На мінулым тыдні выязны прыём грамадзян у Глыбачанах правяла старшыня раённага Савета дэпутатаў А.В.Пашковіч. Трэба сказаць, што многія скарысталіся магчымасцю задаць хвалюючае пытанне.
Я.В.Аксяновіча, як старэйшыну вёскі і неабыякавага жыхара, хвалюе будаўніцтва аграгарадка, таму ён цікавіўся ходам работ і тэрмінамі завяршэння. Ён таксама папрасіў перадаць губернатару вобласці Аляксандру Мікалаевічу Косінцу ўдзячнасць за тое, што ў населеным пункце не зачынілі бальніцу сястрынскага догляду, якая так патрэбна многім людзям, асабліва пажылога ўзросту.
Па пытанні працаўладкавання звярнуліся два чалавекі. У адносінах аднаго заяўніка праблема была вырашана адразу на месцы, бо на прыёме прысутнічаў дырэктар КУСГП “Глыбачаны” С.І.Кірпічонак, які прыняў аднавяскоўца на працу ў гаспадарку пры ўмове, што новы работнік будзе адносіцца да справы з усёй адказнасцю. Другому заяўніку было прапанавана стаць на ўлік у цэнтр занятасці і атрымліваць дапамогу па беспрацоўі, пакуль не з’явіцца падыходзячае месца працы.
В.М.Літвін ад імя ўсіх жыхароў выказала занепакоенасць нізкай тэмпературай у магазіне райспажыўтаварыства. “Нават кашалёк не хочацца даставаць, не тое, што рабіць пакупку!” – канстатавала жанчына. У гэты ж дзень старшыня райвыканкама А.А.Кавалёнак даў даручэнне старшыні праўлення райспажыўтаварыства У.М.Кругліку ў бліжэйшы час выправіць сітуацыю.
Жыхары дома №15 па вуліцы Школьнай звярнуліся па даўнім пытанні, звязаным з рамонтам каналізацыйнай сістэмы, і паскардзіліся на недастатковае ацяпленне ў кватэрах. І адно, і другое пытанне назаўтра былі разгледжаны на месцы з удзелам кіраўніцтва ЖКГ, знойдзены шляхі іх вырашэння.
У гэты ж дзень Алена Васільеўна правяла прыём грамадзян у аграгарадку Кублічы, дзе было толькі два звароты. Першае пытанне, якое датычылася падсыпкі ўчастка каля ведамаснага дома КУСГП “Кублічы”, было вырашана адразу на месцы.
В.ПОЛАЗАВА.
На здымку: падчас прыёму ў Глыбачанах.