11 июля — День работников налоговых органов

Общество

У перадсвяточны ці будны дзень супрацоўнікаў аддзела па рабоце з плацельшчыкамі па Ушацкім раёне інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Лепельскім раёне застаеш у кабінеце за стосам папер. У чарговы раз дзіўлюся, як даюць рады такой колькасці справаздач, кліентаў, сум, а ў іх усё па палічках – сістэматызавана і падлічана. Тым больш што скончылася паўгоддзе – адна з важных дат у справаздачнасці. Менавіта на яе і на апорную, 1 студзеня, і прыводзіла лічбы начальнік аддзела Л.Г.ПРАШКЕВІЧ.

– Людміла Генадзьеўна, паколькі нагода для размовы святочная, мабыць ёсць чым пахваліцца – падводзяцца ж вынікі і сярод работы аддзелаў?

– Паколькі мы з 2017 года ў складзе Лепельскай інспекцыі, то ацэньваецца наша агульная праца. І хачу зазначыць, што інспекцыя за 2018, 2019 гады была на першым месцы ў рэспубліцы ў сваёй падгрупе, за 2020-ы – на трэцім. Аднак і гэта высокі вынік, паколькі ў вобласці ўсяго дзве падгрупы, і ў сваёй мы ў абсалютных лідарах.

Ці адзначаны хто-небудзь з чатырох спецыялістаў нашага аддзела?

– Па выніках мінулага года на Дошку гонару Лепельскай інспекцыі занесена галоўны падатковы інспектар Алена Якаўлеўна Мацюшэнка. Яна ж у красавіку атрымала Ганаровую грамату Ушацкага раённага Савета дэпутатаў. У яе вельмі адказная і, безумоўна, самая нервовая зона абавязкаў, летась, напрыклад, толькі з аднаго плацельшчыка было спагнана дадатковых падаткаў на 19 тысяч рублёў. Хаця кожны на сваім месцы выконвае вельмі вялікі аб’ём. Нагрузка ў параўнанні з 2017 годам узрасла ў разы: кліентаў засталося практычна столькі ж, штат скараціўся ўдвая, і ўсе абавязкі зараз на нас чатырох, акрамя Алены Якаўлеўны гэта Таццяна Уладзіміраўна Шчэрбік і Таццяна Леанідаўна Цюкала.

Колькі плацельшчыкаў зараз на ўліку ў аддзеле?

– Юрыдычных на 1 студзеня 197, практычна ўсе яны спраўна плацяць падаткі – 7433 тысячы рублёў (на 1 ліпеня) складаюць 11 працэнтаў усіх паступленняў у бюджэт. Сярод даўжнікоў толькі наша ПМК-66 і фірма “Садружнасць”, запазычанасць якіх 6 і 2 тысячы рублёў адпаведна. Прыватных прадпрымальнікаў 180, іх узнос у бюджэт – 257,6 тысячы. Фізічных асоб – 9087 чалавек, гэта не толькі ўсе, хто плаціць падатак на зямлю і нерухомасць, але таксама рамеснікі і самазанятыя, якія за паўгода заплацілі 522 тысячы рублёў.

Якое адрозненне паміж гэтымі двума катэгорыямі?

– Па відах дзейнасці і адпаведна аплаце падатку. Рамеснікі, якіх у нас на 1 ліпеня 47, выконваюць нешта сваімі рукамі і прадаюць, напрыклад, каваныя рэчы ці карціны, падатак – усяго дзве базавыя велічыні ў год. А самазанятыя аказваюць паслугі фізічным асобам – робяць манікюры, абкошваюць участкі, колюць дровы.

– Павялічваецца ці змяншаецца іх колькасць у параўнані з мінулым годам?

– Рамеснікаў на 6 паменела, прычыны розныя, а вось самазанятых на 14 болей. Патлумачу гэта зручным заканадаўствам, якое з 2017 года спрасціла працэдуру рэгістрацыі, варта толькі звярнуцца да нас і стаць на ўлік, а таксама нізкімі падаткамі. Падумайце, за месяц самазанятая асоба плаціць за аказанне паслуг ва Ушацкім раёне ўсяго 35 рублёў (у гарадах гэтая стаўка вышэй). Навошта рызыкаваць, нешта рабіць падпольна, калі можна і рэкламаваць сябе, і працаваць адкрыта, заплаціўшы (умоўна) суму двух манікюраў. Дарэчы, менавіта гэтыя паслугі, а таксама цырульнікаў, брывістаў, іншыя касметычныя зараз самыя папулярныя.

– А якая тэндэнцыя сярод прыватных прадпрымальнікаў? Раней істотна пераважаў гандаль?

– Зараз рэгіструецца больш людзей, якія аказваюць паслугі (у тым ліку юрыдычным асобам) – транспартныя, рэкламныя, музычныя.

Вы прыводзілі прыклад давыплаты падатку адной з фізічных асоб. З чым звязана няўплата?

– Гэта розніца паміж расходамі і даходамі. Мы абавязкова правяраем апошнія ў тых людзей, якія набылі буйныя пакупкі: кватэру, машыну. І калі расходы перавышаюць іх кошт, а чалавек не можа прадставіць даных, адкуль атрымаў дадатковыя сродкі, значыць ён меў даход, за які не ўплаціў падатак, ён і даналічаецца.

Мяркую, што ваша прафесійнае свята стала добрай нагодай павысіць узровень фінансавай адукаванасці ўшачан і ў вас будзе больш законапаслухмяных плацельшчыкаў. Дзякуй за гутарку.

– Хацелася, каб так і было, а падатковая інспекцыя не ўспрымалася як карны орган, мы правяраем правільнасць уплаты, імкнёмся, каб папаўняўся наш з вамі бюджэт. А карыстаючыся магчымасцю хачу падзякаваць за работу маім калегам, а таксама павіншаваць са святам іх і нашых ветэранаў. Няхай ва ўсіх будзе моцным здароўе, лагоднае надвор’е ў доме, ажыццяўляюцца задумы.

Гутарыла Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *