Школы Ушаччины приняли участие в создании единой карты памятников Великой Отечественной войны

Общество

Адзіную карту помнікаў Вялікай Айчыннай вайны вырашана стварыць у Беларусі. Удзел у гэтай важнай справе ў рамках мерапрыемстваў Вахты Памяці прынялі навучальныя ўстановы нашай краіны.

Арганізатары акцыі (а гэта Мясцовы дабрачынны фонд імя А.Талая разам з Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Рэспубліканскім цэнтрам экалогіі і краязнаўства) ставілі на мэце не толькі сабраць і сістэматызаваць звесткі, каб увекавечыць памяць герояў і ахвяр вайны, а і прыцягнуць дзяцей і моладзь да пошукавай работы, вывучэння ваеннай гісторыі родных мясцін.

Ва ўсіх рэгіёнах маюцца спісы памятных месцаў – мемарыяльных комплексаў, помнікаў, дошак, брацкіх і індывідуальных магіл воінаў і мірных жыхароў. Пошукавыя групы, сфарміраваныя ў школах, каледжах і іншых установах, павінны былі знайсці як мага больш інфармацыі пра гэтыя аб’екты, наладзіць экспедыцыі да іх, праверыць стан і, магчыма, дапоўніць спіс няўлічанымі месцамі.

Да гэтай справы актыўна далучыліся ўсе школы Ушацкага раёна. Вучні і іх настаўнікі шукалі звесткі ў розных крыніцах, ладзілі паходы да помнікаў і абеліскаў свайго наваколля, рабілі іх здымкі і складалі апісанні, а таксама наводзілі парадак на аб’ектах.

“Работа была карпатлівай, але патрэбнай і плённай, – адзначае метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета Наталія Анатольеўна Падгол, якая курыравала рэалізацыю праекта на Ушаччыне. – Так, напрыклад, толькі вялікадолецкімі школьнікамі было абследавана 26 памятных месцаў. Вельмі адказна аднесліся да справы юныя краязнаўцы з Ільюшынскай СШ: яны не толькі пабывалі на ўсіх вядомых аб’ектах, а і выявілі месца на вясковых могілках у Бычкарах, дзе прыгаданы прозвішчы некалькіх закатаваных фашыстамі мірных жыхароў. Пра ўсталяваную самаробную таблічку дзецям расказала прадавец ільюшынскай крамы Ірына Бондарава. Па некаторых звестках, целы забітых пахаваны дзесьці ў лесе, і іх родныя такім чынам пазначылі месца на бліжэйшых могілках, куды можна прыйсці, каб аддаць даніну памяці”.

Збор інфармацыі быў завершаны да 22 чэрвеня. Яна аформлена належным чынам і перададзена арганізатарам акцыі”.

Адзіную карту помнікаў Вялікай Айчыннай вайны з актыўнымі спасылкамі на кожны аб’ект прэзентуюць 3 ліпеня. Яна будзе размешчана ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, а папяровы варыянт каталога папоўніць фонды буйных бібліятэк Беларусі і дзяржаў СНД.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *