Однажды выбранный маршрут. Более 35 лет в Ушачском филиале облпотребобщества работает водителем Василий Демешко

Общество

Першыя ўрокі ваджэння Васіль Дзямешка атрымліваў, седзячы на каленях у свайго таты Дзмітрыя Афанасьевіча, які ўсё жыццё адпрацаваў вадзіцелем ва ўшацкай спажывецкай кааперацыі і іншы раз браў хлопчыка з сабой у рэйс. У асноўным вазіў хлеб па раёне – таму духмяны водар яшчэ цёплых боханаў застаўся яркай асацыяцыяй дзяцінства…

Зручных дарог да ўсіх ста з лішкам вясковых крам райспажыўтаварыства ў той час не было – дабіраліся па аб’язных маршрутах, нават праз іншыя раёны, а таму і рэйсы ў вадзіцеляў доўжыліся ад досвітку да прыцемкаў. Аднак шафёрская прафесія Васілю падабалася – і пасля службы ў арміі ён уладкаваўся ў аўтакалону, узначальваў якую іх сусед Мікалай Васільевіч Храмёнак, які, канечне, прыклаў руку, каб “заманіць” у кааперацыю маладога талковага вадзіцеля.

І вось ужо 37-мы год Васіль Дзмітрыевіч за рулём рознай тэхнікі таварыства. Пачынаў на бензавозе ГАЗ-51, потым атрымаў бартавую, зараз жа ездзіць на самазвале МАЗ 5551. За гады працы дзе толькі ні бываў. “У часы Саюза мы мелі абшырныя стасункі: ладзілі рэйсы ў Маскву, Піцер, Прыбалтыку, усё лета каталіся на Украіну ды Малдавію, везлі адтуль у асноўным таматы, перцы – нам такія рэйсы падабаліся, бо маршрут пралягаў праз Адэсу і можна было зазірнуць на мора!” – прыгадвае Васіль Дзмітрыевіч. А яшчэ запомніліся паездкі ў Кіеў, куды ўшачане везлі тавары легкай прамысловасці. Хоць і лічылася савецкая эканоміка планавай, але адчуваліся пэўныя перакосы: вось і танныя спартыўныя касцюмы, рабочае адзенне, што ў Беларусі залежвалася на паліцах, у южных суседзаў было ў дэфіцыце – так што гандаль ішоў бойка.

Вядома ж, здаралася ў паездках рознае, даводзілася вяртацца дамоў і на буксіры – але заўсёды выручала шафёрскае братэрства.

Зараз у вадзіцеляў філіяла далёкіх рэйсаў няшмат: з нядаўніх маршрутаў героя аповеду – паездка ў Полацк за цэментам, у Мінск за шыферам, у Магілёў за прэформамі для бутэлек пад ушацкія напоі. Калі ж трэба, Васіль Дзмітрыевіч перасядзе і на іншую тэхніку, а пазалетась, напрыклад, далучыўся да ўборачнай: працаваў на адвозцы зерня ад камбайнаў у “Ільюшынскім”.

Такія сумленныя і верныя работнікі заўсёды цэняцца, а В.Дзямешка, у сваю чаргу, з цеплынёй адгукаецца пра арганізацыю, з якой так многа звязана ў жыцці. Тут, дарэчы, доўгі час працаваў і яго брат, усё жыццё шчыруе сястра, а яшчэ дзякуючы таварыству Васіль пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Анжалікай Мікалаеўнай, якая калісьці прыйшла сюды на практыку, а зараз працуе таваразнаўцам і таксама з’яўляецца старажылам кааперацыі. Разам яны выхавалі трох цудоўных дзяцей – іх старэйшую дачку Ірыну Коршун добра ведаюць усе жыхары раёна: на канцэртах яна радуе гледачоў віртуознай ігрой на цымбалах і спявае ў Народным калектыве “Натхненне”, скончыў сёлета школу мастацтваў і малодшы сын Акім, а сярэдні Міхаіл ужо пачаў самастойную працоўную дзейнась. Дарога жыцця працягваецца, і няхай яна будзе доўгай і плённай для ўсіх членаў гэтай дастойнай сям’і.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *