Есть ли порядок у дорог? Это мы выяснили, проехав по оживлённым трассам Ушаччины

Общество

Думаю, ніхто не стане аспрэчваць дакладнасць вядомага выказвання аб тым, што дарогі – гэта твар раёна. Якое ўражанне можа скласціся ў гасцей, турыстаў ці землякоў, калі дарожныя артэрыі будуць недагледжанымі? І справа тут не толькі ў роўным і гладкім асфальце, а і чыстых, не зарослых абочынах і прылягаючых да іх тэрыторыях. Якую ацэнку ў разгары сезона можна паставіць дарожным службам за навядзенне парадку? Каб гэта высветліць, разам са старшынёй райвыканкама Уладзімірам Генадзьевічам Аўдошкам мы праехаліся напачатку тыдня па галоўных трасах Ушаччыны.

Прыкладаў недапрацовак у аб’ектыў трапіла нямала, за імі нават далёка ад гарпасёлка ад’язджаць не трэба. Так, абочыны каля павароту на Ціханяты абкошаны, а вось кавалак зямлі паміж абочынай і вадаёмам выглядае не зусім прыгожа. Тое ж можна сказаць і пра ўчастак на выездзе з Арэхаўна: чыстыя абочыны, а ў метры ад дарогі пад бярозамі разрастаецца непатрэбнае кустоўе, не кажучы пра траву

Пакіданне “грывы” паміж абочынай і полем ці ўзгоркам – тыповая недапрацоўка на многіх участках. І калі да дарог, якія абслугоўвае ДЭУ-37 узнікла менш пытанняў, то да ДРБУ-105 іх нямала. Калі звярнуць з трасы на Вяркуды, то дарога наогул не абкошанана, не радуюць вока і краявіды з узгорка за аграгарадком.

Аўтадарога “Ушачы-Зябкі” толькі да мемарыяльнага комплексу “Прарыў” выглядае па-гаспадарску дагледжана і акуратна, а чым далей, тым горш – трава, кусты падступаюць да шашы. Прычым, бліжэй да мяжы з Глыбоцкім раёнам прэтэнзіі ўзніклі не толькі да дарожнай службы, неабкошанымі ля дарогі былі лініі электраперадач, газапровады.

Калі на апошнім пасяджэнні райвыканкама разглядалася пытанне аб утрыманні дарог, што знаходзяцца на балансе ДРБУ-105, галоўны інжынер філіяла А.М.Агіевіч зніжэнне аб’ёмаў і неапраўданыя чаканні па навядзенні парадку тлумачыў зношанасцю тэхнікі, якая складае 80-100 працэнтаў, а таксама адчувальным змяншэннем у гэтым годзе фінансавання. Напрыклад, на чэрвень арганізацыі на ўтрыманне дарог было выдзелена ўсяго 11 тысяч рублёў. Гэтага хопіць, скажам, на выезд грэйдара прыкладана 6 разоў ці каб 8 дзён абкошваць дарогі. Канечне, з гэтым аргументам нельга не згадзіцца, аднак да размеркавання сродкаў варта ставіцца больш адказна. Наглядны прыклад – на дарозе паблізу Краснай Горкі не так даўно прайшла касілка, але месцамі літаральна ў сантыметры ад скошанага – зараслі вялізнага баршчэўніку. Зрэшты, з гэтым зялёным агрэсарам павінны весці работу ўсе службы. У прыватнасці, каля дарог на свае палеткі неабходна больш пільную ўвагу звяртаць сельгасарганізацыям. Так, на дземянецкіх палях каля Арэхаўна і Ваўчо прыцягвалі ўвагу адзінкавыя “парасоны”, якія не складзе цяжкасцей скасіць.

Безумоўна, мэта гэтай публікацыі зусім не ў тым, каб зганіць работу дарожнікаў. Падчас аб’езду бачылі, як абкошваюцца аўтобусныя прыпынкі, ідуць планавыя работы. Колькі добрых слоў зараз адрасуюць аўтамабілісты, напрыклад, за асфальтаваннне Гуты і ўчастка да “Лясных азёр”. Але ж і закрываць вочы на недахопы нельга. Зразумела, што станоўчаму вырашэнню большасці пытанняў перашкаджае недастатковае фінансаванне, аднак відавочна і тое, што прадухіліць многія прэтэнзіі дазволіла б захаванне тэхналагічных патрабаванняў і вытворчай дысцыпліны.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *