Усадьба семьи Смоляк стала лучшей по благоустройству в Веркудском сельсовете

Общество

Знайсці патрэбны адрас па вуліцы Садовай у Вяркудах цяжкасцей не склала. І хоць атрыманую летась шыльду “Дом узорнага парадку” гаспадары – сям’я Аляксандра Сцяпанавіча і Аксаны Пятроўны Смалякоў – з-за сціпласці і імкнення штосьці дарабіць, “падшліфаваць” пакуль не замацавалі, падказак на тое, што гэта адзін з лепшых падворкаў аграгарадка было нямала.

Адразу прыцягвае ўвагу вялізная колькасць кветак. Самых розных – ад сціплых рамонкаў, званочкаў ды петуній да шыкоўных руж, гартэнзій, лілей. Яны літаральна ўсюды: перад домам, на мяжы з агародам – у якасці своеасаблівай агароджы, па перыметры двара і нават удалечыні ад чужога вока: ля лазні, адрыны.

– Не перастаю лаяцца на жонку за такую апантанасць кветкаводствам, – прызнаецца А.С.Смаляк. – Канечне, мне і дзецям, якія часта прыязджаюць у госці, па душы гэтая прыгажосць, аднак колькі сіл яна адымае! Толькі прыйдзе Аксана з работы (мы з ёй асемянатары на свінакомплексе ў Хадакова), па гаспадарцы “перавернецца” (ёсць немалы агарод, трымаем козачак, трусоў, курэй) – і ў кветкі, дзе можа сядзець да позняга – то перасадзіць, то паліць, то прапалоць трэба…

Між тым, на такую занятасць Аксана Пятроўна не скардзіцца – працягвае эксперыментаваць з сартамі і спосабамі пасадкі. Штосьці “пасяляе” на вялізныя, рознаўзроўневыя кветнікі, штосьці – паасобку: у каларытныя кацялкі, вазоны малых архітэктурных форм. Адну з такіх, дарэчы, са старога веласіпеда, што доўгі час валяўся без справы, вырабіў Аляксандр Сцяпанавіч: непатрэбныя дэталі адкруціў, штосьці прымацаваў, пафарбаваў – атрымалася ўнікальная рэч.

Мужчына – сапраўды, надзвычай рукасты. Хоць і не мае будаўнічай спецыяльнасці, стары бацькоўскі дом умела “акультурыў”: абшыў сайтынгам, памяняў вокны, дзверы, дах. Утульная альтанка, праведзенае асвятленне ў двары, металічныя канструкцыі для вінаградніку (Смалякі вырошваюць некалькі яго відаў) – таксама яго заслуга.

Уносяць сваю лепту ў добраўпарадкаванне і дзеці гаспадароў. Так, нядаўна сын ініцыяваў укладку арыгінальнай сцяжыны да ўваходу ў дом: у якасці тратуарнай пліткі тут будуць выкарыстаны самаробныя скруткі з цэментна-пясчанай сумессю ў поліэтылене. Пачатак работ ужо пакладзены – і, трэба сказаць, выглядае атрыманае вельмі дастойна, хоць наперадзе яшчэ вогненная шліфоўка.

Ля дома Смалякоў, здаецца, усё прадумана ад “а” да “я”. Сабрацца ўвечары ўсёй сям’ёй за кубачкам чаю – айда ў прасторную альтанку! Адпачыць пасля насычанага справамі дня – непадалёк прадугледжаны гамак. Прахаладзіцца – тады лепш падысці да штучнага вадаёма з прыгожымі лілеямі. Ён, праўда, з-за надзвычай спякотнага лета нядаўна высах, аднак гаспадары ўпэўнены: атрымаць асалоду ля воднай гладзі сёлета яшчэ будзе магчымасць.

Планаў у Аляксандра Сцяпанавіча і Аксаны Пятроўны па далейшым аснашчэнні двара нямала. Аднак раскрываць усіх сакрэтаў яны не спяшаюцца. “Лепш прыязджайце на наступны год, – кажуць гаспадары, – ну а мы пастараемся вас здзівіць”.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *