О досрочном голосовании и …

Общество

Лічаныя дні засталіся да пачатку выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – 14 снежня пачнецца датэрміновае галасаванне. У раёне  яно пройдзе па 18 участках, якія будуць працаваць з 10 да 14 і з 16 да 19 гадзін.

Напярэдадні гэтага моманту наша размова са старшынёй Ушацкай раённай камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь У.І.ПЕТРАЖЫЦКІМ.

– Уладзімір Іванавіч, некаторыя прэтэндэнты на пасаду Прэзідэнта краіны супраць датэрміновага галасавання, бо лічаць, што гэта дае магчымасць сфальсіфікаваць выбары.

– Перш адзначу, датэрміновае галасаванне – агульная практыка ва ўсім свеце. Яно прымяняецца ў многіх еўрапейскіх краінах, напрыклад, Германіі і Швецыі, а таксама ў ЗША. У гэтай краіне наогул на прамежкавых выбарах у кангрэс яно пачалося за 45 дзён да саміх выбараў. На Прэзідэнцкіх выбарах восем гадоў таму там датэрмінова прагаласавалі 15 працэнтаў выбаршчыкаў, чатыры гады таму – 20.

Што датычыцца сутнасці пытання, то фальсіфікацыя немагчыма па многіх прычынах. Так, у першы дзень скрыні для галасавання правяраюцца, а затым апячатваюцца старшынёй участковай камісіі ў прысутнасці не менш дзвюх трэціх саставу камісіі. Акрамя таго, штодзённа ў 14 гадзін і па заканчэнні часу правядзення датэрміновага галасавання старшыня ўчастковай камісіі або яго намеснік заклейваюць проразь для апускання бюлетэняў у скрыню для галасавання лістом паперы і разам з членам участковай камісіі ставяць на гэтым лісце свае подпісы. На наступны дзень скрыні ўскрываюцца і працэдура паўтараецца. Пры ўсім гэтым маюць права прысутнічаць назіральнікі і прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі.

Дарэчы, наш раён двойчы наведалі доўгатэрміновыя назіральнікі з Францыі і Літвы.

Да дня датэрміновага галасавання у памяшканні ўчастковай камісіі павінна быць абсталявана месца для галасавання, якое б выключала магчымасць кантролю за волевыяўленнем выбаршчыка.

Кожны выбаршчык галасуе асабіста, пры запаўненні бюлетэня ў кабіне для тайнага галасаванне забаронена прысутнасць каго б там ні было. Аднак выбаршчык, калі ён не мае магчымасці самастойна запоўніць бюлетэнь, можа запрасіць у кабіну іншую асобу па свайму выбару, акрамя членаў участковай і іншых камісій, кандыдатаў у Прэзідэнты, іх давераных асоб, назіральнікаў і прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі.

– Так, працэдура сапраўды празрыстая, выключае ўсе незаконныя маніпуляцыі з бюлетэнямі.

Якія дакументы патрэбна мець пры сабе для атрымання бюлетэня для тайнага галасавання?

– Гэта пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, ваенны білет для ваеннаслужачых тэрміновай службы, студэнцкі білет, пенсіённае пасведчанне, службовае пасведчанне дзяржаўнага служачага, гэтыя дакументы абавязкова павінны быць з фотаздымкам, даведка органаў унутраных спраў для тых, хто згубіў пашпарт.

– Калі грамадзянін жыве ва Ушачах, а пастаянна прапісаны ў Кублічах, то дзе ён мае права прагаласаваць?

– Па месцы пражывання, але для гэтага яму трэба звярнуцца ва ўчастковую камісію па месцы часовага знаходжання, дзе яго прозвішча ўнясуць у спісы для галасавання. Таму, прашу тых грамадзян, якія не атрымалі запрашэнне прыняць удзел у выбарах, своечасова паведаміць аб змяненні месца пражывання.

– Які парадак запаўнення бюлетэня?

– Пры галасаванні выбаршчык ставіць у квадраце насупраць прозвішча кандыдата за якога галасуе любы знак, а калі супраць усіх кандыдатаў, то ў квадраце насупраць гэтага радка.

Дадам, раённая і ўчастковыя камісіі па выбарах робяць усё для таго, каб выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прайшлі празрыста і ў адпаведнасці з выбарчым заканадаўствам.

Гутарыў Р.КАРПАЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *