Сорванные крыши, поваленные деревья и отсутствие электричества. На Ушаччине ликвидировали последствия урагана

Общество

Напрыканцы мінулага тыдня сапраўдны ўраган пранёсся па многіх раёнах краіны. Не абышла стыхія і Ушаччыну: у чацвер і пятніцу дажджы і моцны шквалісты вецер абясточылі населеныя пункты, знеслі дахі прыватных дамоў і гаспадарчых пабудоў, павалілі дрэвы ў лесе і ўздоўж дарог. Асабліва пацярпелі Сарочынскі, Вяркудскі і Глыбачанскі сельсаветы.

З абмеркавання ліквідацыі наступстваў урагану ў рэгіёне пачаў у суботу “прамую лінію” старшыня аблвыканкама М.М.Шарснёў. “У першую чаргу трэба дапамагчы людзям – аднавіць дахі жылых дамоў. Калі трэба, дапамагчы матэрыяламі, рабочай сілай”, – адзначыў кіраўнік вобласці.

“У аўральным рэжыме ўсе выхадныя дні давялося працаваць многім службам Ушаччыны. У раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях быў тэрмінова арганізаваны спецыяльны штаб, куды паступала ўся інфармацыя і арганізоўвалася работа па ліквідацыі, – расказвае намеснік начальніка Ушацкага РАНС М.А.Арлоў. – Так, у 38-мі населеных пунктах вецер знёс дахі дамоў, найбольшая частка пашкоджанняў прыйшлася на Слабаду і Дубраўку. На аднаўленні свайго жылфонду працавалі работнікі ЖКГ, дапамогу насельніцтву аказвалі МНС, ПМК-66, раён газазабеспячэння, сваю лепту ў аператыўнай пастаўцы самага патрэбнага тавару – шыферу і цвікоў – унёс Ушацкі філіял аблспажыўтаварыства, арганізацыйную дапамогу аказвалі старшыні сельвыканкамаў”.

Пацярпелі ад урагану і сельгаспрадпрыемствы: без даху аказаўся адміністрацыйны будынак ААТ “Ільюшынскі”, амаль паўтары тысячы квадратных метраў шыферу сарвала і на вытворчым участку “Хадакова” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”, аднак работнікі прадпрыемства справіліся з аднаўленнем без дапамогі раённых службаў. А вось на пашы КУСГП “Вялікадолецкае” ад удару маланкі загінула 9 кароў.

Ураган прывёў да адключэння электраэнергіі ў 10 населеных пунктах, у асноўным прычынай гэтаму сталі паваленыя на лініі электраперадач дрэвы. Ушацкія энергетыкі аператыўна разбіралі завалы (дапамогу ім аказвалі і лясгасаўцы) і аднаўлялі падачу электраэнергіі. Усяго ў прыгаданых сельсаветах ураган вырваў з карнявішчам ці зламаў 86 дрэў. Напрыклад, у аграгарадку Арэхаўна дрэва ўпала якраз на праезную частку, паралізаваўшы тым самым аўтамабільны рух. Максімальна хутка пастараліся ўбраць з дарогі перашкоду супрацоўнікі РАНС, а тым часам работнікі ДРБУ-105 разбіралі завалы на іншых дарожных артэрыях, а ЖКГ на могілках. А ў вёсцы Крыжы не вытрымаў напору стыхіі векавы дуб, які ўпаў на прыпаркаваны побач аўтамабіль “Пежо-307”.

Зрэшты, прыгаданыя восем дзясяткаў паваленых дрэў – гэта толькі тое, што перашкаджала жыццядзейнасці ці нанесла ўрон у вёсках. Прайшоўся шквал і па лясным фондзе: пашкоджана 8 гектараў суцэльных насаджэнняў.

На шчасце, ва ўсіх выпадках абышлося без чалавечых ахвяр, а вось назваць канкрэтную лічбу матэрыяльнага ўрону пакуль складана, відавочна, што яна немалая.

Як нам паведамілі ў аддзеле па аказанні страхавых паслуг па Ушацкім раёне, ад ушачан паступіла ўжо больш 50 зваротаў, звязаных з пашкоджаннямі нерухомасці і маёмасці пасля ўрагану. Работнікі аддзела гэтымі днямі таксама працавалі ў напружаным рэжыме, прымалі заявы, выязджалі на месца – прыкладалі ўсе намаганні, каб кліенты хутка атрымалі страхавыя выплаты.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *