За прошедшую неделю в Беларуси утонули 40 человек

Общество

За тыдзень у Беларусі патанулі 40 чалавек! Не перадаць гэтымі радкамі, як пакутуюць сем’і, якія ў адно імгненне страцілі сваіх родных. А спіс трагічных выпадкаў расце з кожным днём.

“Многія ў гэты момант думаюць: я ж добра плаваю, са мной такога не здарыцца, аднак вада забірае жыцці і тых, хто ўпэўнены ў сваіх сілах, – расказвае інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Ушацкага РАНС К.Карзянок. – Між тым, спякота ў спалучэнні з вадой можа справакаваць збой у арганізме нават моцнага чалавека. Днямі падобны няшчасны выпадак адбыўся на возеры Замошша Вялікадолецкага сельсавета, дзе мужчыну стала дрэнна і ён патануў. Не купайцеся і не нырайце ў незнаёмых месцах і тым больш не бярыце з сабой на пляж алкаголь – гэта крок да бяды!”

Прафілактычныя рэйды па вадаёмах зараз праводзіць не толькі МНС, а і праваахоўнікі. Зоны адпачынку, берагі рэк, азёр, пляжы з’яўляюцца грамадскімі месцамі і распіццё спіртнога там катэгарычна забаронена. За гэта прадугледжаны штраф да 8 базавых велічынь. Купанне ў забароненых месцах цягне штраф ад 1 да 3 базавых велічынь. Нагадваюць міліцыянеры і аб тым, што нельга адпускаць непаўналетніх адных на рэкі і азёры.

Знаходзячыся ж на вадаёмах, пільна сачыце за дзецьмі. “У мінулыя выхадныя на пляжы Вечалля ледзь не патанула дзяўчынка. На шчасце, своечасова падаспеў работнік нашага выратавальнага паста, а мама юнай купальшчыцы тым часам загарала на беразе”, – расказаў начальнік раённага таварыства выратавання на водах Э.Верташонак. – Ні на хвіліну не расслабляйцеся, беражыце сябе і блізкіх!”

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *