Калі ў школах створаны ўсе належныя ўмовы для навучання і выхавання дзяцей – чакай добрага выніку. Гэтае меркаванне яшчэ раз пацвердзілі даныя па правядзенні раённых алімпіяд, якія праходзілі з 13 кастрычніка па 4 снежня на базе Ушацкай сярэдняй школы.
Новаўвядзеннем гэтага года было тое, што школьнікам была дадзена магчымасць прыняць удзел у алімпіядах па некалькіх прадметах, бо праводзіліся яны не ў два этапы, як раней, а ў сем. Яшчэ на школьным этапе высветлілася, што жадаючых праверыць свае веды па некалькіх прадметах шмат. Канечне, можна згадзіцца і з прыхільнікамі старой сістэмы правядзення алімпіяд, бо мэтанакіраваная падрыхтоўка да аднаго прадмета звычайна дае лепшы вынік. Аднак жа нашы школьнікі даказалі, што можна дасягнуць вяршыняў і па некалькіх галінах навукі адначасова. Так, Павел Кірпічонак, Андрэй Кандзякоў, Вікторыя Волах, Алег Касцюковіч і Анастасія Касцючэнка (з Ушацкай школы); Вольга Пугач, Уладзіслаў Грак, Марыя Машчонак (з Вялікадолецкай); Маргарыта Літвін (з Арэхаўскай) заваявалі па два дыпломы, а вучань дзевятага класа Ушацкай школы Яўген Аўдошка – тры. Хочацца таксама адзначыць, што ў Андрэя Кандзякова і Уладзіслава Грака абодва заваяваныя дыпломы – першай ступені.
Як заўсёды, актыўнымі ўдзельнікамі раённай алімпіяды ў гэтым годзе сталі вучні Ушацкай школы (80 удзелаў), а сярод сельскіх —Вялікадолецкай (18), Арэхаўскай (16) і Кубліцкай (12) школ. А вось прадстаўнікоў Старасельскай школы, на жаль, не было зусім. Вынікова выступілі каманды Вялікадолецкай і Ільюшынскай школ (50% удзельнікаў занялі прызавыя месцы), Вяркудскай (40%) і Ушацкай (37,5%).
Найбольш запатрабаванымі сярод школьнікаў прадметамі, па якіх яны пажадалі паказаць свае веды, сталі беларуская мова (29 удзельнікаў), біялогія (21) і працоўнае навучанне (15 – тэхнічнае, 14 – абслугоўваючае). У параўнанні з 2009 годам з 3 да 13 павялічылася колькасць удзельнікаў алімпіяды па геаргафіі, а па матэматыцы, наадварот, зменшылася з 20 да 8. У гэтым годзе было мала ўдзельнікаў алімпіяд па англійскай і нямецкай мовах – толькі па тры вучні. А жадаючых праявіць сябе ў веданні астраноміі ўвогуле не знайшлося.
Усяго школьнікі раёна заваявалі 55 узнагарод. Найбольшую колькасць прызавых месцаў занялі ўдзельнікі алімпіяды па беларускай мове і тэхнічным працоўным навучанні – па 9, геаграфіі – 8, абслугоўваючым працоўным навучанні – 6, біялогіі – 5. Не набралі неабходную колькасць балаў, а таму не сталі дыпламантамі ўдзельнікі алімпіяды па грамадазнаўстве і гісторыі.
Увогуле, трэба адзначыць даволі паспяховы ўдзел нашых школьнікаў у раённых прадметных алімпіядах. Усе гэтыя поспехі – яркае пацвярджэнне таму, якія таленавітыя дзеці вучацца ў школах нашага раёна, наколькі добра арганізавана работа педагогаў па падрыхтоўцы вучняў да падобных конкурсаў.
С.АЎДОШКА, вядучы спецыяліст аддзела адукацыі.