёй актыўнасцю, без яго ўдзелу не праходзіць ніводнае школьнае мерапрыемства.

А вось вучаніца 7 класа Аляксандра Лях праявіла сябе ў іншым прадмеце. Яна паказвае выдатныя веды па беларускай мове і літаратуры. Сёлета заняла першае месца на раённай алімпіядзе па беларускай мове сярод вучняў сёмых класаў. Ужо другі год Аляксандра займаецца ў літаратурным гуртку “Узыход”, які вядзе яе настаўніца Тамара Пятроўна Чумакова. Дзяўчынка спасцігае асновы паэтычнага радка і піша вершы. У мінулым годзе А.Лях удзельнічала ў абласным конкурсе на тэму аб папярэджанні пажараў, дзе ў вершаванай форме выказала свае адносіны да праблемы захавання ўсяго жывога на зямлі і заклікала быць уважлівымі і не даваць волю вогненнай стыхіі. Паспрабавала сябе і ў конкурсе вершаў на экалагічную тэму. Тамара Пятроўна пастаянна дае падказкі вучаніцы ў выбары тэм і паэтычным майстэрстве. А яшчэ яна спадзяецца, што гэты талент і здольнасць не згубяцца з часам, а стануць яшчэ больш прыкметнымі.

Ёсць у Глыбачанскай школе і іншыя таленавітыя, здольныя дзеці – будучыя спартсмены, эканамісты, матэматыкі, праграмісты, філолагі. Для развіцця іх творчага патэнцыялу тут створаны ўсе ўмовы. Было б толькі жаданне вучыцца і развівацца.

В.ПОЛАЗАВА.

На здымку:

вопытныя настаўнікі З.І.Жогаль і Т.П.Чумакова са сваімі вучнямі М.Пракапенкам і А.Лях.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *