Территория Ушачского района газоснабжения всегда выглядит идеально!

Общество

Чыя вытвор­чая база прад­прыемстваў Ушаччыны самая прыгожая і акуратная? Адказ на гэтае пытанне доўга шукаць не трэба: круглы год эталонам нязменна з’яўляецца Ушацкі раён газа­забеспячэння. А летам ідэальны парадак традыцыйна дапаўняюць яркія кветнікі і цікавыя новыя элементы.

Толькі насення петуній сёлета было закуплена больш 2 тысяч штук! Кветкаводы добра ведаюць, якая патрабавальная гэта прыгажуня. Каб улетку яна радавала сваімі фарбамі, працаваць трэба пачынаць ужо зімой – сеяць, рассаджваць, пікіраваць. Нягледзячы на складанасці, расаду не закупляюць, а вырошчваюць самі. Як і ўсіх астатніх відаў – цыній, аксамітак і многіх іншых. Для гэтага на тэрыторыі ёсць спецыяльная цяпліца.

Кветкі высаджаны на клумбы, вазоны, падстаўкі – усё прадумана і гарманічна. Галоўным куратарам азелянення ў раёне газазабеспячэння з’яўляецца кладаўшчык Святлана Васільеўна Дрозд (на здымку), якая працуе на прадпрыемстве ўжо 27 гадоў. Гэтую “місію” яна пераняла 4 гады таму ад Алены Фёдараўны Шарыпа, якая пайшла на заслужаны адпачынак. Святлане Васільеўне такі абавязак па душы, бо вельмі любіць вырошчваць кветкі. Канечне, догляд за такім аб’ёмам патрабуе шмат сіл і часу. “Гэта ўсё не толькі мая заслуга, – зазначае жанчына. – Усе працуюць над прыгажосцю. Зразумела, што ў адзіночку не справіцца з палівам такой колькасці кветнікаў, дапамагаюць і мужчыны, прычым, прасіць і нагадваць не трэба”.

Дапоўнілі газавікі ў гэтым сезоне тэрыторыю і новымі формамі. Напрыклад, з’явіліся арыгінальныя парасоны, якія з металу вырабіў зваршчык Юрый Уладзіміравіч Саўчанка. Відазмянілася шыльда з назвай – цяпер яна з блакітным агеньчыкам, які сімвалізуе дзейнасць прадпрыемства. Акультураны нават схіл ля стаянкі – ён аформлены ў шматкватэрны газіфікаваны дом.

Трэба сказаць, што ідэальна выглядае і ўнутраная тэрыторыя прадпрыемства, якая нябачна абанентам. Тут ва ўсю цвітуць ружы, растуць туі, ёсць малыя архітэктурныя формы, альтанка і вадаём з рыбамі.

– На агульную прыгожую “карцінку” працуюць усе без выключэння работнікі, за што ім вялікі дзякуй, – гаворыць начальнік Ушацкага РГЗ Леанід Віктаравіч Рудак. – Лічу, што ў плане добраўпарадкавання няма межаў для ўдасканалення і ўжо выношваем новыя ідэі, адна з іх – зрабіць яшчэ і фантан.

Традыцыйна ўдзельнічае прадпрыемства і ў аглядзе-конкурсе на лепшае добраўпарадкаванне тэрыторый вытворчых баз, які праводзіцца сярод структурных падраздзяленняў УП “Віцебскаблгаз”. Дарэчы, хутка будуць вядомы вынікі сёлетняга спаборніцтва, і ў нашай арганізацыі ёсць усе шансы трапіць у лік лепшых. Між тым, работнікі прадпрыемства трымаюць марку і наводзяць парадак не толькі для конкурсу, а і для сябе, усіх ушачан.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *