У рэдакцыі газеты “Патрыёт” прайшла “прамая лінія” па пытаннях выкарыстання электраэнергіі для ацяплення. Ну а паколькі тэлефанаванне паступіла толькі адно, па сутнасці гэта быў круглы стол, на якім праблемныя моманты і шматлікія нюансы абмяркоўвалі намеснік галоўнага інжынера філіяла “Полацкія электрычныя сеткі” Сяргей Генадзьевіч Крук, галоўны інжынер Ушацкага раёна электрасетак Валерый Іванавіч Лемеш, інжынер вытворча-збытавога ўчастка філіяла “Энергазбыт” Артур Аляксандравіч Лабань і загадчык сектара архітэктуры і будаўніцтва Ушацкага райвыканкама Галіна Віктараўна Дымман.
Калі падыдзе чарга?
Мы неаднойчы пакрокава расказвалі алгарытм дзеянняў, які павінны прайсці абаненты, каб ацяпляцца ўзімку “за тры капейкі”. Першачаргова чалавек павінен звярнуцца ў раён электрычных сетак, спецыялісты якога правераць тэхнічную магчымасць ліній. Менавіта ў гэтым на сённяшні дзень самая вялікая праблема. Паколькі раней патрэбы сям’і ў электрычнасці складалі прыкладна 3,5 кілават, то з падключэннем “пражэрлівых” электракатлоў і шматлікіх электрапрылад павялічыліся да 8-12. Старыя лініі не разлічаны на такую нагрузку, таму і вымушаны РЭС адмаўляць, а дакладней, заносіць у базу даных, у якой сёння знаходзіцца 99 чалавек.
Адпаведна колькасці адмоў і складаўся план па рэканструкцыі ліній на 2021-2025 гады. Да гэтага часу патрэбныя сеткі і падстанцыі будуць заменены ў вёсках Ціханяты, Пушча – 2022; Дубраўка, Івахнава, Пілатоўшчына,Малінаўка – 2023; Ваўчо, Матырына, Заазер’е Ушацкага сельсавета, Пола – 2024; Лутава Сяльцо, Белае, Двор Пліна, Каз’яне, Навасёлкі – 2025.
Як паведаміў В.І.Лемеш, РЭС імкнецца і сваімі сіламі паскорыць працэс “другой электрафікацыі” раёна. Так, сёлета акрамя планаванай рэканструкцыі ліній у вёсцы Горы, даступнымі да падключэння электракатлоў зрабілі Гуту, Машчоны, а таксама знялі адзінкавыя звароты ў Вялікіх Дольцах і Царкавішчы.
Работы пад ключ
Пытанне ж на лінію паступіла толькі адно, ад жыхара вёскі Старое Сяло Віктара Барысавіча Стрыжонка. Мужчына для выканання ўсіх работ пад ключ звярнуўся ва Ушацкі РЭС і цікавіўся, калі яны будуць завершаны. Тэрмін у нашых энергетыкаў – два месяцы, аднак у дадзеным выпадку ён крыху зацягнуўся з-за вырабу і ўзгаднення праекта. Мужчыну назвалі дакладную дату, на якую, для паскарэння падключэння, ужо варта выклікаць спецыялістаў БТІ.
Выбраць можна любога выканаўцу з адпаведнай ліцэнзіяй са спісу, які размешчаны на сайце Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва. У нашым раёне акрамя РЭС людзі часта карыстаюцца паслугамі фірмы “Брыар”.
Давядзіце справу да канца
Аднак, нават калі лічыльнік на электраацяпленне ўстаноўлены, гэта не азначае, што вы на наступны дзень зможаце атрымліваць энергію па льготным тарыфе. Завяршэннем рэканструкцыі жылога дома лічыцца акт прыёмкі, які выдаецца райвыканкамам. Каб яго атрымаць, вам давядзецца звярнуцца ў бюро па рэгістрацыі і кадастру (БТІ) за інвентарызацыяй і атрымаць выраб тэхнічных характарыстык (калі вы ведаеце дакладную дату завяршэння работ, звяртацца можаце загаддзя, каб паскорыць працэс). Потым з гэтымі дакументамі зноў у “адно акно” райвыканкама, каб прыняць дом пасля рэканструкцыі ў эксплуатацыю. І нарэшце зноў у БТІ непасрэдна за новым пашпартам.
На гэты час поўнасцю працэдуру завяршылі толькі 18 чалавек – тыя, хто вырашыў атрымаць і кампенсацыю выдаткаў, панесеных за падключэнне. Зараз гэта давядзецца рабіць абсалютна ўсім, паколькі проста не будзе пераафармлення на субсідзіраваны тарыф.
Затое, давёўшы справу да канца, больш не давядзецца нічога афармляць, каб атрымаць кампенсацыю. Да заявы на ўключэнне ў спісы на пакрыццё часткі выдаткаў, якую можна падаваць і паралельна з правядзеннем рэканструкцыі, прыкладаецца акт выкананых работ, дакументы, што пацвярджаюць набыццё абсталявання, а таксама адкрыты рахунак у банку, на які і будуць залічаны сродкі ў выпадку паспяховага вырашэння пытання.
Колькі плацім?
Тарыф, які ў народзе ахрысцілі “тры капейкі” насамрэч крыху большы і мяняецца ў залежнасці ад перыядаў: з 1 студзеня па 1 мая – 3,74 капейкі за кілават, з 1 мая па 31 снежня – 3,98. Ёсць і яшчэ адзін льготны тарыф, калі ад адной лініі сілкуецца як электракацёл, так і электрапліта, асвятленне дома і астатнія электрапрыборы – 8,94 і 9,09 капейкі адпаведна прыведзеным вышэй перыядам. Пры такім лічыльніку аплата можа быць дыферэнцыраванай у залежнасці ад часу сутак. З 1 студзеня па 1 мая з 23 да 6 гадзін – 6,26 капейкі, з 6 да 23 – 11,62; з 1 мая па 31 снежня – 6,36 і 11,82 адпаведна. Такі ўлік выгадны ў тым выпадку, калі вы вядзеце начны лад жыцця. Каб перайсці на яго, варта толькі напісаць заяву ў Энергазбыт і вам бясплатна перапраграмуюць лічыльнік.
Сёлета была даволі жорсткая зіма. У колькі абышліся “гарадскія ўмовы” жыхарам, якія ўжо карыстаюцца льготным тарыфам. Як паведаміў А.А.Лабань, абаненты ў сярэднім плацілі за ацяпленне 100 рублёў у месяц. Прыкладна столькі расходавалі і палачане, аднак, як удакладніў С.Г.Крук, практычна ўсе эканомілі і ацяпляліся як электрычнасцю, так і дрывамі.
Такім чынам, хоць пераабсталяванне дома пад электракацёл больш таннае ў параўнанні з газіфікацыяй, ацяпляцца на сённяшні дзень больш выгадна ўсё ж блакітным палівам. Але, як паведаміў С.Г.Крук, у Полацкім раёне (дарэчы, самым вялікім па колькасці абанентаў, якія перайшлі на электраацяпленне) ёсць і тыя, хто адмаўляецца ад газу на карысць электрычнасці.
Вольга Караленка.
- На сённяшні дзень кампенсацыю вытаткаў атрымалі 11 чалавек.
- Кампанія па рэканструкцыі інжынерных сетак прыватных дамоў пад электраацяпленне, гарачае водазабеспячэнне і ўстаноўку электрапліт праходзіць на Ушаччыне ўжо трэці год. За гэты час у райвыканкам за дазволам на рэканструкцыю дома звярнулася 220 чалавек.
- На кампенсацыю могуць разлічваць абаненты, якія правялі рэканструкцыю дома на электраацяпленне не раней 17 ліпеня 2020 года. З мясцовых бюджэтаў кампенсуюць 20 працэнтаў кошту работ на правядзенне электразабеспячэння, але не больш за 40 базавых велічынь, для малазабяспечаных і сацыяльна ўразлівых катэгорый – 40 працэнтаў і 80 базавых велічынь адпаведна.